Навагодняе свята для дзяцей

- 10:01Навіны рэгіёнаў

Традыцыйная губернатарская ёлка сабрала разам больш за 500 дзяцей з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Святочнае мерапрыемства стала цэнтральнай рэгіянальнай падзеяй акцыі “Нашы дзеці”.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама лепшыя прадстаўнікі падрастаючага пакалення Магілёўшчыны: выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый. З надыходзячымі святамі дзяцей павіншаваў старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. Ён адзначыў, што за мінулы год навучэнцы школ вобласці дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, творчасці і спорце. Пацвярджэнне гэтага — іх бліскучыя перамогі ў розных спаборніцтвах.
— Многія з вучняў, якія прысутнічаюць у зале, сваімі дасягненнямі праслаўлялі родную вобласць на працягу года. Іх поспехі сведчаць пра тое, што ў нашай дзяржаве ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для развіцця талентаў дзяцей. Я з гордасцю гавару аб вялікім творчым патэнцыяле і здольнасцях навучэнцаў Магілёўшчыны. Няхай у новым годзе вашы поспехі і дасягненні толькі прымнажаюцца, а ўсе пастаўленыя задачы абавязкова вырашаюцца, — пажадаў Уладзімір Віктаравіч дзецям, пасля чаго пачалося ўручэнне салодкіх падарункаў.Прысмакі ад абласной выканаўчай улады атрымаў кожны з удзельнікаў мерапрыемства. А пасля навучэнцы паглядзелі навагодні паказ-мюзікл “Канёк-гарбунок”, які акунуў усіх у атмасферу сапраўднай казкі. Яшчэ адным сюрпрызам для дзяцей стаў дэкарыраваны пад навагоднюю ёлку торт, прэзентаваны булачна-кандытарскай кампаніяй.
Аналагічныя навагоднія ёлкі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў апошнія дні адыходзячага года пройдуць ва ўсіх райцэнтрах вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.