Навагодняе свята па-піянерску

- 15:13Сацыяльны ракурс

Навагоднія святы — час чараўніцтва, усмешак і шчасця, калі кожны можа акунуцца ў атмасферу чагосьці незвычайнага, таямнічага і незабыўнага. Гэтыя святы важныя для кожнага без выключэння. Дарослыя зноў пачынаюць верыць у казку, а шчырае захапленне і радасць дзяцей дадаюць маляўнічасці гэтай падзеі.

У нашай школе таксама адбываліся цуды, і дапамагала ў гэтым піянерская дружына імя Ю.А.Дубелара. Школьным акцёрам — акцябратам і піянерам — стварыць свята каштавала вялікіх намаганняў. Праца закіпела яшчэ ў пачатку снежня, калі артысты пачалі свае рэпетыцыі. Задача перад імі стаяла складаная: неабходна было арганізаваць свята для ўсіх — ад дашкалят да старшакласнікаў. З кожным днём падрыхтоўка набірала абароты, хваляванне не пакідала, а рэпетыцыі патрабавалі ўсё большай адказнасці. Атмасфера была лёгкай і нязмушанай, бо наш калектыў вельмі дружны і добрасумленны.

Стала звычайнай справай заседжвацца ў актавай зале любімай школы. Усе разам мы распрацоўвалі сцэнарыі свят. Артысты са сваімі настаўнікамі нястомна рэпеціравалі і рыхтавалі касцюмы. На ўроках выяўленчага мастацтва хлопчыкі малявалі святочныя плакаты, рабілі ўпрыгажэнні для афармлення актавай залы, цацкі на навагоднюю ёлку. Малодшыя школьнікі рыхтавалі карнавальныя касцюмы, вучылі вершы для Дзеда Мароза. У сярэднім і старэйшым звяне школы таксама кіпела праца. Кожны клас прадумваў святочны нумар для навагодняга вечара. Пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў хлочыкі прыдумлялі сцэнкі, развучвалі танцы.
Хлопчыкі-акцябраты 3 і 4 класаў грацыёзна выканалі танец паўночных аленяў, а зборная каманда піянераў-старшакласнікаў і выпускнікоў школы ўразіла гледачоў сваім артыстызмам.

Свята скончылася, пачалася вучоба, але яшчэ доўга ўсе ўдзельнікі і госці мерапрыемства будуць успамінаць тыя незабыўныя хвіліны, якія падарыў ім Новы год, бо немагчыма забыць здзіўленне ў дзіцячых вачах, крыкі захаплення і радасці, атмасферу навагодняга цуду, які мы можам стварыць самі.

Ірына ЕМЯЛЬЯНАВА,
педагог-арганізатар Сялецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.