Навагодняя казка Белдзяржцырка

- 10:57Культура

Штогод Беларускі дзяржаўны цырк віншуе з навагоднімі святамі сваіх маленькіх і дарослых гледачоў незвычайнымі, унікальна-казачнымі паказамі. Гэтым разам стварылі праграму “В некотором царстве, в некотором государстве…”, дзе жылі-былі Цар, Царэўна, прыдворныя, двое з куфэрка, блазны і многія іншыя, якія разам спрабуюць вярнуць смех, што пад Новы год скрала Баба Яга ў царскай дачкі. Танцы, жарты, фокусы, забаўныя дрэсіраваныя жывёлы — нішто не дапамагае развесяліць дзяўчыну.

Вітаўтас Грыгалюнас.

Жыццё без смеху немагчыма

— Наша навагодняя гісторыя не проста пра царэўну Несмяяну, а пра тое, што без смеху жыць немагчыма, таму трэба цаніць усмешку, гумар, добрыя жарты і вясёлы настрой, — падкрэслівае мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас. — Боль­шасць славянскіх казак пачынаецца менавіта так: “В некотором царстве, в некотором государстве…” Нашу гісторыю расказвае Казачнік (яго ролю выконвае наш адзіны і непаўторны артыст-канферансье Дзмітрый Аляксандраў) — гэта такі персанаж, які прыдумвае казку разам з дзецьмі, развівае яе, уступае ў зносіны з гледачамі. Паказ атрымаўся лёгкім і ня­змушаным — якраз такім, якой і павінна быць казка, асабліва ў дні навагодніх свят. І каб дзецям было лягчэй зразумець яе, мы ўвялі вядомых усім персанажаў, а таксама аб’ядналі ў адной праграме ўсё тое, што найбольш любяць дзеці ў цырку: акрабатаў, фокусніка, клоўнаў (ажно шэсць), якія паказваюць 12 рэпрыз, а таксама вялікую колькасць жывёл — сабачак, вярблюдаў, малпачак і трапічных папугаяў. На працягу ўсёй дзеі нашы героі спрабуюць рассмяшыць Царэўну, а зрабіць гэта ім удаецца толькі напрыканцы. Ну, а знайшлі смех — адразу з’явілася і святочная ёлачка, і Дзед Мароз са Снягуркай.

У навагодняй праграме задзейнічаны двое артыстаў і балет Белдзяржцырка. Так, галоўную ролю царэўны Несмяяны выконвае прыгажуня Варвара Аўчарова. Яе весяляць-весяляць, а яна ніяк не засмяецца.

— На самай справе вельмі складана стрымліваць смех, таму я раблю выгляд, што плачу, — прызнаецца артыстка і адзначае, што навагоднія паказы адрозніваюцца ад звычайных: — Яны заўсёды больш цікавыя, з сюжэтам і гісторыяй.

А ролю злоснай Бабы Ягі даручылі выканаць самаму маладому артысту цырка — 18-гадоваму клоўну Даніілу Мінкевічу.

— Баба Яга хоць і адмоўны персанаж, затое мне яна па душы. Ужыцца ў такую ролю атрымліваецца адразу, як толькі накладзеш грым, які займае хвілін 15—25, — расказвае Данііл. — Гавораць, што мая Баба Яга з запалам і гумарам, але яна ўсё роўна злая.

Астатнія персанажы — запрошаныя госці з Украіны і Расіі. Артыст Адэскага дзяржаўнага цырка Уладзімір Вашчанка ператварыўся на час навагодніх свят у Цара.

— Як Цар і як просты чалавек я веру ў цуды. І, спа­дзяюся, дапамагаю паверыць у цуд і чараўніцтва юным гледачам. Наша казка “В некотором царстве, в некотором государстве…” забаўная, з мноствам жартаў і бясконцым смехам і нечаканасцямі, — гаво­рыць Уладзімір і дадае, што Бел­дзяржцырк — цудоўны, вельмі камфорт­ны і ўтульны, а беларускі глядач неверагодна цёпла сустракае ўсіх артыстаў. З ім цалкам згодна і калега з Расіі — Кацярына Мірашнічэнка, якая прыехала ў Мінск упершыню.

Варвара Аўчарова.

— Ваш цырк выдатны, усё зручна, навокал чысціня і парадак, кіраўніцтва на любую нашу просьбу хутка адгукаецца. А публіка — поўныя залы, такія зараз бываюць, мабыць, толькі ў Нікулінскім цырку і Вялікім маскоўскім дзяржцырку на праспекце Вярнадскага, — разважае артыстка. “В некотором царстве, в некотором государстве…” яна і яе напарнік Міхаіл Ігнатаў — вясёлая сямейка, якая вырашыла правесці вольны час на прыродзе.

— Нашы трукі адпавядаюць менавіта такому адпачынку. Гэта зна­чыць, у нас ёсць вуда, але мы ловім не рыбу, а трапічных папу­гаяў, пасля варым юшку і гуляем у бадмінтон — так мы паказваем не проста трукі, а сюжэтны нумар, — дадае Кацярына Мірашнічэнка. — У нас задзейнічана восем птушак: шэсць ара і два какаду. Дарэчы, мы дрэсіруем іх на любоў, а не на прыкорм. Калі мы іх прыручалі, то гулялі з нейкімі цацкамі, таму і цяпер рэпеціруем у форме гульні. А за добра выкананы трук мы іх цалуем у дзюбу — для іх гэта найвялікшая пахвала.

А вось харызматычны, ростам пад два метры клоўн Дзмітрый Колабаў, патомны цыркавы артыст, прыехаў да нас з Варонежа. Хоць сам ён нарадзіўся ў Гомелі, а ўпершыню на мінскую цыркавую арэну выйшаў у 1979 годзе.

— Мне тады было тры гады. І мая задача была ў час навагодняга паказу выйсці на манеж з залы, нібыта я звычайны глядач, — тлумачыць артыст. — У маім дзяцінстве бацькі часта бывалі ў мінскім цырку. А сам я, ужо будучы дарослым, выступаў на адкрыцці сезона 2006 года. І вось толькі зараз мы зноў вярнуліся да вас. Прынамсі, Бел­дзяржцырк у нашым цыркавым асяроддзі называюць адным з цудаў свету. Я не ведаю, дзе яшчэ ёсць настолькі добры цырк — з выдатнай пастановачнай базай, з творчымі і тэхнічнымі кадрамі — асвятляльнікамі і рэжысёрамі-перфекцыяністамі, цудоўным аркестрам. Дырэктар Ула­дзімір Анатолье­віч Шабан трымае калектыў у дысцыпліне, таму артыстам працуецца вельмі добра, а калі і ўзнікаюць невялікія праблемы і рабочыя моманты, то ўсё вырашаецца вельмі хутка.

Дзмітрый Колабаў і Кацярына Сычова разам паказ­ваюць тры рэпрызы: “Стэп”, “Карова” і “Вада”.

— У першым нумары я ў вобразе міністра нашага каралеўства спрабую вярнуць смех Царэўне, а мая жонка ў ролі прыдворнай статс-дамы перашкаджае мне зрабіць гэта. У выніку ўзні­каюць камічныя сітуацыі, — расказвае Дзмітрый Колабаў. — Другі наш выхад — рэпрыза з дрэсіраванай каровай, роля якой дасталася мне. А трэцяя сустрэча з гледачамі адбываецца ў другім аддзяленні. Мы дэманструем невялікі фокус з вадой: вядро паступова напаўняецца вадкасцю, затым я яго закідваю сабе на галаву пры дапамозе падкідной дошкі, і ў гэты момант уся зала чакае, што я буду абліты вадой з галавы да ног, аднак вада з’яўляецца ў зусім нечаканым месцы.

Дзмітрый Колабаў і Кацярына Сычова.

Па словах артыста, Мінск — гэта цыркавы горад, дзе любяць цыркавое мастацтва, таму і залы поўныя, а артысты адчуваюць неверагоднае задавальненне, выходзячы на манеж.

— У нас амаль 80 навагодніх выступленняў! І калі хтосьці пачынае гаварыць, што цырк становіцца не вельмі папулярным, то хочацца запытацца, а хто з эстрадных артыстаў зможа адпрацаваць столькі разоў з поўным аншлагам? — дадае Дзмітрый Колабаў. — Цырк, дзякуй богу, любяць у беларускай сталіцы. У цырк ходзяць і дарослыя, і дзеці. І, канечне, вельмі прыемна працаваць для такога гледача і ганарова стаяць на цудоўным манежы з выдатнай цыркавой гісторыяй.

Неверагоднае мастацтва

Навагодняя казка “В некотором царстве, в некотором государстве…” працягнецца па 18 студзеня ўключна. А з 1 лютага пачнецца новая праграма. Як узнікае ідэя цыркавога паказу і як ён ствараецца, расказвае Вітаўтас Грыгалюнас.

— Падрыхтоўка новай праграмы займае каля месяца. А рэпетыцыі з самімі артыстамі — 3-4 дні. Таму павінен быць напісаны зразумелы сцэнарый, які застанецца толькі сабраць. Дарэчы, калі мы самі прыдумваем канцэпцыю, то я адчуваю сябе не як мастацкі кіраўнік, а як авіяканструктар, які задае агульныя параметры, напрыклад, хут­касць, вышыню палёту, а спецыялісты, кожны з якіх адказвае за сваё, пачы­наюць фантазіра­ваць і выдумляць, што гэта бу­дзе больш канкрэтна. У нас вельмі падобная работа: спачатку ствараецца тое, чаго няма, але што б хацелася мець, пасля чаго падцягваюцца ўсе астатнія — так і ўзнікае сцэнарная ідэя, а пасля падбіраюцца нумары і артысты.

— Кожны год у Белдзяржцырку ствараецца ўнікальная казачна-навагодняя праграма. Што асабіста вас натхняе на напісанне сцэнарыя?

— Спачатку натхнялі свае дзеці, цяпер ужо ўнукі і, канечне, нашы маленькія гледачы. Калі пестуеш унукаў, то пачынаеш разумець, што ім падабаецца і што радуе. І зараз узнікла ідэя, якую, магчыма, мы рэалізуем у канцы гэтага года. Аднойчы ўнук не хацеў спаць, а паколькі я позна вяртаюся з работы, жонка сказала: “Сха­дзі да яго, пачытай казку”. І я прыдумаў гісторыю наадварот, якая яму вельмі спадабалася. Напрыклад, у казцы пра Чыр­воную Шапачку галоўным героем становіцца ваўчаня. Яно адправілася да бабулі, аднак на шляху сустрэла вялізную злую дзяўчыну Чыр­воную Шапачку і г.д. Нешта такога кшталту мы і паспрабуем стварыць. Хоць гэта і рызыкоўна. Гады два назад мы прыдумалі неіснуючага галоўнага адмоўнага персанажа Непагадзь, але нашаму гледачу ён спадабаўся. У навагодніх праграмах вельмі важна, каб публіка прыняла новага персанажа.

Данііл Мінкевіч.

— У канцы студзеня зноў бу­дзе паказана водная праграма. Гэтым разам — “Водная феерыя. Фэнтэзі парк”, дзе будуць прадстаўлены не толькі цыркавыя нумары і разнастайныя жанры, а і водная інсталяцыя і шоу фантанаў. 200 тон вады, сотні водных струменяў пад самым купалам і феерычныя вадаспады. А якіх яшчэ сюрпрызаў чакаць?

— Мы двойчы паказвалі водную праграму, якая ўразіла ўсіх гледачоў. Але фантаны ўвесь час удасканальваюцца і, думаю, нас зноў здзівяць. Хоць якім будзе змест нумароў — пакуль сакрэт. Аднак мы спадзяёмся паказаць у тым ліку і новыя беларускія нумары. Напрыклад, новы “Паветраны палёт” пад кіраўніцтвам Яўгена Канановіча. Амплітуда палёту — увесь цырк, гэта штосьці неверагоднае.

— Вітаўтас Альгердавіч, на ваш погляд, чаму ўсё ж такі варта прыходзіць у цырк?

— Цырк адрозніваецца ад іншых відаў мастацтва станоўчымі эмоцыямі. У цырку ніхто і ніколі не плача, не гучаць сумныя мелодыі, якія прымушаюць задумацца. Цырк — гэта захапленне і сям’я. У тэатрах заўсёды ёсць раздзяленне на пастаноўкі для дарослых і для дзяцей, а ў цырку такога няма. Чалавек як мінімум тройчы за сваё жыццё ідзе ў цырк: калі сам малы, калі ў яго дзеці малыя і калі ў яго з’яўляюцца ўнукі. І гэта робіць цырк непаўторным мастацтвам.

— Мы з вамі сустракаемся ў святочныя дні, чаго б вы пажадалі нашым чытачам-педагогам у новым годзе?

— Я таксама шмат гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, таму прафесія педагога мне блізкая. Магу з упэўненасцю сказаць, што педагогіка — найскладанейшы род дзейнасці чалавека. Калі памыляюцца ўрачы, гэта адразу бачна. А калі памыляецца настаўнік — гэтага спачатку ніхто не заўважае, але такая памылка можа праявіцца праз шмат гадоў. Таму хачу пажадаць ніколі не памыляцца, каб потым з гордасцю ўспамінаць сваіх вучняў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.