Наваполацк без бар’ераў

- 14:26Спецыяльная адукацыя

Наваполацкая гарадская арганізацыя БелАДДІіМІ ў партнёрстве з гарадскім ЦКРНіР, упраўленнем адукацыі, спорту і турызму Наваполацка і гарадскім паркам культуры і адпачынку рэалізавалі праект “Наваполацк без бар’ераў” па ўсталяванні гульнявых пляцовак для дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

“Праект быў прадстаўлены на конкурс у Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі. Заяўка выклікала цікавасць і была прафінансавана на суму 10 тысяч еўра ў рамках праграмы “Польская дапамога”, — расказала старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі БелАДДІіМІ Наталля Сяргееўна Камаева. — На гэтыя сродкі ўсталяваны 2 пляцоўкі, распрацаваныя з улікам магчымасцей дзяцей з інваліднасцю: у канцы мінулага года на тэрыторыі раённага ЦКРНіР і 1 мая 2018 года ў гарадскім парку культуры і адпачынку да адкрыцця летняга сезона. Распрацоўкай, вырабам і ўсталяваннем гульнявых комплексаў займалася наваполацкая кампанія “100 гульняў”.

“ЦКРНіР Наваполацка мае патрэбу ў спецыяльных гульнявых комплексах для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі (множнымі парушэннямі) для больш поўнай іх рэабілітацыі, у якую ўваходзяць гульні на свежым паветры, развіццё маторыкі, — адзначыла дырэктар цэнтра Настасся Валер’еўна Еўсюкова. — Дзякуючы праекту, у нашым двары ўсталявалі шматфункцыянальную горку “Максі”, гульнявы комплекс “Паравоз” з шырокімі горкамі-скатамі, прызначаны ў першую чаргу для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, а таксама 3 гушкалкі на спружыне ў выглядзе коніка, мотаролера і машынкі.

Варта адзначыць, што, дзякуючы арганізацыям горада, якія аказваюць спонсарскую дапамогу, на тэрыторыі ўстановы ўжо было ўстаноўлена спецыялізаванае абсталяванне, напрыклад, пясочніца для дзяцей на інвалідных калясках. Безбар’ернай пляцоўкай будуць карыстацца ў першую чаргу навучэнцы нашага цэнтра — гэта 38 дзяцей ад 3 да18 гадоў з цяжкімі множнымі парушэннямі, а таксама 47 малышоў да 3 гадоў, якія наведваюць заняткі ў цэнтры ў рамках аказання ранняй комплекснай дапамогі”.

Адметнасцю інклюзіўнай дзіцячай пляцоўкі, усталяванай у гарадскім парку культуры і адпачынку, з’яўляюцца арэлі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Канструкцыяй прадугледжана месца для дзіцяці з абмежаваннямі, напрыклад, для таго, хто перамяшчаецца на інваліднай калясцы, і месца для звычайнага дзіцяці. Такім чынам, яны змогуць гушкацца разам.

Рэалізацыя праекта па стварэнні інклюзіўных гульнявых пляцовак — гэта выдатны прыклад таго, як ініцыятыва мясцовай грамадскай арганізацыі, якая супрацоўнічае з дзяржаўнымі арганізацыямі і органамі ўлады, можа істотна паўплываць на развіццё мясцовай супольнасці, пашыраючы паслугі не толькі для сваёй мэтавай групы, але і для ўсяго горада. Гэта вельмі важна для развіцця сацыяльнай інклюзіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.