Наваселле на вуліцы Кветкавай

Толькі год мінуў, як у горадзе беларускіх атамшчыкаў Астраўцы з’явіўся новы дзіцячы садок. І вось яшчэ адно наваселле — на вуліцы Кветкавай урачыста перарэзалі чырвоную стужачку з нагоды адкрыцця дзіцячага ясляў-сада № 4.

Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Алеся Кашко, новая ўстанова разлічана на 190 дзяцей. Тут будуць створаны самыя лепшыя ўмовы для іх выхавання і развіцця: ёсць басейн, спартыўныя і трэнажорныя залы, зала для правядзення мерапрыемстваў з музычным абсталяваннем, камп’ютарны клас, працэдурны кабінет, добра абсталяваны гульнявыя пляцоўкі на вуліцы. Будаўніцтва каштавала 5 млн рублёў, выдадзеных з рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы.

На свята да дзяцей, іх бацькоў і выхавальнікаў прыехалі госці — намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, начальнік будаўнічага ўпраўлення “Гроднапрамбуд-Атам” Уладзімір Аўчарэнка. І прыехалі з падарункамі — сертыфікат на 2 тысячы рублёў ад аблвыканкама на набыццё камп’ютарнай тэхнікі перадаў Віктар Лісковіч, 1 тысячу рублёў на спартыўнае і гульнявое абсталяванне — райвыканкам. Разам з сімвалічным ключом ад новага дзіцячага садка загадчыца ўстановы Вольга Міхно атрымала ад Уладзіміра Аўчарэнкі сертыфікат на вельмі карысную рэч — газонакасілку.

Пасля ўрачыстасці госці, выхаванцы і іх бацькі прайшлі па новым дзіцячым садзе, і дзеці хутка пачалі асвойваць свой новы дом, у якім так многа новых цацак і ўсяго цікавага.

Яшчэ тры дзіцячыя садкі будуць адкрыты ў найбліжэйшы час у Гродзенскай вобласці — у Гродне, Шчучыне і Навагрудку. А ў Астраўцы зноў чакаюць наваселлі — тут будуецца школа на 765 месцаў і хутка пачнецца будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы на 230 месцаў.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.