Нават адна ахвяра — гэта ўжо шмат

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Трохбаковая кантактная група па Украіне пацвердзіла поўную прыхільнасць да выканання мінскіх пагадненняў. Пра гэта паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) па Украіне Марцін Сайдзік.

“Усе члены ТКГ яшчэ раз падкрэслілі сваю поўную прыхільнасць да мінскіх пагадненняў”, — сказаў Марцін Сайдзік.

Спецпрадстаўнік АБСЕ нагадаў, што гэтае лета стала самым спакойным з пачатку канфлікту. Дзякуючы перамір’ю, узгодненаму бакамі ў сувязі з пачаткам уборкі ўраджаю, а таксама пачаткам навучальнага года, удалося значна знізіць узровень парушэнняў рэжыму спынення агню.

Таксама на працягу ўсяго лета назіралася скарачэнне ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Паводле папярэдніх даных ААН, у жніўні іх колькасць дасягнула аднаго з самых нізкіх узроўняў за час канфлікту — двое забітых і шэсць параненых. Разам з тым Марцін Сайдзік адзначыў, што нават адна ахвяра — гэта ўжо шмат.

У сувязі з гэтым рабочая група па бяспецы абмеркавала магчымасць дадатковых мер па забеспячэнні рэжыму спынення агню, уключаючы пытанні развядзення сіл і сродкаў. Адказваючы на пытанні журналістаў, спецпрадстаўнік АБСЕ адказаў, што на гэты раз якія-небудзь дадатковыя меры кантролю за перамір’ем не былі ўзгоднены. Рабочай групе па бяспецы дадзена даручэнне выпрацаваць удакладненні да наступнага разу.