Наватары Міншчыны: робім стаўку на экапраекты

- 11:04Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Атрымаць магчымасць вучыцца ў школе будучага, усёй сям’ёй адпачыць у вяровачным парку або правесці выхадныя на зялёных маршрутах — гэтыя і іншыя прапановы выказалі самыя ініцыятыўныя маладыя людзі падчас падвядзення вынікаў Мінскага абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. З 70 праектаў, якія разглядаліся на працягу бягучага года, былі выбраны 9 лепшых.

І вучыцца, трэніравацца, і прыродай любавацца

Пакуль усе гэтыя прапановы існуюць толькі на паперы, але іх аўтары і арганізатары конкурсу спадзяюцца, што хутка яны будуць рэалізаваны. Так, Андрэй Малькевіч, дзесяцікласнік з уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы, марыць калі не сам павучыцца, то хаця б праз некалькі гадоў прывесці свайго малодшага брата ў тую эрганамічную школу, макет якой ён прадставіў на конкурс. Тут і адмысловая кацельня, і сонечныя батарэі, і калектар, які будзе збіраць дажджавую ваду, — юнак прадумаў і пралічыў усё да дробязей. Марамі пабудаваць такую школу жыве і ўвесь калектыў установы, якая з’яўляецца рэсурсным цэнтрам Мінскай вобласці па пытаннях энергазберажэння. Тут ужо сем гадоў вядзецца сістэмная мэтанакіраваная работа з педагогамі, навучэнцамі і бацькамі па фарміраванні культуры энерга- і рэсурсазберажэння. Але, па іх меркаванні, рабіць гэта было б больш эфектыўна, маючы такую эрганамічную платформу.
Барысаўскі раён прэзентаваў адразу два праекты, аўтарам якіх выступіла Ірына Пракурат, маркетолаг Барысаўскага мясакамбіната, актывістка пярвічкі БРСМ. Яна заклапочана недахопам месцаў для актыўнага сямейнага адпачынку ў невялікіх гарадах і раённых цэнтрах, што, канечне, абумоўлена іх высокім коштам. Ірына прапанавала альтэрнатыву дарагім гарналыжным комплексам, маштабным спартыўным аб’ектам і паркам з атракцыёнамі — вяровачны парк “Кенгуру-парк”. Сама па сабе ідэя не новая. Напрыклад, у Еўропе такі парк за апошнія гады заваяваў безліч прыхільнікаў. Толькі ў Швейцарыі дзейнічае 46 вяровачных паркаў.
“Кенгуру-парк” — гэта комплекс вяровачных перапраў для дзяцей і дарослых, размешчаных на вышыні ад 1 да 20 метраў. Лепш, калі ён будзе размяшчацца ў лясным масіве, што дасць магчымасць наведвальнікам любавацца прыродай і дыхаць свежым паветрам. Па праекце ён павінен мець не менш як тры маршруты (два для дарослых, адзін для дзяцей), разлічаныя на розны ўзровень падрыхтоўкі — ад простых да па-сапраўднаму экстрэмальных перапраў. У сярэднім на іх праходжанне спатрэбіцца каля гадзіны. Найвышэй ацэняць такі парк людзі, якія шукаюць новыя эмоцыі і экстрэмальныя адчуванні.
Усё прадумана і па тэхніцы бяспекі: будуць працаваць вопытныя інструктары, выкарыстоўвацца адпаведны рыштунак, альпінісцкая страхоўка з тросамі і карабінамі, злучаная з лініяй бяспекі парку і якую госць не зможа выпадкова адшпіліць.
Безумоўна, такі лабірынт прыгод упрыгожыў бы любы горад, а магчыма, мог бы стаць і яго візітоўкай. А яшчэ, па меркаванні Ірыны, надаць гораду непаўторнасць могуць… сметніцы. Канечне, для гэтага яны павінны стаць сапраўднымі творамі мастацтва. Цэлую калекцыю такіх незвычайных сметніц прадставіла на суд журы суаўтар праекта Віялета Краўцова, якая выконвае абавязкі першага сакратара Барысаўскай раённай грамадскай арганізацыі БРСМ. Сёлета споўнілася 130 гадоў з часу з’яўлення першай сметніцы. — Як усё вытанчанае, яна з’явілася ў Парыжы па загадзе прэфекта Эжэна Рэнэ Пубеля. Першыя сметніцы ўяўлялі сабой бляшаныя бітоны з-пад алею ці віна або драўляныя, абабітыя бляхай, скрыні. За столькі гадоў яны амаль не змяніліся і звычайна ўяўляюць усё тыя ж бляшаныя скрыні, якія часта не выконваюць і свайго прамога прызначэння. Як паказала даследаванне аўтараў, у палове выпадкаў смецце з’яўляецца на вуліцах толькі таму, што сметніцы непрыкметныя і здалёк іх не відаць. Выправіць сітуацыю дапамогуць і дызайнерская дапрацоўка ўжо ўстаноўленых урн, напрыклад, упрыгожванне іх вінілавымі наклейкамі, што патрабуе мінімум выдаткаў, яркім графіці, а таксама размяшчэнне на вуліцах і плошчах тэматычных урн ці аўтарскіх арт-аб’ектаў.
Каб вакол было прыгожа, заклапочаны і навучэнцы Песачанскай сярэдняй школы імя С.А.Умрэйкі (Капыльскі раён). Іх праект “Укараненне мадэлі ландшафтнага добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі ва ўмовах аграгарадка “Мая маляўнічая Радзіма” — гэта спроба стварыць ідэальную мадэль маленькага свету кветак. Для гэтага навучэнцы 5—11 класаў ператварыліся ў каманду ландшафтных дызайнераў, заняткі ў якіх праходзяць толькі адну гадзіну на тыдзень на ўроках працоўнага навучання. За год яны не толькі тэарэтычна асвоілі гэтую справу, але і рэалізавалі свае творчыя ідэі: міні-праекты “Шчаслівае дзяцінства” на прышкольнай тэрыторыі і “Традыцыі ўчора і сёння” пры Цэнтры культуры. З верасня ландшафтным мальбертам для іх творчых задум будуць тэрыторыі дзіцячага садка і ўчастковай амбулаторыі. Тут плануецца рэалізаваць міні-праекты “Свет казак” і “Фітатэрапія”. У 2015/2016 навучальным годзе запланаваны праект “Гэты дзівосны свет”, які павінен кардынальна змяніць тэрыторыю каля будынкаў адміністрацыі саўгаса, паштовага аддзялення сувязі і магазіна, а таксама зону адпачынку ў лясным масіве каля ракі Нёман. Акрамя таго, гэты праект стаў штуршком для некалькіх старшакласнікаў атрымаць прафесійную падрыхтоўку ў сферы ландшафтнага праектавання і азелянення.

Вандроўка па валожынскіх гасцінцах

Праекты навучэнцаў гімназіі № 1 Валожына, якіх у абласны фінал трапіла адразу два, распрацаваны для турыстаў. Госці з Валожыншчыны ўпэўнены, што іх край мае ўсе шансы стаць адным з турыстычных цэнтраў Рэспублікі Беларусь, бо яго неверагоднае прыроднае багацце і сканцэнтраванасць на яго прасторах славутасцей архітэктуры здольна зацікавіць нават самых патрабавальных турыстаў. Так, адзінаццацікласніцы Дар’я Бразоўская і Наталья Грыко распрацавалі інфармацыйна-даведачную геаінфармацыйную сістэму Валожына.
“У наш час ні адзін з буйных гарадоў Беларусі не абыходзіцца без цэнтралізаванай сістэмы захавання, абнаўлення і прадастаўлення карыстальнікам інфармацыйна-даведачных даных, — гаворыць Наталля. — Для Валожына і ўсяго Валожынскага раёна першым крокам на гэтым шляху можа стаць стварэнне адзінага турыстычнага інфармацыйнага рэсурсу, які мог бы прадставіць карыстальнікам поўную інфармацыю пра месцы адпачынку, турыстычныя маршруты. Дарэчы, у іх лік увайшлі гісторыка-культурны маршрут “Валожын гістарычны” і гісторыка-патрыятычны — “Іх памятае свет выратаваны”, якія склалі навучэнцы нашай гімназіі”.
Яшчэ адзін праект па распрацоўцы турыстычных маршрутаў прадставіла настаўніца геаграфіі і метадыст гэтай жа гімназіі Святлана Вітольдаўна Федарака: “Мы з навучэнцамі правялі сацапытанне і высветлілі, колькі часу ў сучасных сем’ях адводзіцца на зносіны бацькоў з дзецьмі. Не проста што атрымаў у школе, пакажы дзённік, зрабі ўрокі, паеш і дабранач, а менавіта зносіны: размовы пра кнігі, жыццё, планы на будучыню. І вынікі былі катастрафічныя: у многіх сем’ях размовы такога кшталту імкнуцца да нуля. Гэта стала штуршком для распрацоўкі нашых сямейных маршрутаў выхаднога дня”.
На сённяшні дзень іх распрацавана тры: пешыя двухдзённыя “Партызанскія сцежкі Налібоцкай пушчы” і “Лужанскія казкі” і байдарачны “Таямніцы Бярэзінскіх лукавін”. Ёсць задума ўключыць і конныя экскурсіі, але пакуль з гэтым яшчэ ёсць пэўныя цяжкасці. Першы маршрут, які складае 56 кіламетраў (больш як палова — пешшу), пазнаёміць турыстаў з партызанскім рухам на тэрыторыі Валожыншчыны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і парадуе дзівоснай прыроднай разнастайнасцю ландшафтных заказнікаў “Налібоцкі” і “Скразная даліна ракі Заходняя Бярэзіна”, гідралагічнага заказніка “Чырвоны Бор” і іншых вартых увагі месцаў. Маршрут “Лужанскія казкі” складае 49 кіламетраў. Свежае паветра, пешыя прагулкі з прыпынкамі ў дзівосных месцах, прыемныя воку пейзажы, чароўныя легенды, помнікі архітэктуры, мноства цэркваў і касцёлаў, магчымасць паназіраць за прыродай, зрабіць унікальную відэа- і фотаздымку нікога не пакінуць раўнадушным. Усё гэта найлепш спрыяе зносінам бацькоў і дзяцей. Акрамя таго, турыстам не трэба турбавацца пра палаткі, спальнікі, спортінвентар, абсталяванне для прыгатавання ежы — усё гэта будзе чакаць іх на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Байдарачны маршрут “Таямніцы Бярэзінскіх лукавін” праходзіць па Заходняй Бярэзіне і мае працягласць 35 кіламетраў. Тыя, хто яго выбера, наведае ландшафтны заказнік “Скразная даліна ракі Заходняя Бярэзіна”, геамарфалагічны помнік прыроды Сіняя гара, некалькі цэркваў і касцёлаў ХІХ стагоддзя і шэраг іншых славутасцей раёна.
Распрацаваўшы зялёныя маршруты, навучэнцы зразумелі, што яны самі па тэхніцы бяспекі не могуць праводзіць турыстычныя паходы. Але знайшлі выйсце: пракансультаваўшыся ў спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама, яны вырашылі ўключыць свае маршруты ў іх дзейнасць. Праўда, для маштабнага выкарыстання зялёныя маршруты павінны мець фінансавае абгрунтаванне. Тады старшакласнікі распрацавалі каштарысы для кожнага маршруту, куды ўключылі затраты на харчаванне і праезд турыстаў, арэнду і падвоз абсталявання, паслугі прафесійных інструктараў, адлічэнні ў фонд сацабароны насельніцтва і Белдзяржстрах, а таксама заклалі 20-працэнтны ўзровень рэнтабельнасці. У гэтай рабоце ім дапамог факультатыўны курс “Асновы эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці”, які ў гімназіі выкладае С.В.Федарака. Акрамя таго, навучэнцы выдалі турыстычныя карты і буклеты, зрабілі турыстычныя анатацыі. Цяпер жадаючых правесці выхадныя на прыродзе ўсёй сям’ёй хоць адбаўляй, тым больш, што кошт за гэтыя паслугі невысокі — ад 199 да 307 тысяч рублёў у залежнасці ад маршруту.

Умець зарабляць і эканоміць

Безумоўна, эканамічная дасведчанасць — адна з галоўных рыс адукаванага чалавека. І таму, як трэба зарабляць грошы, прысвяціў свой праект юрысконсульт Дзяніс Гумянюк з Чэрвеньскага раёна. Ён прапанаваў стварыць на базе свайго раёна “Біржу дзелавых ініцыятыў”, якая дазволіць развіваць маладзёжнае прадпрымальніцтва. Акцэнт аўтар робіць на тым, каб прадаставіць усю інфармацыю пра вольныя вакансіі на месцах, што ў сваю чаргу пойдзе на карысць і раёну, і работніку, які не будзе адпраўляцца на заработкі ў буйныя гарады.
Студэнт Беларускага інстытута правазнаўства Віталь Карлюкевіч прадставіў сваё бачанне вырашэння яшчэ адной актуальнай праблемы для моладзі — будаўніцтва жылля. Галоўная ідэя яго “Маладзёжнага метра” ў тым, што ў будаўніцтве сваіх кватэр будуць прымаць удзел самі жыльцы, што значна знізіць кошт.

Інавацыі па-зубраняцку

Трэба адзначыць, што месцам сустрэчы НДЦ “Зубраня” быў выбраны невыпадкова: на гэтай змене тут сабраліся самыя актыўныя ўдзельнікі руху. А вядома, што поруч з аднадумцамі і вернымі паплечнікамі куды прасцей ажыццявіць тыя ідэі, якія яшчэ ўчора здаваліся малаверагоднымі.
Як адзначыла дырэктар цэнтра Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, гэта далёка не першая сустрэча з лідарамі БРСМ, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі лідарскіх змен. Калі дзеці аб’яднаны адной справай, адной ідэяй, размаўляюць на адной мове, то і стымулююць адно аднаго. Акрамя таго, з імі працуюць зацікаўленыя ў наватарскай справе педагогі. Гэты творчы мікс часта дапаўняюць сустрэчы, заняткі з вядомымі ў навуцы людзьмі — супрацоўнікамі і выкладчыкамі Парка высокіх тэхналогій, БДУ, БНТУ, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дарэчы, “Зубраня” на ўсіх зменах прапаноўвае дзецям прыняць удзел у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Усе зубраняцкія інавацыйныя праекты трапляюць у “Скарбонку ідэй”, якая тут нядаўна была ўсталявана.
“Першапачаткова мы разглядаем дзіцячыя ідэі на нашым форуме “Вектар на будучыню” па профілі змены, — расказвае Надзея Генадзьеўна. — Магчыма, лета — не самы плённы перыяд у гэтых адносінах, але падчас вучобы ў гэтым кірунку кіпіць работа. Тут нарадзілася мноства сацыяльных праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у прыватнасці, “Лідар-клуб для моладзі”, і якія мы распрацоўвалі калектыўна на працягу некалькіх змен, напрыклад, “Бібліятэка для моладзі”, якая будзе працаваць на базе былога Дома дзіцячай творчасці. Шэраг праектаў меў практычную карысць. Нядаўна дзеці даследавалі арганізацыю энергазберажэння ў “Зубраняці”. Яны высветлілі, што два абсалютна аднолькавыя корпусы — “Лясны” і “Лазурны” — спажываюць розную колькасць электраэнергіі. Прааналізаваўшы паказчыкі лічыльнікаў, якія вядуць аўтаматычны запіс, вымераўшы ўзровень асветленасці, дзеці прыйшлі да высновы: прычынай стала тое, што ў карпусах выкарыстоўваюцца лямпачкі рознага тыпу, і яны па-рознаму размешчаны, а гэта адпаведна ўплывае на энергаэфектыўнасць. На гэта мы раней не звярталі ўвагі. Зараз стараемся выканаць усе рэкамендацыі, якія распрацавалі дзеці. Падчас адпачынку група юных хімікаў займалася даследаваннем прадуктаў харчавання, зрабіла іх дэталёвы аналіз і вынікі прадставіла ў форме вядомай тэлепраграмы “Кантрольная закупка”. Для нас гэта было таксама карысна”.
Пра рэалізацыю яшчэ адной зубраняцкай ідэі расказала Алена Раманюк, адзінаццацікласніца Коханаўскай сярэдняй школы імя І.П.Кожара. У мінулым годзе яна адпачывала ў “Зубраняці” на валанцёрскай змене Адвагі і міласэрнасці і стала адным з ініцыятараў дзевяцідзённага палатачнага лагера на тэрыторыі “Зубраняці”.
“Яго сутнасць у тым, што ён збірае тых падлеткаў, якія займаюцца валанцёрствам, — тлумачыць Алена. — Так, на працягу лета на дзевяць дзён сюды з’язджаюцца лідары асацыяцый беларускіх гайдаў і скаўтаў, члены грамадскіх арганізацый “БРСМ”, “Ліга дабравольнай працы моладзі”, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншых. Узроставыя межы — ад 12 да 17 гадоў. Прыязджаюць яны абавязкова са сваімі кіраўнікамі, адпачываюць, атрымліваюць асалоду ад жыцця ў палатках і, канечне, праводзяць заняткі па сваіх кірунках, майстар-класы, трэнінгі. Трэба адзначыць, што папулярнасць гэтаму лагеру дапамог заваяваць і кошт пуцёвак, які не дасягае і 300 тысяч рублёў”.
Дарэчы, ужо наступным летам фіналісты Мінскага абласнога этапу змогуць адпачыць у гэтым палатачным “Зубраняці” — запрашэнні яны ўжо атрымалі. А цяпер іх задача — годна прадставіць свае праекты на рэспубліканскім этапе, бо экспертны савет вырашыў дапусціць да яго ўсе дзевяць праектаў.

 

Святлана НІКІФАРАВА.