Навацыі ў Працоўным кодэксе пашыраць сацыяльна–працоўныя гарантыі работнікаў

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Змяненні ў Працоўны кодэкс дапамогуць стварыць умовы для эфектыўнай і гібкай занятасці грамадзян і пашырэння гарантый работнікаў. Так пракаменціравалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны новаўвядзенні, прадугледжаныя Законам “Аб змяненні законаў”, які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Так, законам прадугледжана рэгуляванне парадку часовага пераводу са згоды работніка на іншую работу, у тым ліку да іншага наймальніка. Павялічаны памер выхадной дапамогі да аднаго сярэднямесячнага заработку пры звальненні работніка па прычыне ўстанаўлення няпоўнага рабочага часу меншага за палову нармальнай працягласці. Устаноўлены месячны тэрмін папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы. Прадастаўляецца магчымасць працаваць па сумяшчальніцтве поўны рабочы дзень або змену ў перыяд працоўнага адпачынку”, — расказалі ў Мінпрацы аб некаторых маючых адбыцца змяненнях.

Навацыяй стала ўключэнне ў Працоўны кодэкс новай главы, якая рэгулюе адносіны работніка і наймальніка пры выкананні работы ў мабільным рэжыме (дыстанцыйную работу). Такая форма занятасці набірае папулярнасць з развіццём інфармацыйных тэхналогій. Аддаленая работа ў гэтым выпадку падыходзіць і наймальніку, якому не трэба абсталёўваць рабочае месца, і супрацоўніку, які можа выконваць работу ў любым, зручным для яго месцы.

Замацоўваюцца такія дадатковыя сацыяльна-працоўныя гарантыі, як прадастаўленне татам па іх жаданні водпуску (да 14 каляндарных дзён) пры нараджэнні ў сям’і дзіцяці; зняцце забароны на накіраванне ў службовую каман­дзіроўку жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.

Прадугледжваецца ўключэнне ў ПК палажэнняў дзеючых дэкрэтаў, якімі вызначаюцца патрабаванні да работы кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый, рэгулюецца кантрактная форма найму.

Па пагадненні бакоў, 5-гадовы кантракт з работнікам, які не дапускае парушэнняў дысцыпліны, будзе прадаўжацца да завяршэння максімальнага тэрміну яго дзеяння. А новы кантракт з такім работнікам будзе заключацца на тэрмін не меншы за 3 гады. На меншыя тэрміны кантракты будуць прадаўжацца і заключацца новыя толькі з пісьмовай згоды работніка.

Акрамя таго, замацаваны нормы, якія прадугледжваюць, што матэрыяльная адказнасць будзе надыходзіць аднолькава і для тых, хто працуе па кантракце, і для тых, хто па працоўным дагаворы, толькі за наўмыснае нанясенне маёмаснай шкоды.

Закон уступіць у сілу праз 6 месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.