Навекі ў памяці людской

- 10:41Выхаваўчая прастора

Вынікі рэспубліканскага конкурсу “Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской”, які завяршыў рэспубліканскую героіка-патрыятычную акцыю “Вялікай Перамозе — 75!”, былі падведзены ў фармаце анлайн-канферэнцыі. 34 работы (пераможцы папярэдніх этапаў конкурсу), прадстаўленыя юнымі краязнаўцамі з усіх рэгіёнаў, ацэньвалі арганізатары конкурсу — супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогі і краязнаўства.

Ганна Самарай і Уладзімір Монік з гімназіі №3 Брэста, уладальнікі дыплома ІІ ступені.

Незабытыя імёны

У 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі ў сістэме адукацыі праводзіцца шмат конкурсаў патрыятычнай накіраванасці, у якіх удзельнічаюць тысячы навучэнцаў і педагогаў. Адкрываюцца новыя старонкі ваеннай гісторыі, даследуецца лёс франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, папаўняецца своеасаблівы летапіс гераізму беларускага народа. Не стаў выключэннем і конкурс “Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской”. Яго ­ўдзельнікі вывучалі архіўныя дакументы, навуковую літаратуру, праводзілі пошукавыя экспедыцыі, паходы і экскурсіі, сустракаліся з прадстаўнікамі ваеннага пакалення, іх роднымі, запісвалі ўспаміны, устанаўлівалі невядомыя або забытыя пахаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны, папаўнялі экспазіцыі школьных музеяў.

Як адзначыла намеснік ды­рэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур, на рэспубліканскі этап конкурсу былі прадстаўлены 143 праекты, з якіх журы адабрала 34 лепшыя. Іх і абаранялі юныя даследчыкі падчас канферэнцыі. Праекты ствараліся ў намінацыях “Педагогі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, пра жыццёвы і баявы шлях педагогаў, і “Іх імёнамі названы…” — пра асоб, чые імёны прысвоены вуліцам, установам адукацыі, вайсковым часцям, сацыяльным і культурным аб’ектам. Ні адно імя, даследаванае канкурсантамі, не будзе забыта, кожнае застанецца ў памяці наступных пакаленняў. Не выключэнне — імёны педагогаў, вашых калег, паважаныя чытачы, тых, хто не толькі даваў вучням веды, але і на ўласным прыкла­дзе фарміраваў у іх пачуццё любові да Радзімы, не толькі словам, але і справай паказваў, што значыць быць патрыётам.

Журы конкурсу падчас анлайн-канферэнцыі.

Вучыў чалавечнасці

Узяць для прыкладу педагога Івана Андрэевіча Котава, які пасля вайны працаваў дырэктарам Радунскай школы-інтэрната, што на Воранаўшчыне. Іван Андрэевіч быў асобай неардынарнай, яркай. Ён да кожнага чалавека (ці гэта вучань, ці настаўнік) адносіўся з павагай, цеплынёй. Пра яго шчырае і добрае сэрца сведчыць такі факт: страціўшы сваё дзіця ў гады вайны, Іван Андрэевіч ра­зам з жонкай, таксама ветэранам вайны, заслужанай настаўніцай БССР, ужо ў мірны час удачарылі дзяўчынку. На працягу ўсяго жыцця Іван Андрэевіч вучыў людзей чалавечнасці, берагчы прыроду, гістарычную памяць народа, любіць беларускую мову, Бацькаўшчыну, мець ідэю і верыць у яе. За шчырае і гарачае сэрца, за адданасць Радзіме і помняць Івана Андрэевіча Котава жыхары Радуні.

У 1938 годзе ён скончыў Полацкі педагагічны тэхнікум, працаваў настаўнікам гісторыі ў Нацкай сямігадовай школе, з 1939 года — дырэктар гэтай школы. За мужнасць, праяўленую ў гады вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, чатырма медалямі “За адвагу”, двума медалямі “Партызан Айчыннай вайны” 1-й і 2-й ступені. Працоўныя заслугі адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”. Самы плённы перыяд у яго педагагічнай дзейнасці прыходзіцца на час працы ў Радуні, калі ў 1963 годзе ён узначаліў Радунскую школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкіх сем’яў. Шмат душэўных сіл, вольнага часу і здароўя аддаў дзецям Іван Андрэевіч. У гады яго кіраўніцтва школай-інтэрнатам быў пасаджаны фруктовы сад, створаны краязнаўчы музей, які на той час быў адзіным у Воранаўскім раёне.

“Выбраць персаналію для конкурснай даследчай работы мне дапамог загадчык народнага гісторыка-краязнаўчага музея Радунскай сярэдняй школы Іван Іванавіч Фясенка. Ён адзначыў, наколькі важна шанаваць і захоўваць у памяці нашчадкаў імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Іван Іванавіч са шкадаваннем гаварыў, што ў 2018 го­дзе была закрыта Радунская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця імя І.А.Котава. Тым самым жыхары Радуні часткова страцілі памяць пра гэтага чалавека. Таму і неабходна напісаць даследчую работу пра жыццё і дзейнасць Івана Андрэевіча, а потым ужо звярнуцца з хадатайніцтвам да дэпутатаў Радунскага сельскага Савета ад імя патрыятычнага клуба “Родынь”, які працуе на базе школьнага народнага гісторыка-краязнаўчага музея, аб увекавечанні памяці Івана Котава і адну з вуліц у Радуні наз­ваць яго імем”, — паведаміла аўтар праекта вучаніца 11 класа Карына Коўза.

Каб сабраць звесткі пра Івана Андрэевіча Котава, юная даследчыца ў першую чаргу прааналізавала кнігу “Па­мяць: гісторыка-дакументальная хро­ніка Воранаўскага раёна”, а дакладней біяграфічны нарыс пра І.А.Котава ў рубрыцы “Яны прайшлі дарогамі вайны”. На жаль, звестак там мала, таму давялося шукаць дадатковую інфармацыю. Дзе яе знайсці, якраз і падказаў Іван Іванавіч Фясенка. Неабходна было вывучыць дакументы, дзённікі, успаміны былых вучняў і калег Івана Андрэевіча, фотаздымкі і іншыя матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах народнага гісторыка-краязнаўчага школьнага музея і ў музейным пакоі імя І.А.Котава, прааналізаваць яго жыццёвы шлях і педагагічную дзейнасць. Звярталася Карына і на сайт pobeda1945.su, дзе таксама ёсць інфармацыя пра Івана Котава, але з неадкладнасцямі. На­прыклад, указваецца, што ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, але на самой справе — ордэнам Чырвонай Зоркі.

Сёння матэрыял даследавання выкарыстоўваецца пры вывучэнні пэўных тэм факультатыўнага курса “Воранавазнаўства”, правядзенні экскурсій у народным гісторыка-краязнаўчым музеі Радунскай сярэдняй школы, а таксама ў музейным пакоі імя І.А.Котава. Дарэчы, Карына Коўза з’яўляецца экскурсаводам у школьным музеі і вынікамі даследавання дзеліцца з яго наведвальнікамі. Гістарычны ма­тэрыял, які разглядаецца ў рабоце, робіць яе карыснай для краязнаўцаў, работнікаў музеяў, бібліятэк, настаўнікаў, студэнтаў, школьнікаў, усіх тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй.

“Немагчыма без хвалявання чытаць дзённік Івана Андрэевіча, партызана Вялікай Айчыннай вайны, мужнага чалавека, шчырага патрыёта. Пажоўклыя лісткі ваеннага часу зберагаюць запісы пра мужную барацьбу савецкіх лю­дзей на акупіраванай ворагам беларускай зямлі. Запісы з дзённіка знаёмяць нас толькі з некаторымі эпізодамі жыцця і партызанскай барацьбы І.А.Котава супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, даюць нам магчымасць усвядоміць, што не ўсім абаронцам Радзімы давялося дажыць да доўгачаканага дня Перамогі, убачыць, якім бу­дзе мірнае жыццё, пра якое яны столькі марылі! Іх подзвіг вечны, як вечная памяць пра іх і сама зямля, якую яны абаранілі цаной свайго жыцця. У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічалі тысячы жыхароў Воранаўшчыны. Яны змагаліся ў складзе Чырвонай Арміі, у партызанскіх фарміраваннях і падполлі. Кожны з іх зрабіў свой уклад у абарону Ра­дзімы ад фашысцкай навалы. Усім ім вялікая і шчырая ўдзячнасць ад нашчадкаў за подзвіг у імя будучыні. Жыццё як рака. Яно не стаіць на месцы. Пакаленне мяняе пакаленне. І толькі чалавечая памяць застаецца вечнай”, — падзялілася дзяўчына.

Жыццё як легенда

Кожны раён, тысячы населеных пунктаў нашай краіны могуць ганарыцца педагогамі-землякамі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі словам, але і справай паказвалі вучням прыклад любові да Радзімы. Для сучасных жыхароў Чэрыкаўшчыны такім прыкладам можа быць Васіль Гапееў. “Гапееў Васіль Яфімавіч. Жыццё як легенда” — навучэнцы Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій Ягор Каліннікаў і Ягор Фантанскі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела па асноўнай дзейнасці Васіля Сцяфанавіча Максіменкі невыпадкова для свайго даследчага праекта выбралі такую назву. Жыццё В.Я.Гапеева, сапраўды, падобна на легенду.

І.І.Фясенка і Карына Коўза.

“Неабходнасць правядзення даследавання выклікана тым, што ратныя подзвігі чэрыкаўскіх педагогаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, працоўныя дасягненні ў пасляваенны час практычна невядомы сучаснаму насельніцтву. У сувязі з гэтым мы пачалі шэраг даследаванняў, звязаных з гісторыяй ураджэнцаў раёна, якія пакінулі прыкметны след, але незаслужана забыты. У матэрыялах па гісторыі партызанскага руху, у кнігах “Памяць” Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў, на тэрыторыі якіх дзейнічалі фарміраванні, узначаленыя В.Я.Гапеевым, ёсць толькі кароткая інфармацыя пра нашага героя. Сціслыя звесткі ўтрымліваюцца і ў кнігах “Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Партызанскія фарміраванні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, — дзеляцца аўтары работы, якія, дарэчы, з’яўляюцца членамі пошукавай групы “Зорка” Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”.

Каб сабраць інфармацыю пра педагога-партызана, давялося вывучаць копіі дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, фондаў Чэрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і музея “Памятаць СССР”, які ствараецца ў Чэрыкаўскім цэнтры дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій. Выкарыстоўваліся і электронныя рэсурсы. Асабліва каштоўнымі сталі ўспаміны Васіля Яфімавіча, іншых сведкаў ваеннага часу. Гэтыя ўспаміны захоўваюцца ў экспазіцыі музея “Памятаць СССР”. Навучэнцы сабралі шматлікія фотаздымкі В.Я.Гапеева, у тым ліку фатаграфію 1976 года з выявай былых партызан. Створаная чэрыкаўскімі краязнаўцамі работа — гэта не проста аповед пра жыццё земляка, яго баявых таварышаў, пра яго настаўніцкую працу. Гэта своеасаблівая панарама жыцця Чэрыкаўшчыны ў даваенны, ваенны і пасляваенны перыяд, своеасаблівы раман-даследаванне са шматлікімі героямі, з апісаннем самага драматычнага перыяду гісторыі нашай краіны.

Галоўны герой даследавання нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Рагаліна Чэрыкаўскага раёна. Перад вайной працаваў дырэктарам Гойкаўскай школы.

У 1939 годзе нават быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. З ліпеня 1941 года — актыўны ўдзельнік падпольнага руху, камісар 42-га партызанскага атрада. З жніўня 1943 года з’яўляўся членам Прапойскага падпольнага райкама партыі. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі. Памёр у 1988 годзе. Усе гэтыя кароткія звесткі можна знайсці ў кнізе “Памяць”. Усе астатнія, куды больш багатыя звесткі пра жыццё Васіля Яфімавіча, якія змясціліся аж на 20 аркушах даследчай работы, сабраны юнымі чэрыкаўскімі края­знаўцамі. На­прыклад, каб сабраць інфармацыю пра перадваеннае жыццё настаўніка, вучні сустракаліся з пляменніцай героя Надзеяй Мікалаеўнай Нямцовай (у дзявоцтве Гапеевай), якая жыве ў Чэрыкаве.

“Жанчына нарадзілася 1 ліпеня 1927 года, але і да гэтага часу памятае многія дэталі перадваенных і ваенных гадоў. Са слоў нашай суразмоўніцы, вялікая сям’я Гапеевых была для таго часу заможнай і пісьменнай. Усе дзяды і дзядзькі атрымалі добрую адукацыю. З роду Гапеевых настаўніцкую прафесію атрымалі старэйшы брат Трыфан, сярэдні Васіль і малодшы Сямён. Характэрна, што педагогамі сталі і стрыечныя браты і сёстры Васіля з роду Алесавых па лініі маці. Такая вось была да вайны педагагічная дынастыя з найстарэйшай вёскі Чэрыкаўскага раёна Рагаліна. Таму нядзіўна, што Васіль спачатку скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1935 го­дзе — гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Пачынаў працоўную дзейнасць адразу на паса­дзе дырэктара няпоўнай сярэдняй школы ў сваёй роднай вёсцы,” — паведамілі вучні.

І.А.Котаў.

Па ўспамінах Надзеі Мікалаеўны, Васіль Яфімавіч быў ды­рэктарам сямігодкі, якая тады называлася няпоўнай сярэдняй школай. “Ён у першым класе мяне вучыў, а затым недзе ў 1939 го­дзе разам са сваёй жонкай, таксама настаўніцай, пераехаў у вёску Гойкаў, дзе быў дырэктарам сямігодкі, — узгадвае пляменніца. — Ён быў высокага росту, каля двух метраў. У нашай вёсцы яго вельмі паважалі, раіліся з ім, да таго ж ён быў дэпутатам раённага Савета, ардэнаносцам. І ён вельмі шмат каму дапамог”.

Захаваліся ўспаміны В.Я.Гапе­ева пра першыя дні вайны, калі яго выклікалі ў Чэрыкаўскі райкам партыі. Гутарка з сакратаром райкама была нешматслоўнай. Той сказаў, што ў выпадку акупацыі раёна В.Я.Гапееву трэба застацца на акупіраванай тэрыторыі. Трэба было ў тыднёвы тэрмін праду­маць месца явак, устанавіць пароль з імі, атры­маць вінтоўку, боепрыпасы, процівагаз. В.Я.Гапееў тут жа быў залічаны ў склад мясцовага атрада самаабароны. Яму было даручана стварыць групы самаабароны на тэрыторыі Глінскага сельсавета. Гэтыя звесткі цікавыя тым, што прыкладна такім быў у першыя месяцы вайны лёс многіх настаўнікаў-актывістаў.

На акупіраванай тэрыторыі райкам партыі пакінуў падпольныя групы, у ліку якіх была і група, што дзейнічала на тэрыторыі Глінскага сельсавета. Як успамінаў Васіль Гапееў, у канцы ліпеня 1941 года праціўнік паспрабаваў у раёне пасёлка Міхалін на пароме пераправіцца на левы бераг Сожа, каб устанавіць назіральны пункт бліжэй да нашых пазіцый. Група зладзіла засаду, у выніку чаго двое немцаў былі забіты, захоплены матацыкл, боепрыпасы, якія былі перададзены савецкім войскам. Гэтая ж група ў пачатку жніўня захапіла перадавы пост немцаў. Восенню 1941 года падпольныя групы былі разгромлены.

Далейшае развіццё партызанскага руху адбывалася ў складаных умовах. Праз Чэрыкаўскі і Слаўгарадскі (у той час Прапойскі) раёны пралягала шаша Рагачоў — Прапойск — Чэрыкаў — Крычаў. Тут акупанты стварылі буйныя гарнізоны для аховы дарогі. Гэтыя раёны выкарыстоўваліся гітлераўскім камандаваннем для навучання і адпачынку рэгулярных вайсковых часцей. Да лета 1942 года тут дзейнічалі толькі невялікія партызанскія групы (адной з іх камандаваў В.Я.Гапееў). 24 чэрвеня 1942 года адбыўся сход дзвюх груп — Мікалая Макаравіча Нікіціна і Максіма Максімавіча Громава (псеўданім В.Я.Гапеева). На гэтым сходзе было прынята рашэнне пра стварэнне партызанскага атрада. Васіль Гапееў стаў камісарам атрада. Імкнучыся засцерагчы сябе ад партызанскіх удараў, немцы зганялі насельніцтва двух раёнаў, каб па абодва бакі шашы ад Чэрыкава да Прапойска высякаць лес шырынёй у 50 м. Мясцовых жыхароў прымушалі баранаваць дарогу, каб выявіць партызанскія міны. Партызаны, каб не дапусціць ахвяр сярод нявінных людзей, змянілі тактыку. Мініраванне дарог часова прыпынілі, затое сталі шырэй выкарыстоўваць баі з засад.

Пасля вызвалення Васіль Яфімавіч працаваў сакратаром райкама партыі, загадчыкам раённага аддзела адукацыі, дырэктарам школы ў Слаўгарадзе, выкладаў гісторыю, актыўна займаўся ваенна-патрыятычным выхаваннем навучэнцаў. З некаторымі яго былымі вучнямі сустрэліся аўтары праекта. Напрыклад, Сяргей Кавалёў добра памятаў аповеды дырэктара пра партызанскія будні, пра тое, як педагог падрабязна расказваў вучням акалічнасці свайго арышту ў Рагаліне. Але дзецям было цяжка паверыць у праўдзівасць гісторыі. Справа ў тым, што В.Я.Гапееў, як ужо адзначалася, быў высокага росту з адпаведнай камплекцыяй. Пэўны час ён лячыўся ад рэўматызму ў адной вясковай хаце. Калі здраднік выдаў яго і немцы прыйшлі арыштоўваць, то Васіль Яфімавіч схаваўся пад печчу. Але яго заўважылі. Каб выцягнуць, гітлераўцам давялося часткова разбурыць печ. Школьнікі дзівіліся, як такі чалавек мог пралезці ў вузкае падпечча. В.Я.Гапееў адказваў: “Жыць захочаш — і не тое зробіш”.

Пра чалавечыя якасці педагога сведчаць успаміны жыхаркі Чэрыкава Раісы Піліпаўны Пацюшко, 1939 г.н., якія запісалі чэрыкаўскія краязнаўцы. У пасляваенны час Васіль Яфімавіч часта прыяз­джаў да сваёй сястры. Гэта было сапраўднае свята для дзяцей з суседніх дамоў. Мужчына раздаваў падарункі, у першую чаргу цукеркі, расказваў розныя гісторыі. Часта наведваў магілы сваіх расстраляных таварышаў-падпольшчыкаў. “Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ён атрымліваў персанальную пенсію рэспубліканскага значэння. Пахаваны ў Слаўгарадзе. Крыўдна, што ні ў музеі, нідзе ні ў Слаўгарадзе, ні ў Чэрыкаве, акрамя вельмі адрывістых успамінаў былых вучняў, нельга знайсці інфармацыю пра гэтую гераічную асобу. Таму наша даследаванне, можна сказаць, вярнула з небыцця імя вядомага педагога, мужнага партызана і падпольшчыка, клапатлівага кіраўніка”, — падзяліўся Васіль Сцяфанавіч.

Змястоўныя работы

Згаданыя праекты сталі пераможцамі конкурсу, іх аўтары будуць узнагароджаны дыпломамі І ступені Міністэрства адукацыі. Акрамя даследчыкаў з Радуні і Чэрыкава, гэта яшчэ і Ганна Цандо з сярэдняй школы № 1 Камянца, Ілона Бельская з Семукацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна, Аліна Марцэвіч і Ангеліна Коршун з Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, навучэнцы сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Максім Кедзік і Ягор Крэўчык, Максім Лепяшоў з сярэдняй школы № 131 Мінска. З падрабязным спісам прызёраў і лаўрэатаў конкурсу можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

“Тое, што мы на адным дыханні праслухалі ўсе вашы работы і нават не стаміліся, гаворыць пра тое, што праекты цікавыя, вельмі змястоўныя. Пры ацэнцы ўлічваліся таксама прэзентацыя, правільнае афармленне, адпаведнасць работы ўсім крытэрыям. Мы, канечне, звяртаем увагу і на тое, наколькі навучэнцы валода­юць інфармацыяй, якую яны прадстаўляюць. Выйгрышна глядзеліся выступленні, калі навучэнцы не толькі ведалі тэкст, але і чыталі яго разважліва, не спяшаючыся. Вялікі дзякуй вам, юныя даследчыкі. І канечне, вялікі дзякуй педагогам, якія з вамі працавалі, таму што без іх дапамогі вы б не змаглі зрабіць такую сур’ёзную работу. Прыемна сустрэць і добра знаёмыя нам імёны навучэнцаў, якія выступаюць на падобных канферэнцыях ужо некалькі гадоў. Мы бачым, як такія вучні вырастаюць, у тым ліку ў краязнаўчым плане. Вялікі дзякуй, што ваша зацікаўле­насць даследчай дзейнасцю не разавая, а планамерная”, — падвяла вынікі канферэнцыі Лідзія Андрэеўна Жур.

Жывая гісторыя

Тысячы наву­чэнцаў і педагогаў прымалі сёлета ўдзел у конкурсах, пры­свечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Для аўтараў конкурсных праектаў падзеі Вялікай Айчыннай вайны не з’яўляюцца нечым далёкім, незразумелым. Дзякуючы падрабязнаму знаёмству з архіўнымі дакументамі, успамінам прадстаўнікоў ваеннага пакалення, краязнаўчым экспедыцыям, экскурсіям, сённяшнія вучні перажываюць ваенны лёс герояў сваіх даследаванняў як уласны. А гэта значыць, што гістарычная памяць беларускага народа жыве. Мы заўсёды бу­дзем помніць пра подзвігі землякоў.

Ігар ГРЭЧКА.