Навесці ідэальны парадак у нашай краіне

У Год малой радзімы ў Беларусі павінен быць наведзены ідэальны парадак. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава на сустрэчы з працоўным калектывам УП “Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза”.

“Словы “малая радзіма” вымаўляюцца з асаблівай цеплынёй у душы. Гэта месца, дзе чалавек нарадзіўся, жыў і рос, прайшоў сваё станаўленне. На 2018 год для ўсіх нас дакладна вызначаны задачы. Мы павінны навесці ідэальны парадак у нашай краіне. Павінны быць фасады прыгожыя, тэрыторыі прыбраны. Пастаўлены шэраг іншых задач, сярод якіх здача аб’ектаў незавершанага будаўніцтва, у тым ліку ў Мінску. На працягу 2018 года мы павінны зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і добраўпарадкаванай, усё залежыць ад нас”, — сказала Наталля Качанава.

Яна падкрэсліла, што самая вялікая каштоўнасць Беларусі — гэта яе жыхары. У час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства Наталля Качанава расказала аб рэалізацыі асноўных напрамкаў палітыкі дзяржавы — садзейнічанні занятасці насельніцтва, заработнай плаце, будаўніцтве жылля, ахове здароўя, дэмаграфічнай бяспецы і інш. “Прэзідэнт паставіў тры сур’ёзныя задачы, якія тычацца эканамічнай сітуацыі ў краіне і над вырашэннем якіх урад і кожны кіраўнік ведамства, прадпрыемства павінны працаваць. Гэта цэны, занятасць і заработная плата. Актуальнасць гэтых задач не зніжана і ў 2018 годзе”, — адзначыла Наталля Качанава.

Гаворачы аб асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі, Наталля Качанава закранула тэму садзейнічання занятасці і адукацыі. “У школе павінен быць зроблены большы акцэнт на ўроках працоўнага навучання. Міністэрства адукацыі займаецца гэтымі пытаннямі. Неабходна таксама прафарыентацыйная работа, каб і ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы паступалі хлопцы і дзяўчаты, якія з задавальненнем будуць працаваць і займацца тым, што ім даспадобы”, — сказала яна.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта таксама адзначыла важнасць прафілізацыі навучальных устаноў. “Правільна, калі навучальная ўстанова мае профіль і працуе з прадпрыемствамі, на якіх моладзь праходзіць практыку”, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна наведала аптова-лагістычны цэнтр прадпрыемства, які выконвае функцыі арганізаванай пастаўкі тавараў крытычнага імпарту ў гандлёвую сетку “Белкаапсаюза”, што складаецца больш як з 8 тысяч магазінаў і 700 аўтакрам. Наталля Качанава таксама азнаёмілася з работай цэха па вытворчасці вырабаў з натуральнага футра.