Вынікі штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці падвялі на Магілёўшчыне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У 2022 г. навучальныя ўстановы вобласці паслядоўна і мэтанакіравана працавалі над павышэннем якасці адукацыі і развіццём адукацыйнай сферы. Было дасягнута нямала станоўчага. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі пажадаў педагагічнай грамадскасці поспехаў і ў далейшым, пасля чаго адкрыў цырымонію ўзнагароджання.
Сярод гарадскіх упраўленняў адукацыі лепшай была прызнана работа ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама.
Пераможныя дыпломы сярод аддзелаў па адукацыі райвыканкамаў атрымалі кіраўнікі сістэм адукацыі Асіповіцкага і Чавускага раёнаў.
У дашкольнай адукацыі як лепшых адзначылі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва і дзіцячы сад аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі гімназія № 3 Бабруйска і Гарбавіцкая сярэдняя школа Чавускага раёна. Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі летась прадэманстравалі Каменская спецыяльная школа-інтернат і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Горак. У прафесійнай адукацыі за першае месца ўзнагародзілі калектывы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П. Старавойтава.
Сярод устаноў дадатковай адукацыі перамога аказалася ў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, а ў групе сацыяльна-педагагічных устаноў — у Круглянскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара