“Навошта мне спакой?”

Стос сшыткаў на стале, партрэт Змітрака Бядулі на сцяне, двое пяцікласнікаў за партай… Заняткі скончыліся, але малыя не спяшаюцца пакідаць аўдыторыю і разам з настаўніцай успамінаюць жарты, якія робяць урокі беларускай мовы яшчэ і вясёлымі.

Гомельская гімназія № 56 імя А.А.Вішнеў­с­кага, дзе на працягу 13 гадоў выкладае Ірына Панякова, настаўнік-метадыст, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, лічыцца шматпрофільнай. Большасць яе вучняў звычайна выбірае спецыяльнасці, не звязаныя з філалогіяй. Тым не менш сярод выпускнікоў ёсць некалькі перакладчыкаў, выкладчыкаў замежнай мовы, а яшчэ больш урачоў і праграмістаў.

Беларускую мову асобныя выпускнікі працягва­юць любіць настолькі, што ва ўстановах вышэйшай адукацыі знаходзяць магчымасць пісаць на ёй навуковыя работы. Фотаздымкі любімых вучняў вісяць на сценах у кабінеце Ірыны Іванаўны. Яны — прыклад для тых, хто сядзіць за партамі сёння. Дарэчы, зараз у яе не толькі старшакласнікі, а і адзін сёмы і два пятыя класы. Усміхаецца: “Маладая кроў прыйшла”. І адразу ж пераходзіць на персаналіі:

— Пяцікласнік Сашка Сувораў у мяне піша цікавыя гісторыі для дзяцей пад назвай “Валерыкі”. І малюнкі да сваіх твораў робіць. Іншыя дзеці паглядзелі на яго і таксама пачалі нешта пісаць.

Ірына Іванаўна гадзінамі можа расказваць гісторыі пра кожнага са сваіх вучняў. Гэта гісторыі зносін, у якіх былі ўзлёты, крыўды, дараванні… Пра свае адкрыцці, якія робяцца разам з вучнямі на ўроках беларускай мовы:

— У сёмым класе мы вывучалі маленькае апавяданне Васіля Быкава “Незагойная рана”. Да адкрытага ўрока мы там такое прыдумалі! З дзецьмі разам падбіралі да літаратурнага твора музыку і пейзажы. Яны нешта знаходзілі, прыносілі, разам абмяркоўвалі, адхілялі, зноў шукалі… А потым такі цікавы ўрок атры­маўся!

Настаўніца кажа, што не так даўно зразумела, што ўсе мы, беларусы, насам­рэч ведаем беларускую мову, нават калі размаўляем на рускай, бо гэта закладзена генетычна:

— Дзецям кажу: мова ўнутры нас ёсць, мы проста ёй не карыстаемся. А вы расслабцеся, і яна з вас пойдзе. Ім спачатку складана і страшна памыліцца. Большая праблема ў тым, што дзеці ўвогуле не чытаюць, а сядзяць у тэлефонах. У нас па адной і той жа тэме з рознымі класамі атрымліваюцца зусім розныя ўрокі. Адзін хлопец напісаў: “Я раней думаў, што фізічная праца проста пакаранне. А вось калі прачытаў Івана Мележа “Людзі на балоце”, то ўбачыў, як Васіль кайфуе ад працы на зямлі. Я ж ніколі не думаў, што ад фізічнай працы можна атрымліваць такое задавальненне”.

Зносіны паміж мужчынай і жанчынай — тое, што вельмі хвалюе старшакласнікаў, — Ірына Іванаўна разбірае на прыкладзе герояў беларускіх твораў. Прычым размова не толькі пра класіку, але і пра творы сучасных пісьменнікаў.

— Мова без літаратуры немагчымая. І літаратура без мовы — таксама. Дарэчы, літаратуру трэба любіць, а вось мову трэба ведаць. Літаратура — гэта ж адлюстраванне жыцця. І праблемы ў нас усё тыя ж, якія былі ў папярэдніх пакаленняў. Раней мне больш падабалася літаратура. А зараз, калі я разабралася з ЦТ, пабудавала алгарытмы, магу проста растлумачыць любы тэст. І навучыць любога, каб усё лёгка рабіць. Мова — гэта нескладана. Калі была маладая, нявопытная — многага баялася, бо не было яшчэ пэўных метадаў і прыёмаў работы. Я для сябе іх паступова адкрывала. Зараз прыемна ад таго, што тое, што ў падручніку часам напісана вельмі складана, магу растлумачыць на пальцах. Калі дзіцяці нешта даеш, ад гэтага атрымліваеш сапраў­дную радасць. У мяне заў­сёды так атрымліваецца: важна паглыблена выву­чыць свой прадмет, свайго вучня — і тады робіш са­праўдныя адкрыцці.

Сярод сваякоў Ірыны Паняковай шмат педагогаў, але ж на свядомы выбар прафесіі паўплывала ў першую чаргу школьная настаўніца беларускай мовы Валянціна Батура. Пасля Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Іванаўна пачынала працоўную дзейнасць у гомельскай сярэдняй школе № 39, выкладаючы ў пачатковых класах з беларускай мовай навучання.

— У мяне бацька шмат чытаў. Куплялі, напрыклад, раман Вальтэра Скота, а да яго ў дадатак звычайна ішлі кніжкі Адамовіча ці Шамякіна. Я іх з задавальненнем чытала, мяне захоплівалі сюжэты, якія я сяброўкам пераказвала. Асабліва тым, хто казаў, што ўвогуле не можа чытаць па-беларуску. Многія мае кіраўнікі навучылі адказнасці. У тым ліку першы дырэктар нашай гімназіі, імя якога яна зараз носіць, — Андрэй Вішнеўскі.

Ірына Панякова кажа, што настаўнікі не любяць адкрытыя ўрокі, але ўпэўнена, што менавіта яны прымушаюць адмыслова рыхтавацца і шукаць штосьці цікавае. Гэта служыць добрым стымулам для прафесійнага росту педагога, як і ўдзел у розных конкурсах, семінарах, алімпіядах. Між іншым Ірына Іванаўна з’яўляецца яшчэ і трэнерам абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Настаўніца прызнаецца:

— Мае алімпіяднікі — гэта дзеці мэтанакіраваныя і часта наогул незвычайныя. Ім усё цікава, і з імі сам рыхтуешся, адкрываеш для сябе новыя гарызонты. Хаця эмацыянальна бывае вельмі цяжка, бо адказваеш за ўсіх. Матуля мне кажа: “Жадаю табе спакою!” Адказваю: “Навошта мне спакой?” Мая работа — гэта пастаяннае аднаўленне. Мне прыемна, што вакол — разумныя маладыя людзі і я маю з імі зносіны. Адна дзяўчынка праз некалькі гадоў пасля школы сказала: “Дзякуючы вам, у мяне такое цікавае жыццё!” І ўвогуле: калі хочаш быць маладой і прыгожай — ідзі працаваць настаўніцай. Заў­сёды будзеш з дзецьмі, а значыць, маладой і прыгожай. Дзеці — гэта энергія і жыццё.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.