Навошта настаўніку медыцынскія веды

- 13:59Навіны рэгіёнаў

Важную тэму падняў на нядаўняй сустрэчы з журналістамі нашага выдання начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Яна тычылася сур’ёзных захворванняў школьнікаў і гатоўнасці педагогаў аказаць пры неабходнасці першую дапамогу дзіцяці.

Часта сярод навучэнцаў установы адукацыі ёсць тыя, у каго ёсць спецыфічныя захворванні: цукровы дыябет, які, на жаль, усё “маладзее”, эпілепсія, страўнікавыя і кішэчныя хваробы і г.д. Як правіла, праблемы кантралюе ўчастковы педыятр, іншыя спецыялісты і самі бацькі. У добрым выпадку інфармацыяй валодае медыцынскі работнік школы. Лічыцца, што да настаўнікаў гэта ніякага дачынення не мае. “Канечне, не мае! Толькі гэтага яму не хапае!” — так і чую чытацкі пратэст. Але пачакайце абурацца. Паразважайце. Настаўніка гэта не турбуе да таго часу, пакуль нешта не здарыцца.

Уявіце сабе: у класе ідзе ўрок, раптоўна ў дзіцяці пачынаецца, скажам, эпілептычны прыступ. Вучні напужаны, педагог разгублены. Іншая справа — калі настаўнік падрыхтаваны, можа вызначыць праблему і ведае, што неабходна зрабіць у такім выпадку, як дапамагчы.

— Мы хочам гэта неяк выправіць, — падзяліўся Сяргей Іванавіч. — Неабходна вучыць педагогаў. Спадзяюся, медыкі зразумеюць нас і пойдуць насустрач.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прыгадаў, што меў магчымасць назіраць падобны вопыт, калі па абавязку службы быў у Вялікабрытаніі. У адну са школ, якую ён наведваў, паступіла дзіця з цукровым дыябетам, і настаўнікаў сабралі ў аўдыторыі, дзе медыцынскі работнік расказваў, што гэта за хвароба, якія яе прыкметы, вучыў, як трэба сябе паводзіць і аказаць пры неабходнасці першую медыцынскую дапамогу. Пагадзіцеся, такі падыход нядрэнна было б пераняць.

Цікава, што, пакуль спецыялісты адукацыйнай і медыцынскай сферы падыходзяць да праблемы, навучэнцы, нібыта прадугадаўшы, пачалі рэалізоўваць на сваім узроўні ідэю, сугучную з ідэяй Сяргея Іванавіча.

Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж традыцыйна з’яўляецца правадніком медыцынскіх ведаў шырокай грамадскасці. Асветніцкая місія — важны складнік дзейнасці выкладчыкаў і навучэнцаў установы. І вось валанцёры медкаледжа выступілі з ініцыятывай мэтанакіраванага і адраснага навучання навучэнскай моладзі абласнога цэнтра прыёмам і навыкам першай даўрачэбнай дапамогі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. А першай вучэбна-адукацыйнай пляцоўкай стаў Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага.

Зразумела, навучэнцы медыцынскага каледжа не бяруцца за такія сур’ёзныя захворванні, пра якія ішла размова вышэй. Але ж будучыя медыкі вучылі будучых педагогаў не менш важным рэчам. Пачалі з прыёмаў аказання першай даўрачэбнай дапамогі ўмоўна пацярпелым: транспарціроўка, накладанне ізалявальных павязак і інш. Для большай нагляднасці і стварэння рэалістычнай сітуацыі выкарыстоўваліся манекены. Акрамя таго, медыкі-валанцёры растлумачылі навучэнцам педкаледжа, як вымяраць індэкс масы цела і артэрыяльны ціск, на імітатары верхняй і ніжняй сківіц вучылі правільнаму догляду поласці рота, пазнаёмілі з асновамі здаровага харчавання.

Такім чынам, у заўтрашніх настаўнікаў і выхавальнікаў першыя веды па медыцынскай дапамозе ўжо ёсць. Калі ажыццявіцца ідэя, выказаная начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі, педагог будзе поўнасцю ўзброены.

— Канечне, мы разумеем, што неабходна яшчэ таксама акцэнтаваць увагу педработнікаў на этычным аспекце, — адзначыў Сяргей Парошын. — Павінна захоўвацца нейкая тайна, нельга, каб пра хваробу пэўнага дзіцяці ў класе ад настаўніка даведаліся ўсе равеснікі вучня. Гэта наогул не павінна ніяк абмяркоўвацца, проста ёсць валоданне інфармацыяй аб праблемах са здароўем вучня і ўменне пры неабходнасці аказаць дапамогу.

Наталля ЛУТЧАНКА.