Навучальны год пачнецца ў звычайным рэжыме

- 10:29Актуально, Апошнія запісы

З удзелам міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Рэчыцы прайшоў жнівеньскі педагагічны савет супрацоўнікаў органаў адукацыі Гомельскай вобласці. Падведзены асноўныя вынікі работы сістэмы адукацыі ў 2019/2020 навучальным годзе і вызначаны перспектывы развіцця. Канферэнцыя настаўнікаў сабрала больш за 700 удзельнікаў.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, які ўзяў слова, а­дзначыў, што акрамя традыцыйных абмеркаванняў вынікаў, дасягненняў і вызначэння задач, сёлета важна абмеркаваць сітуацыю, якая звязана і з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, і з поствыбарнымі падзеямі:

— У сучасным свеце вельмі важна вучыц­ь дзяцей працаваць з інфармацыяй, тлумачыц­ь неабходнасць правяраць інфармацыю з розных крыніц. Адну і тую ж задачу можна вырашыць рознымі спосабамі — гэта тычыцца не толькі матэматыкі, у жыцці гэтак жа. Але працаваць трэба, бо нашы дзеці — прадукт нашага выхавання. Будзе зусім няпроста, але давайце пераканаем сябе, што немагчымае — гэта не прысуд і не назаўсёды. Гэта шанс праявіць сябе. Немагчымае магчыма. І нашы ўрачы нядаўна гэта даказалі, і вы дакажаце. Проста таму, што адыходзіць няма куды. За вамі — наша будучыня.

Абмеркавалі на педагагічнай канферэнцыі перспектывы будаўніцтва і рэканструкцыі ўстаноў адукацыі. На мінулым тыдні ў Гомелі заклалі камень у падмурак новай школы, сёлета адкрылі дзіцячыя сады ў Гомельскім раёне, Петрыкаве, Гомелі. Ідуць работы ў Мазыры. Хутка пасля рэканструкцыі ўвядуць школу ў Кармянскім раёне і ў 21-м мікрараёне абласнога цэнтра.

— У вобласці ў планах яшчэ не адно адкрыццё дзіцячых устаноў, — дадаў кіраўнік рэгіёна. — Я перакананы, што педагогі годна справяцца з усімі выклікамі. Я веру: у нас усё атрымаецца. Наперадзе новыя адкрыцці і яркія перамогі.

Дарэчы, губернатар Гомельшчыны выйшаў з прапановай стварыць новую структуру, якая будзе займацца ўрэгуляваннем спрэчных пытанняў і аказаннем псіхалагічнай дапамогі настаўнікам:

— Магчыма, гэта будзе цэнтр, куды ўвойдуць псіхолагі, можа нават псіхатэрапеўты, юрысты і спецыяліст па медыяцыі. Для таго, каб унутрышкольныя канфлікты не станавіліся здабыткам шырокай публікі, а вырашаліся з дапамогай спецыялістаў.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка адзначыў, што практычна 90% сертыфікатаў гатоўнасці школ краіны да навучальнага года падпісаны:

— Першага верасня дзеці павінны сесці за парты, пайсці ў свае любімыя гурткі, творчыя калектывы, спартыўныя секцыі. Мы арганізоўваем адукацыйны працэс як звычайна. Традыцыйна будзе арганізавана харчаванне для школьнікаў. Для тых, хто мае пэўныя льготы, — бясплатнае харчаванне. Дарэчы, для ўсёй пачатковай школы ў нашай краіне бясплатнае харчаванне. Я хацеў бы звярнуцца да ўсіх: давайце суцішым эмоцыі. Для нас важна забяспечыць дзяцінства ў краіне. Важна, каб дзеці былі занятыя, каб яны атрымлівалі якасную адукацыю і выхаванне. І важна, каб мы спынілі булінг, нападкі на настаўніка. Бо ён такі ж грамадзянін краіны, які мае сваё меркаванне. Але ж установы адукацыі — не месца для палітычных баталій. Мы зараз распрацоўваем новыя метадычныя дапаможнікі. Пандэмія нам падказала, што трэба паскарацца ў пытаннях дыстанцыйнага навучання. Цяпер мы актыўна працуем над адзінай адукацыйнай платформай, якая да канца навучальнага года павінна быць прэзентавана. А паўнацэнна яна запрацуе з 1 верасня наступнага навучальнага года.

У сваёй прамове перад педагогамі міністр адукацыі падзякаваў усім настаўнікам за стойкасць і адданасць беларускай дзяржаве, за тое, што яны, нягледзячы на ўсе падзеі ў краіне, мэтанакіравана рыхтуюць навучальныя ўстановы да новага навучальнага года, распрацоўваюць урокі, рыхтуюць урачыстыя мерапрыемствы.

Міністр адзначыў, што мінулыя выбары вызначылі шэраг пытанняў, якія тычацца сістэмы адукацыі. У сучасных умовах істотна змянілася адукацыйная парадыгма і роля самога педагога. Калі раней ён быў адной з асноўных крыніц ведаў і вызначальным суб’ектам у выхаванні маладога чалавека, то цяпер сур’ёзную канкурэнцыю яму складае інтэрнэт. Таму інфармацыйная прастора ўстановы адукацыі становіцца запатрабаванай як ніколі.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што неабходна ўдзяліць больш увагі павышэнню выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў і дысцыплін:

— Асноўны прыярытэт маладзёжнай палітыкі — выхаванне любові да сваёй краіны, зямлі, народа. Трэба далучаць моладзь да сацыяльна значных спраў, дзейнасці праз органы студэнцкага і школьнага самакіравання, праз калектыўныя творчыя справы. Я запрашаю ўсіх да абмеркавання праекта праграмы выхавання дзяцей і моладзі на 2021—2025 гады, які апублікаваны на Нацыянальным адукацыйным партале.

Ігар Васільевіч адзначыў, што сёння важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі:

— Перад установамі адукацыі ў 2020/2021 навучальным годзе стаіць задача актывізаваць выхаваўчую дзейнасць сям’і, аказац­ь ёй неабходную псіхолага-педагагічную падтрымку, прыдаць сямейнаму выхаванню мэтанакіраваны грамадска значны характар. Гэтая работа будзе арганізавана па-новаму ў межах рэалізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Прыкладная праграма размешчана на інтэрнэт-партале міністэрства. А ў дапамогу класнаму кіраўніку нядаўна выда­дзены дапаможнік “Метадычны інструментарый класнага кіраўніка”.

Міністр адукацыі адзначыў, што на Гомельшчыне ёсць пэўныя вынікі ў развіцці стратэгічных кірункаў развіцця сістэмы адукацыі. Напрыклад, дзейнасць дашкольных устаноў Гомельшчыны адзначаецца высокай якасцю:

— Я ўдзячны старшыні Гомельскага абл­выканкама Генадзю Салаўю, які падкрэсліў, што дзіцячыя садкі і далей будуць будавацца. Гэта вырашэнне праблемы крокавай даступнасці дзіцячых дашкольных устаноў. Добрыя вынікі паказалі сярэднія школы і гімназіі рэгіёна. Гэта пацвярджаецца вынікамі ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядах, конкурсах і турнірах. Так, напрыклад, па выніках рэспубліканскіх конкурсаў даследчага характару каманда ўдзельнікаў Гомельскай вобласці паказала лепшы вынік у краіне. На працягу многіх гадоў вашы вучні становяцца пераможцамі заключнага этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь — гістарычная і духоўная еднасць”. Установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, прывозяць заслужаныя ўзнагароды высокай вартасці. Усё гэта гаворыць пра тое, што педагагічныя калектывы вобласці ў большасці працуюць зладжана, добрасумленна, што дае пазітыўныя і якасныя вынікі.

Міністр заўважыў, што за апошнія гады істотна змянілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. З 2016 года толькі ў школы краіны пастаўлена больш як 3,5 тысячы прадметных кабінетаў, амаль 5 тысяч мультыбордаў. У Гомельскую вобласць пастаўлена 647 кабінетаў фізікі, 682 кабінеты хіміі, 93 кабінеты біялогіі, 508 мультыбордаў. Усё гэта куплялася за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Сёлета работа будзе працягнута. Акрамя таго, міністэрства паставіла задачу перад навукова-метадычнымі ўстановамі адукацыі — распрацаваць адпаведны кантэнт для правядзення ўрокаў з выкарыстаннем сучасных сродкаў навучання.

— У гэтым годзе мы будзем падводзіць вынікі рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, — заўважыў міністр. — Я спадзяюся, каманда Гомельскай вобласці вынікова выступіць на рэспубліканскіх спаборніцтвах і сярод вашых прадстаўнікоў будуць пераможцы. У верасні нас чакае яшчэ а­дзін рэспубліканскі конкурс — прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. Наперадзе — яго міжнародны этап у Шанхаі. Я думаю, мы сфарміруем магутную каманду маладых прафесіяналаў, якія годна прадставяць Рэспубліку Беларусь на гэтым прэстыжным міжнародным спаборніцтве.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў выступіў з падрабязнай справаздачай. Ён адзначыў, што ва ўсіх настаўнікаў напярэдадні новага 2020/2021 навучальнага года цэлая гама супярэчлівых пачуццяў:

— Задавальненне — ад таго, што каранавірус няхай нават на час адступіў, пацвярджэннем чаго стала наша сустрэча ў звычайным фармаце. Шкадаванне — бо далёка не ўсе планы і задумы атрымалася рэалізаваць з-за эпідэмічнай сітуацыі. Горыч — ад падзей, якія адбываюцца ў краіне ў тым ліку ў стаўленні да педагогаў. Надзея — на тое, што мы пачынаем новы навучальны год і ў нас будзе магчымасць, як раней, добрасумленна і якасна вучыць і выхоўваць нашых дзяцей.

Сёння важна захаваць і зберагчы ўсё новае і шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання для функцыянавання ўстаноў і эканоміі бюджэтных сродкаў. Санітарна-эпідэмічная сітуацыя ў свеце і ў краіне абвастрыла пытанне развіцця інфармацыйных тэхналогій. Руслан Смірноў адзначыў, што на Гомельшчыне былі прыняты дадатковыя меры ў гэтым кірунку:

— Многія педагогі паказалі высокі ўзровень кампетэнтнасці ў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях. Яны распрацавалі ў кароткія тэрміны электронныя маршрутныя лісты вучэбных заняткаў і выхаваўчых мера­прыемстваў. Асобна хочацца адзначыць метадычную службу Мазырскага і Жлобінскага, Кармянскага раёнаў. Амаль паўтары тысячы матэрыялаў было размешчана на створаным у інстытуце развіцця адукацыі абласным партале “Вэб-настаўніцкая”. Цяпер 57 педагогаў з 15 раёнаў вобласці распрацоўваюць вучэбныя курсы для рэспубліканскага адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу.

Руслан Іванавіч заўважыў, што часта чуе крытыку наконт адсутнасці беларускай мовы ў дашкольнай адукацыі. Між тым толькі сёлета было адкрыта шэсць беларускамоўных груп у Жлобіне і Хойніках, плануецца і ў абласным цэнтры. Калі ёсць запыт бацькоў — задачу неабходна вырашаць.

— Мы можам ганарыцца павелічэннем колькасці стабальнікаў сярод нашых выпуск­нікоў да 57 чалавек і павышэннем у параўнанні з мінулым годам сярэдняга бала. А­дзначаецца станоўчая дынаміка сярэдняга бала па васьмі вучэбных прадметах. Вельмі шырокі дыяпазон устаноў, выпускнікі якіх на самым высокім узроўні валодаюць неабходнымі для паступлення ведамі: ад невялікіх сельскіх устаноў у Добрушскім і Буда-Кашалёўскім раёнах, школ у раённых цэнтрах (Чачэрск, Рагачоў, Лельчыцы, Хойнікі, Лоеў) да гімназій і ліцэяў Гомеля, Мазыра, Светлагорска, Жлобіна, Калінкавіч, Кармы, Петрыкава, Рэчыцы. Хачу заклікаць кожнага з вас ні на хвіліну не забываць, што мы настаўнікі, мы працуем у дзіцячай установе і заўсёды павінны быць на прыступку вышэй, умець падняцца над праблемамі і канфліктамі, быць вы­трыманымі і цярплівымі, з высокім пачуццём адказнасці і дысцыплінаванасці.

На нарадзе настаўнікам уручылі заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і за падрыхтоўку пераможцаў заключнага этапу рэспублікан­скай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прызамі “За асаблівы ўклад у развіццё адукацыі” ўзнагародзілі прадпрыемствы і сельгаспрадпрыемствы, якія аказваюць падтрымку ўстановам адукацыі вобласці. Добрыя словы прагучалі і ў адрас ветэранаў педагагічнай працы. Падчас правядзення прайшла цырымонія ўзнагароджання ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, знакам “Выдатнік адукацыі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.