У Нароўлі напярэдадні новага навучальнага года дзевяць педагогаў атрымалі ключы ад кватэр у новым арэндным доме.
Cем маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі пакуль не абзавяліся сем’ямі, а двое адзначаюць наваселле разам з другой паловай і маленькімі дзецьмі.
— Усе маладыя спецыялісты, — расказвае старшыня Нараўлянскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Зязётка, — якія пажадалі ста ць на ўлік, менш чым год чакалі сваёй чаргі.
Маладыя педагогі прыехалі па размеркаванні ў Нараўлянскі раён з суседніх Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў. Ёсць і тыя, хто тут нарадзіўся, тут пачаў сваю прафесійную дзейнасць і тут плануе працягваць свой род. Добра, што ўсе ўмовы для гэтага створаны. У новых кватэрах усё добраўпарадкавана, можна засяляцца і жыць. Чатырохпавярховік на 40 кватэр пабудаваны па заказе Мазырскага УКБ за грошы дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За арэнду жылля маладыя спецыялісты, якія цяпер завозяць рэчы ў адна-двухпакаёвыя кватэры, будуць плаціць 40% ад поўнага кошту за аналагічную плошчу.
— Атрыманне арэнднага жылля — гэта добрая магчымасць людзям замацавацца па месцы жыхарства, жыць і працаваць у сваёй краіне. Упэўнена, што ў гэтых кватэрах жыць будзе ўтульна і прыемна, — гаворыць Галіна Зязётка.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.