Навучальны год з плёнам, лета з карысцю

Сёння пра вынікі навучальнага года і планы на лета гаворым з начальнікам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Чэрыкаўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Мікалаем КАПАЕВЫМ.

— Мікалай Міхайлавіч, як завяршыўся навучальны год у вашым раёне? Колькі выпусцілася 11-класнікаў і 9-класнікаў, ці ёсць медалісты?

— Нягледзячы на эпідэмічную сітуацыю, 2019/2020 навучальны год быў дастаткова плённым. Паспяховым для навучэнцаў раёна стаў удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дыплом ІІ ступені па працоўным навучанні атрымаў прадстаўнік сярэдняй школы № 1 Чэрыкава Аляксандр Калеснікаў, пахвальны водзыў па беларускай мове і літаратуры атрымала навучэнка Язерскай сярэдняй школы Дар’я Маргунова. За высокія дасягненні ў арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў малады педагог нашага раёна настаўніца хіміі сярэдняй школы № 2 Чэрыкава Вольга Аляксандраўна Шмайкіна ўдастоена спецыяльнай прэміі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі атрымалі 150 выпускнікоў 9 класаў (9 — з адзнакай). Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі былі ўручаны 65 выпускнікам 11 класаў, з іх 7 узнагароджаны залатым медалём. Гэта найбольшая колькасць медалістаў за апошнія гады ў нашым раёне.

Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: ці ёсць у вас педкласы, агракласы (або іншай накіраванасці)? Як была арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў у гэтым навучальным годзе? Якія навучальныя ўстановы выбіраюць выпускнікі?

— Профільным навучаннем у 2019/2020 навучальным годзе было ахоплена 72,4% навучэнцаў 10—11 класаў. Чэрыкаўскі раён з’яўляецца сельскагаспадарчым, таму асаблівая ўвага ўдзяляецца прывіццю навучэнцам цікавасці да аграрных прафесій. З гэтай мэтай былі адкрыты 4 класы аграрнай накіраванасці (10 клас — 2, 11 клас — 2).

 Сярод вучэбных прадметаў, па якіх было арганізавана профільнае навучанне, найбольшым попытам у навучэнцаў карысталіся руская мова, матэматыка, біялогія, грамадазнаўства. Арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі на падставе адукацыйных запытаў навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў таксама ажыццяўлялася па рускай мове і матэматыцы.

Сярод устаноў адукацыі выпускнікі раёна традыцыйна выбіраюць ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Магілёўскай вобласці: Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Магілёўскі медыцынскі каледж, Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж і іншыя. Частка выпускнікоў працягвае навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі сталіцы і іншых абласных цэнтраў.

— Як арганізуеце летнія канікулы, улічваючы эпідэмічную сітуацыю?

— Летняя занятасць навучэнцаў спланавана, як і ў папярэднія гады, улічваючы патрэбы дзяцей усіх узроставых катэгорый. У цяперашні час на базе ўстаноў адукацыі раёна працуюць лагеры з дзённым знаходжаннем, у якіх аздараўляюцца 220 навучэнцаў. Найбольшым попытам гэтыя лагеры карыстаюцца ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Старэйшыя дзеці з задавальненнем аздараўляюцца ў палатачных лагерах. У гэтым годзе ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй гэтыя лагеры пачнуць работу з сярэдзіны ліпеня. У іх плануецца аздаравіць 140 дзяцей, у тым ліку 30 — у спартыўна-аздараўленчым лагеры. Для навучэнцаў, якія дасягнулі ўзросту 14 гадоў, арганізаваны лагер працы і адпачынку на тэрыторыі лесагадавальніка ДЛГУ “Чэрыкаўскі лясгас”. У ім працуе 20 школьнікаў.

Паколькі наш раён размешчаны на тэрыторыі, пацярпелай ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдзяляюцца пуцёўкі на аздараўленне дзяцей у санаторыях нашай краіны. У летні перыяд плануецца аздаравіць 308 дзяцей розных узроставых катэгорый. За кошт сродкаў раённага бюджэту 14 дзяцей-сірот пройдуць аздараўленне ў аздараўленчым лагеры “Ластаўка”, размешчаным на тэрыторыі Чавускага раёна. Акрамя таго, на базе ўсіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі раёна працуюць гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, валанцёрскія і педагагічныя атрады, атрады “Міласэрнасць”, вучнёўскія вытворчыя брыгады, аб’яднанні па інтарэсах. Занятак па душы можа знайсці сабе кожнае дзіця.

У мэтах недапушчэння распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам CОVID-19, для стварэння бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў прыняты меры і выконваюцца ўсе рэкамендацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: правядзенне штодзённай дэзынфекцыі па віруліцыдным рэжыме памяшканняў, абсталявання, інвентару. У наяўнасці дастатковы запас спецадзення і сродкаў індывідуальнай засцярогі, мыйных і дэзынфіцыруючых сродкаў, антысептыку для рук. Забяспечваецца рэжым праветрывання і арганізацыя пітнога рэжыму (наяўнасць бутыляванай вады, аднаразовых шкляначак). Прыняты дадатковыя меры па ўзмацненні прапускнога рэжыму, па абмежаванні наведвання ўстаноў іншымі грамадзянамі, праводзіцца штодзённы ранішні фільтр дзяцей і персаналу медыцынскімі работнікамі.

Напэўна, пачалася падрыхтоўка ўжо да новага навучальнага года. Што ў планах памяняць, акультурыць, перабудаваць?

— У мінулым годзе ў нашым раёне былі капітальна адрамантаваны дзве ўстановы адукацыі: сярэдняя школа № 2 і пачатковая школа Чэрыкава. У бягучым годзе правядзенне капітальных рамонтаў не плануецца. Будуць праведзены бягучыя рамонты ўсіх падведамных устаноў, падчас якіх прадугледжана правядзенне касметычных рамонтаў, частковая замена аконных блокаў, рамонт інжынерных сетак, добраўпарадкаванне тэрыторый. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да работы ў асенне-зімовы перыяд. Неабходна паверыць і ўсталяваць прыборы ўліку вады, цяпла, манометры, тэрмометры, стварыць неабходны запас паліва.

  • А што выклікае найбольшую занепакоенасць начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Найбольшую занепакоенасць выклікае змяншэнне колькасці дзяцей у раёне. Таму непазбежна ўзнікае пытанне далейшай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. У шэрагу сельскіх школ у сувязі з малой колькасцю навучэнцаў адсутнічаюць 10—11 класы, арганізаваны падвоз навучэнцаў у іншыя ўстановы адукацыі. Сёлета работа па аптымізацыі сеткі будзе працягнута, яна прадугледжвае скарачэнне класаў-камплектаў за кошт павелічэння напаўняльнасці класаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.