Навучанне — для мэтанакіраваных і матываваных

Сёння менеджар у адукацыі — гэта шматпрофільны кіраўнік, які адказвае за персанал, справаздачнасць, планамернасць педагагічнага працэсу, якасць адукацыйных паслуг і канкурэнтаздольнасць навучальнай установы. Быць сучасным кіраўніком установы адукацыі вельмі няпроста, асабліва шмат пытанняў узнікае ў маладых дырэктараў, якім трэба не толькі пераасэнсаваць сябе ў новай ролі, але і засвоіць даволі шырокі дыяпазон новых уменняў, выпрацаваць патрэбныя навыкі.

Да прафесійных кампетэнцый, неабходных сёння менеджару сферы адукацыі, адносяцца кіраўніцкая, фінансава-эканамічная, арганізацыйная, інфармацыйная, сацыяльна-прававая, псіхолага-педагагічная і агульнакультурная. Усяму гэтаму вучаць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” вядзецца з 2003 года. Пра адметнасці навучання і запыты сённяшніх кіраўнікоў нам расказала загадчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Таццяна Андрэеўна ЛАПАЦІК.

— Таццяна Андрэеўна, вашы слухачы — гэта ў асноўным нядаўна назначаныя дырэктары?

— Не толькі. Перападрыхтоўку па нашай спецыяльнасці па заяўках упраўленняў (аддзелаў) адукацыі (за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту) могуць прайсці начальнікі і намеснікі начальнікаў, спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; метадысты гарадскіх (раённых) вучэбна-метадычных кабінетаў упраўленняў (аддзелаў) адукацыі; кiраўнiкi, намеснiкi кiраўнiкоў, педагагічныя работнікі (настаўнікі, педагогі-арганізатары, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, педагогі-дэфектолагі) і іншыя спецыялісты ўстаноў адукацыі ўсіх тыпаў.

Як правіла, у перападрыхтоўцы ўдзельнічаюць тыя педагагічныя работнікі, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў, а таксама кіраўнікі і іх намеснікі, якія плануюць стратэгічнае развіццё ўстаноў адукацыі і якія маюць патрэбу ў абнаўленні падыходаў да арганізацыі кіраўніцкай дзейнасці.

— Сёння школа — гэта не толькі юрыдычная асоба, але і гаспадарчы комплекс, суб’ект эканамічных адносін. Сучаснаму кіраўніку неабходна ажыццяўляць менеджмент персаналу, распрацоўваць эфектыўныя кіраўніцкія механізмы, мадэлі для рэальнай адукацыйнай практыкі. У сувязі з гэтым вам трэба заўсёды трымаць руку на пульсе жыцця.

— Мы пастаянна працуем над удасканаленнем адукацыйнага зместу перападрыхтоўкi. Уплыў на гэта аказвае iснуючая сістэма зваротнай сувязі з кiраўнiцтвам рэгiянальных адукацыйных сiстэм i непасрэдна ўстаноў адукацыi. Акрамя таго, мы ўдакладняем адукацыйныя чаканні і запыты кiруючых кадраў у час правядзення павышэння квалiфiкацыi. Гэта дазваляе нам улiчваць патрабаваннi дзяржавы да дзейнасцi ўстановы адукацыi i актуальныя патрэбы самiх устаноу i iх кiраўнiцтва. Абнаўленне адбываецца планава раз у два гады, але бывае і часцей.

— Якія дысцыпліны дапамагаюць фарміраваць сучаснага кiраўнiка ?

— У працэсе перападрыхтоўкі вывучаюцца асновы ідэалогіі, сацыяльная палітыка, філасофія адукацыі, тэорыя сістэм, тэорыя камунікацый, асновы менеджменту, рэсурсны менеджмент, менеджмент чалавечых рэсурсаў, псіхалогія кіравання, кіраванне прафесійным развіццём, праектаванне ў сферы адукацыі, прававыя асновы дзейнасцi ўстаноў адукацыi, эканоміка адукацыі, маркетынг у сферы адукацыі, адукацыйныя сістэмы і тэхналогіі, інфармацыйнае забеспячэнне кіраўніцкай дзейнасці.

Адной з галоўных дысцыплiн перападрыхтоўкi з’яўляецца “Менеджмент арганізацыі ў сферы адукацыі”, якая мае ў складзе наступныя модулі: адукацыйная арганізацыя, стратэгічнае кіраванне ўстановай адукацыі, менеджмент адукацыйнага працэсу, менеджмент якасці адукацыі ва ўстанове адукацыі, менеджмент інавацый ва ўстановах адукацыі, маркетынг і РR установы адукацыі, фінансавы менеджмент, арганізацыя справаводства ва ўстанове адукацыі, арганізацыя дзейнасці кіраўніка адукацыйнай арганізацыі.

Дапамогу ў працэсе фарміравання сучаснага кіраўніка аказвае індывідуальнае кансультаванне. Слухачы маюць магчымасць даведацца ў дасведчаных спецыялістаў пра канкрэтныя метады, практыкі вырашэння актуальных прафесіных задач.

Сярод слухачоў перападрыхтоўкі, як правіла, ёсць вопытныя кіраўнікі, якія могуць падзяліцца карыснымі парадамі са сваёй практыкі. Абмеркаванне набалелых пытанняў у нефармальнай атмасферы таксама вельмі важна для пашырэння прафесійных кантактаў менеджараў у галіне адукацыі.

— Насычаны змест і непрацяглыя тэрміны перападрыхтоўкі патрабуюць эфектыўных тэхналогій навучання. Якія з іх у арсенале вашых выкладчыкаў?

— Перападрыхтоўку менеджараў у сферы адукацыі ажыццяўляе прафесарска-выкладчыцкі склад кафедраў педагогікі і менеджменту адукацыі, псіхалогіі, сучасных методык і тэхналогій адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

У перыяд вочнага ўдзелу слухачоў у адукацыйным працэсе побач з традыцыйнымі (лекцыі, практычныя заняткі) прымяняюцца інтэрактыўныя формы (вучэбныя дзелавыя гульні, трэнінгі). Выкладчыкі выкарыстоўваюць мультымедыйныя прэзентацыі, аўдыя- і відэатэхнічныя сродкі навучання. У міжсесійны перыяд па шэрагу дысцыплін арганізуецца падтрымка самастойнай работы слухачоў з дапамогай электронных адукацыйных рэсурсаў, размешчаных на дыстанцыйнай платформе навучання АПА.

Вельмі важна адчуваць настрой і атмасферу аўдыторыі. Імкнёмся працаваць гнутка. Канечне, слухачы жадаюць атрымаць канкрэтныя схемы, алгарытмы дзейнасці, але ўніверсальнай таблеткі не існуе. Мы можам прапанаваць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы, але ж выбіраць, распрацоўваць уласную мадэль кіраўніку давядзецца самастойна. Гэта матывуе да развіцця. І мы ствараем такія сітуацыі. Галоўнае ў нашай рабоце — дапамагчы сфарміраваць слухачу ўласную сістэму бачання адукацыі як лакальна, так і глабальна. Нашы кіраўнікі павінны разбірацца ў сучасных адукацыйных тэндэнцыях, ведаць сучасныя кіраўніцкія механізмы.

— Пасля заканчэння перападрыхтокі вашы слухачы пішуць дыплом. Тэмы выбіраюць практыка-арыентаваныя ці больш тэарэтычныя?

— Як правіла, тэмы дыпломных работ звязаны з актуальнымі кірункамі дзейнасці ўстаноў адукацыі з мэтай далейшай рэалізацыі ў адукацыйнай практыцы. Тэма павінна быць цікавай і карыснай. Гэта можа быць распрацаваны кіраўніцкі механізм або прадстаўленая пэўная кіраўніцкая мадэль, якая пасля будзе рэалізавана ў дзейнасці. Часцей слухачы выбіраюць для сябе тэматыку дыпломаў, звязаную з забеспячэннем якасці адукацыйнага працэсу, ажыццяўленнем матывацыі педагагічных работнікаў. Але бываюць і адметныя праекты, напрыклад, стварэнне ў сельскай установе адукацыі цэнтра падтрымкі прыватных ініцыятыў насельніцтва.

У адукацыйным працэсе запланавана арганізацыя стажыроўкі без адрыву ад асноўнай дзейнасці на базе ўстановы адукацыі, у якой працуе слухач, у напрамку, які ён выбірае ў якасці прадмета даследавання дыпломнай работы. Выпускнікам перападрыхтоўкі прысвойваецца кваліфікацыя “менеджар у сферы адукацыі” і выдаецца дыплом устаноўленага ўзору.

— Паспяховы кіраўнік — гэта кампетэнтны кіраўнік. Якімі кампетэнцыямі ён павінен валодаць сёння?

— Кіраванне адукацыйнай установай — гэта навука і мастацтва адначасова, працэс, у якім не абысціся без спецыяльных кампетэнцый. Чалавек не нараджаецца менеджарам. Закладзеныя прыродай здольнасці, памножаныя на веданне асноў дзейнасці менеджара, дазваляюць набыць неабходныя кампетэнцыі і кампетэнтнасці, якія спрыяюць прафесійна-асобаснаму развіццю спецыяліста сферы адукацыі.

Менеджар у галіне адукацыі павінен ведаць і ўмець навукова аналізаваць сацыяльна значныя праблемы і працэсы, выкарыстоўваць метады вывучаных навук у розных відах прафесійнай дзейнасці, ведаць прававыя асновы і нормы заканадаўства ў сферы адукацыі, мець навуковае ўяўленне аб сацыяльнай псіхалогіі, псіхалогіі кіравання, валодаць культурай мыслення, умець на навуковай аснове арганізаваць сваю прафесійную дзейнасць, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі кіравання.

Кіраўнікі павінны развіваць здольнасць да праектнай і аналітычнай дзейнасці, ведаць прынцыпы сістэмнага аналізу, умець ставіць мэты і вызначаць задачы рэалізацыі прафесійных функцый, умець выкарыстоўваць інфармацыю для арыентацыі ў асноўных бягучых праблемах кіравання, эканомікі, права; умець арганізаваць і правесці практычныя даследаванні ў сферы адукацыі, канкрэтных формах кіравання; валодаць метадамі складання праграм новаўвядзенняў, развіцця і распрацоўкі плана мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтых праграм, валодаць культурай і тэхнікай вядзення дыскусіі, метадамі маркетынгу адукацыйных паслуг.

— Пра актуальнасць і паспяховасць вашай перападрыхтоўкі гавораць прозвішчы вашых выпускнікоў, якія сёння плённа працуюць на сваіх пасадах.

— Мы ганарымся сваімі выпускнікамі. Усе яны — паспяховыя кіраўнікі. Сярод выпускнікоў, напрыклад, першы намеснік начальніка ўпралення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Валянцінаўна Апраніч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маскоўскага раёна Мінска Ала Дзмітрыеўна Куніцкая, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Іванавіч Васіленка, дырэктар ДРАЦ “Жамчужына” Лепельскага раёна Вера Іванаўна Закрэўская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама Ірына Анатольеўна Казарэз.

Гэта дырэктары гімназій № 12 і 10 Мінска Кацярына Пятроўна Пятруша, Марына Аляксандраўна Ільіна (старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі краіны), дырэктар сярэдняй школы № 186 Мінска Аляксандр Алегавіч Бычын, дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Леанідавіч Кісялёў, намеснік дырэктара Міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям “Шанс” Наталля Валер’еўна Бармакова, старшыя выкладчыкі нашай кафедры Віктар Стэфанавіч Кулік і Аксана Валянцінаўна Сурыкава.

Паняцце “менеджмент”, якое азначае агульнае мастацтва кіравання працэсамі, якія праходзяць у розных сістэмах, стала звыклым для педагагічнай грамадскасці. Сістэма адукацыі сёння мае патрэбу ў актыўных і перспектыўных менеджарах, здольных забяспечваць яе развіццё і канкурэнтаздольнасць. Таму не толькі кіраўнікоў, якія ажыццяўляюць кіраванне ў сферы адукацыі, можна аднесці да менеджараў, але і самога педагога як менеджара навучання, выхавання, росту асобаснага патэнцыялу.

— Тым больш што кіраўнікамі становяцца настаўнікі. Дзякуй, Таццяна Андрэеўна, за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *