Навучанне і выхаванне ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у Мастах Гродзенскай вобласці. Начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін ЦІХАНОВІЧ дзеліцца здабыткамі мінулага навучальнага года, расказвае пра летнія клопаты і агучвае некаторыя планы на будучыню.

— Валянцін Сцяпанавіч, пачнём з некаторых вынікаў і адметнасцей мінулага навучальнага года.

— Ужо 16-ы год запар сістэма адукацыі Мастоўшчыны займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках работы, а на працягу апошніх трох гадоў — першыя месцы. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы раёна 6 дыпломаў (на 1 дыплом больш, чым у мінулым навучальным годзе). На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі паспяховым стала выступленне навучэнкі Дубненскай сярэдняй школы (адзначана дыпломам III ступені). Вучні сярэдняй школы № 5 Мастоў заваявалі дыплом I ступені на 3-м рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ/праектаў навучэнцаў і дыплом III ступені на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” ў секцыі “Лінгвістыка”.

Два навучэнцы раёна сталі ўладальнікамі абласной прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, актыўны ў­дзел у грамадскім жыцці. Штогод навучэнцы раёна становяцца лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У маі вучань сярэдняй школы № 2 Мастоў Андрэй Бекман, пераможца розных творчых конкурсаў, прайшоў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Каманды юнакоў і дзяўчат Гудзевіцкай сярэдняй школы сталі абсалютнымі чэмпіёнамі рэспублікі па валейболе ў рамках спартакіяды “Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў.

Педагогі раёна прынялі ўдзел у распрацоўцы навучальных курсаў для адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Выніковым стаў удзел намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце і педагагічных работнікаў сярэдняй школы №5 Мастоў, Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі ў XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Вопыт педагогаў адзначаны 6 дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і 2 дыпломамі Рэспубліканскага цэнтра турызму і края­знаўства.

— Што цікавага прапануеце сваім дзецям на летніх канікулах?

— У летні канікулярны перыяд у раёне функцыя­нуе 15 лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей, 1 стацыянарны лагер “Нёманскі” з кругласутачным знаходжаннем, 15-дзённы лагер “Пацэвічы” з кругласутачным знаходжаннем, намётавы лагер на базе Мастоўскага РАНС. Упершыню летам 2021 года з мэтай павышэння якасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, паглыблення і практычнага замацавання ведаў, уменняў, навыкаў агульнай ваеннай падрыхтоўкі, дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, умацавання здароўя арганізавана работа намётавага лагера на базе раённага аддзела ўнутраных спраў. На базе 4 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для навучэнцаў 14—16 гадоў арганізавана работа лагераў працы і адпачынку.

Навучэнцы з задавальненнем наведваюць дваровыя і гульнявыя пляцоўкі. Дэпутаты маладзёжнага парламента пры Мастоўскім раённым Савеце дэпутатаў у перыяд летніх канікул рэалізуюць праекты маладзёжных пляцовак як у горадзе, так і ў аграгарадках. Арганізавана работа стадыёнаў і спартыўных залаў. На базе 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і эколага-біялагічнага цэнтра забяспечана часовая працоўная занятасць навучэнскай моладзі ў свабодны ад вучобы час з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўляюцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мастоўскага райвыканкама.

— Зараз час падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Як ідзе работа ў вашым раёне?

— Сапраўды, пакуль дзеці атрымліваюць асалоду ад летніх дзянькоў, ва ўстановах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню бяспечных умоў для знаходжання вучняў, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама добраўпарадкаванню тэрыторый і спартыўных пляцовак. Завершаны работы па замене аконных блокаў у будынку дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў. У рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” добраўпарадкавана тэрыторыя сярэдняй школы № 2 Мастоў. Змяніліся школьны двор і ўнутраны дворык, прыведзены ў адпаведнасц­ь з неабходнымі нарматывамі пандус для фізічна аслабленых асоб. У двары школы выкладзена рознакаляровая плітка. Гэта адначасова і пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху. У рамках названага праекта плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі з абсталяваннем спартыўнага гарадка ў Гу­дзевіцкай сярэдняй школе, а таксама правядзенне рамонтных работ унутраных памяшканняў у гімназіі № 1 Мастоў.

У цяперашні час вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі і аздабленні фасада будынка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, рамонце абе­дзеннай залы сярэдняй школы № 3 Мастоў. Ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў да пачатку новага навучальнага года праводзяцца касметычныя рамонты памяшканняў.

— Якія планы па арганізацыі профільнага і дапрофільнага навучання?

— У 2020/2021 навучальным годзе было арганізавана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні для 247 навучэнцаў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі з агульным ахопам 60,5%. На II ступені агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні арганізавана ў шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна. На базе 13 устаноў ажыццяўлялася прафесійная падрыхтоўка для 93 навучэнцаў 10-х класаў і 67 навучэнцаў 11-х класаў, якія вывучаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні. Дзецям прадастаўлена магчымасць асвойваць такія прафесіі, як аператар электронна-вылічальных машын, памочнік выхавальніка, швачка, рабочы зялёнага будаўніцтва, выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ, агароднік і палявод. Упершыню ў мінулым навучальным годзе было распачата навучанне такім прафесіям, як ратавальнік-пажарны і сацыяльны работнік.

Па выніках мінулага навучальнага года 60 навучэнцаў, якія паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен, атрымалі пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду рабочага (служачага) (98,4%). У гімназіі № 1, сярэдніх школах №№ 3, 5 Мастоў, Правамастоўскай і Дубненскай сярэдніх школах працягнулі работу 7 профільных груп педагагічнай накіраванасці (43 навучэнцы), у сярэдняй школе № 2 Мастоў, Правамастоўскай і Азяркоўскай сярэдніх школах — 3 профільныя групы аграрнай накіраванасці (17 навучэнцаў). Работа па арыентацыі выпускнікоў на атрыманне запатрабаваных прафесій сельскагаспадарчага профілю вядзецца ва ўзаемадзеянні з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Мастоўскага райвыканкама і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна.

Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка вя­дзецца на базе міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 5 Мастоў. З мэтай фарміравання спартыўнага рэзерву на базе сярэдніх школ №№ 2, 3 і 5 Мастоў функцыянуюць 3 спецыялізаваныя па спорце класы. З улікам запытаў навучэнцаў, спецыфікі рэгіёна, наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравых рэсурсаў вядзецца работа па фарміраванні сеткі профільнага навучання і прафесійнай падрыхтоўкі ў 2021/2022 навучальным годзе.

— Хвалюючымі пытаннямі для начальніка з’яўляюцца…

— …гарантаванне бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў і педагогаў ва ўстановах адукацыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і стварэнне сучаснай адукацыйнай прасторы. Важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі ў дасягненні галоўнай мэты — навучання і выхавання ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.