Навучанне можа быць паспяховым

Як лёгка працаваць у групе, дзе кожны навучэнец матываваны на вучобу і мае добрыя здольнасці! Ці не праўда?! А як працуецца ў групе, дзе з 25 навучэнцаў 8 цябе слухаюць, чуюць і разумеюць, 10 слухаюць, чуюць і робяць выгляд, што разумеюць, а астатнія 7 слухаюць, але не чуюць і не разумеюць?
Непаспяховыя навучэнцы — гэта біч любой установы адукацыі. Скажам шчыра, выпускаючы маладых людзей, якія з семестра ў семестр мелі акадэмічныя запазычанасці, установы выдаюць брак. А мы, выкладчыкі, нясём маральную адказнасць перад непаспяховымі навучэнцамі, бо не здолелі даць ім неабходнае выхаванне і адукацыю.
У той жа час непаспяховасць навучэнцаў па той ці іншай дысцыпліне кладзецца на выкладчыка цяжарам. Такія навучэнцы стрымліваюць тэмп вывучэння вучэбнага матэрыялу. Выкладчык павінен удзяляць ім больш увагі і часу, праводзячы дадатковыя заняткі і кансультацыі, спецыяльна для іх рыхтаваць асаблівыя заданні, неаднаразова паўтараць вывучаны матэрыял, несці адказнасць перад адміністрацыяй.
Аднак самую вялікую шкоду непаспяховасць наносіць самому навучэнцу, таму што ён міжвольна лічыць сябе няўдачнікам, перастае верыць у свае сілы і магчымасці. Ён не развівае, а губіць тыя добрыя задаткі, якія былі яму дадзены прыродай. Не дасягнуўшы поспехаў у вучобе, навучэнец шукае поспех у якой-небудзь іншай дзейнасці, часта амаральнай і нават злачыннай.
Чаму ж некаторыя навучэнцы вучацца дрэнна? Чаму з семестра ў семестр маюць акадэмічныя запазычанасці? Няма, напэўна, сёння педагога, які б не задумваўся над гэтымі пытаннямі, не перажываў і не спрабаваў бы дапамагчы такім навучэнцам.
Адной з самых галоўных прычын нізкай паспяховасці, на наш погляд, з’яўляецца няўменне навучэнцаў вучыцца. Менавіта гэтае няўменне ператварае навучанне ў бессэнсоўнае зубрэнне, робіць вучэбную працу празмерна цяжкай, бязрадаснай, малапрадукцыйнай. Нельга не ўспомніць В.А.Сухамлінскага, які гаварыў: “Дыспрапорцыя паміж уменнямі і ведамі заключаецца ў тым, што ў школьніка яшчэ няма ўменняў, якія з’яўляюцца інструментам авалодання ведамі, а яму настаўнік дае ўсё новыя і новыя веды: засвойвай, не зявай. Такі вучань — усё роўна што чалавек без зубоў: вымушаны глытаць неперажаваныя кавалкі, ён спачатку адчувае недамаганне, а потым захворвае, нічога не можа есці…”

 Галоўнай мэтай павінна быць выхаванне кожнага навучэнца высокамаральнай, культурнай, творча актыўнай, прадпрымальнай і сацыяльна сталай асобай. Навучанне ж ведам, уменням і навыкам з’яўляецца складовай часткай і асноўным сродкам выхавання.

Задача кожнага педагога — не перадаць аб’ём канкрэтных ведаў, а навучыць вучыцца. На першым этапе гэта навучанне самаацэнцы ўласнай дзейнасці, параўнанню вынікаў сваёй дзейнасці з эталонам — узорам поўнага і правільнага адказу. На другім этапе — навучанне самакантролю, што ўключае ў сябе ўменне адсочваць час, вызначаць ступень цяжкасці задання, гатоўнасць гэтую цяжкасць пераадолець і пры неабходнасці атрымаць дапамогу выкладчыка. І апошні этап — навучанне мэтапастаноўцы, асабліва пры арганізацыі індывідуальнай самастойнай работы.
Наступная прычына нізкай паспяховасці навучэнцаў, на наш погляд — гэта неўсвядомлены выбар прафесійнага шляху, няправільны разлік сваіх сіл і магчымасцей, таму важна дапамагчы непаспяховым навучэнцам знайсці свае моцныя бакі і накіраваць вектар прафесійнага станаўлення ў неабходную плоскасць.
Трэцюю прычыну нізкай паспяховасці навучэнцаў мы бачым у самой арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, дакладней, у выбары галоўнай мэты ўстановы адукацыі. На наш погляд, галоўнай мэтай павінна быць выхаванне кожнага навучэнца высокамаральнай, культурнай, творча актыўнай, прадпрымальнай і сацыяльна сталай асобай. Навучанне ж ведам, уменням і навыкам з’яўляецца складовай часткай і асноўным сродкам выхавання.
Такім чынам, сёння перад педагогам стаіць няпростая задача — фарміраванне асобы, якая самарэалізоўваецца, здольная да навучання на працягу ўсяго жыцця. І акцэнт пераносіцца з засваення ведаў, уменняў і навыкаў на фарміраванне вучэбна-пазнавальных, камунікатыўных, сацыяльных, інфармацыйных кампетэнцый і асобаснага самаўдасканалення.
Што варта змяніць або ўдасканаліць, каб гэтыя кампетэнцыі былі сфарміраваны?
Змяніць характар адносін вучняў да навучання. Арганізацыя вучэбнага працэсу павінна быць такой, каб кожнаму навучэнцу была зразумела асобасная і грамадская значнасць яго актыўнай, творчай і карпатлівай вучэбнай работы.
Для таго каб інтэнсіфікаваць вучэбную работу кожнага навучэнца, недастаткова прамога ўздзеяння выкладчыка. Неабходна стварыць у вучэбнай групе сапраўдную каманду, рэферэнтную ў дачыненні да кожнага яго члена.

 Эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад матывацыі навучэнцаў, узроўню іх актыўнасці і ступені іх самастойнасці.

Каб своечасова выяўляць адставанне ў навучанні кожнага навучэнца і тут жа яго запаўняць, бягучы кантроль павінен мець усёахопны характар. Неабходна прыцягненне саміх навучэнцаў да правядзення бягучага кантролю і ацэнкі ў форме ўзаема- і самакантролю, узаема- і самаацэнкі пад кіраўніцтвам выкладчыка.
Эфектыўнасць вучэбнай работы навучэнцаў залежыць і ад развіцця ў іх здольнасці да навучання, таму на кожных занятках трэба ствараць умовы для фарміравання і развіцця ў навучэнцаў агульнавучэбных уменняў і навыкаў.
Навучанне павінна праводзіцца так, каб яно ў максімальнай ступені спрыяла выхаванню кожнага навучэнца як высокамаральнай, творча актыўнай і сацыяльна сталай асобы. Пакажам гэта на прыкладзе арганізацыі вучэбнай дзейнасці па дысцыплінах “Педагогіка” і “Псіхалогія”.
Для стварэння асобаснага сэнсу вучэбнай дзейнасці найбольш эфектыўна наступнае: змест — цікавы і значны; заданні — з творчым, прафесійна накіраваным характарам; магчымасці — праявіць ініцыятыву, самастойнасць, працаваць сумесна.
Для павышэння ўзроўню адукацыйнай матывацыі навучэнцаў выкарыстоўваецца комплекс педагагічных прыёмаў і сродкаў. Аснову складае сістэма інтэрактыўных метадаў навучання, якія маюць шэраг пераваг.
Метады стварэння спрыяльнай атмасферы і арганізацыі камунікацыі, якія выкарыстоўваюцца ў пачатку ўрока, прызначаны фарміраваць станоўчую матывацыю да дзейнасці, якая мае адбыцца, ствараць канструктыўную атмасферу ў адносінах удзельнікаў педагагічнага працэсу. Метады мыслядзейнасці служаць арганізацыі і стымуляванню разумовай дзейнасці навучэнцаў і педагога. Метады сэнсатворчасці спрыяюць развіццю інтэлекту, стварэнню новага або ўдакладненню вядомага сэнсу паняццяў, з’яў, тэрмінаў і г.д., развіццю творчасці. Метады рэфлексіўнай дзейнасці ствараюць умовы для ацэнкі навучэнцамі і педагогамі выніковасці работы і прадукцыйнасці развіцця, што дае магчымасць для самаматывацыі і аптымізацыі самаразвіцця.
Сістэма інтэрактыўных метадаў дазваляе фарміраваць станоўчую пазнавальную матывацыю навучэнцаў, ствараць канструктыўную атмасферу ў адносінах удзельнікаў педагагічнага працэсу, развіваць творчае ўяўленне, маўленне, мысленне.
Для павышэння матывацыі навучэнцаў педагог абавязаны выкарыстоўваць разнастайныя метады, сродкі і формы работы. Мы падзялілі іх на некалькі груп.
Да псіхалагічных (сацыяльных) метадаў матывацыі аднясём:
 матывацыю асабістым прыкладам, таму што цікавасць навучэнца да пэўнай дысцыпліны абумоўлена не толькі майстэрствам выкладання, але і асабістымі якасцямі педагога, сярод якіх пунктуальнасць, справядлівасць, адказнасць, сумленнасць і г.д.;
 стварэнне станоўчага мікраклімату ў групе, добразычлівы тон, таму што ветлівы настрой, роўныя, спакойныя зносіны — залог эфектыўнай працы;
 прадастаўленне максімальнай свабоды навучэнцам. Яшчэ Дэвід Маклеланд у сваёй тэорыі матывацыі (сярэдзіна ХХ стагоддзя) сцвярджаў, што ў чалавека тры патрэбы: поспеху, улады, дачынення. Кожны чалавек хоча адчуваць сваю прыналежнасць да якога-небудзь працэсу, усведамляць, што яго пункт гледжання прымаюць пад увагу, — гэта павышае матывацыю. Таму групе можна даць магчымасць выбраць метад бягучага ацэньвання ведаў, або форму выканання індывідуальнай самастойнай работы, або тэму рэферата, або варыянт задання;
 публічная пахвала, дэманстрацыя дасягненняў навучэнцаў, бо пахвала (асабліва публічная) з апісаннем добрых якасцей і асаблівасцей выкананай работы надае навучэнцам упэўненасць у сабе, павышае іх унутраную матывацыю і жаданне зноў дасягаць аналагічнага выніку, з часам яго павышаючы. З гэтай мэтай можна рэгулярна прадстаўляць работы навучэнцаў для публічнага азнаямлення на стэндах у вучэбных кабінетах.
Пры арганізацыі вучэбнага працэсу асаблівую ўвагу варта ўдзяляць непасрэднай сферы прымянення атрыманых ведаў; спалучаць і чаргаваць франтальную, групавую і індывідуальную формы работы з перавагай групавой; дакладна і адназначна тлумачыць дамашнія заданні з наяўнасцю варыятыўнасці, з творчым характарам. Вельмі часта дамашняе заданне не выконваецца толькі таму, што пры выдачы яно не суправаджаецца падрабязным тлумачэннем яго выканання. У той жа час ясная фармулёўка задання і тлумачэнне яго практычнай значнасці, магчымасць выбару і творчы момант павышаюць матывацыю да яго выканання.
Кантроль і ацэнка ведаў павінны быць пастаяннымі. Надзвычай важныя сістэматычнасць, рэгулярнасць, галоснасць, справядлівасць праверкі, а таксама веданне навучэнцамі крытэрыяў ацэнкі вучэбнай дзейнасці. Неабходна разбіраць памылкі тэстаў, самастойных, практычных і кантрольных работ, прыцягваць навучэнцаў да стварэння заданняў, праверкі работ сваіх аднагрупнікаў. Віды і формы праверкі пажадана рабіць разнастайнымі.
Мы мяркуем, што крытэрыямі сфарміраванасці адукацыйнай матывацыі навучэнцаў выступаюць унутраныя і знешнія паказчыкі, якія характарызуюць іх вучэбную дзейнасць. Знешнімі паказчыкамі з’яўляюцца якасны працэнт паспяховасці па дысцыпліне, высокая актыўнасць на занятках, творчы падыход да выканання вучэбных заданняў, ініцыятыўнасць, праяўленне цікавасці да прадмета, які вывучаецца. Да ўнутраных паказчыкаў адносяцца гатоўнасць асобы да самаадукацыі і самаразвіцця, атрымання дадатковых ведаў; устойлівае імкненне да авалодання прафесіяй.
З мэтай выяўлення выніковасці прапанаваных спосабаў, прыёмаў і сродкаў навучання, а таксама вывучэння адносін навучэнцаў да вучэбных заняткаў можна праводзіць наступныя дыягнастычныя працэдуры:
 складанне рэйтынгавых шкал для выяўлення прыярытэтных элементаў сістэмы матывацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасцю на занятках;
 метад апытання для вызначэння індэкса задаволенасці навучэнцаў заняткамі;
 анкетаванне сярод навучэнцаў з мэтай вызначэння ўзроўню ўнутранай матывацыі, якое варта праводзіць у 2 этапы: у пачатку навучання для кожнай групы (у верасні) і ў красавіку бягучага года з наступным параўнаннем атрыманых паказчыкаў.
Эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад матывацыі навучэнцаў, узроўню іх актыўнасці і самастойнасці.
Наш вопыт паказвае, што прапанаваныя вышэй спосабы і сродкі арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці спрыяюць фарміраванню станоўчай матывацыі навучэнцаў, павышаюць іх індывідуальную актыўнасць, развіваюць навыкі самастойнай дзейнасці і ў канчатковым выніку павышаюць якасць адукацыі.

Наталля КУДЗЕРКА,
Наталля БУДЗІШКА,
выкладчыкі Лідскага каледжа ГрДУ.