Навучанне на адлегласці: дастойны адказ на выклік часу

- 17:42Адукацыйная прастора

У сітуацыі, якая сёння склалася ў сувязі з распаўсюджваннем у краіне каранавіруса, каля 40% навучэнцаў прыходзяць на заняткі ва ўстановы адукацыі ( у сельскай мясцовасці гэтая лічба значна вышэйшая), астатнія ж дзеці па рашэнні бацькоў застаюцца на дамашнім навучанні. У выніку настаўнікам даводзіцца  праводзіць урокі ў сценах школы і не забываць пры гэтым пра тых, хто знаходзіцца дома. Як арганізоўваецца навучанне на адлегласці, якія электронныя платформы выкарыстоўваюць педагогі і наколькі эфектыўнае такое навучанне, мы спыталіся ў настаўнікаў-практыкаў.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана Аляксандраўна Іванюшына:

— Навучанне малодшых школьнікаў на адлегласці мае сваю спецыфіку, бо, згадзіцеся, менавіта ў пачатковых класах вельмі важнымі з’яўляюцца прамое ўзаемадзеянне дзяцей з настаўнікам і індывідуальны падыход да кожнага. Тым больш што сёлета я працую з першакласнікамі. Трэцяя частка вучняў класа вучыцца на адлегласці.

У сваёй рабоце я карыстаюся канструктарам урокаў Core  (https://coreapp.ai). Распрацоўваю ў ім урокі пісьма, чытання, матэматыкі, беларускай мовы, курса “Чалавек і свет”. А вось фізічную культуру, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне аддала на водкуп бацькам, тым больш што малююць, скачуць, бегаюць дзеці і без настаўніцкага нагляду.

Платформа Core дазваляе ўстаўляць відэа, ілюстрацыі, інтэрактыўныя практыкаванні, дабаўляць элементы тэсціравання, апытання, г.зн. атрымліваецца паўнацэнны ўрок на адлегласці. У яго я ўключаю відэаролікі, аўдыязапісы з уласным голасам (каб патлумачыць дзецям той ці іншы матэрыял). Кожны ўрок адпавядае той тэме, якую мы праходзім з выхаванцамі ў школе. Адзінае, я крыху змяншаю аб’ём матэрыялу, які яны павінны выканаць пісьмова. Чаму? Каб хапіла сіл і часу на выкананне, бо заданні я не тлумачу, вучні іх чытаюць самі, атрымліваецца двайная нагрузка. Аднак ідзе поўнае тлумачэнне тэмы ўрока і яе разбор, у дыстанцыйны ўрок уключаюцца элементы тэсціравання, якія дазваляюць праверыць, наколькі дзіця засвоіла тэму. Прычым малодшы школьнік сам гэта можа бачыць: ён атрымлівае каментарыі з дапамогай сэрвісу (пераглядзі відэа, адкрый тую ці іншую старонку і паглядзі штосьці). Кожнаму з дзяцей, хто застаўся дома, па выніках выкананых заданняў даю разгорнутую зваротную сувязь. Дзеці ў гэтым сэрвісе дасылаюць фотаздымкі сваіх сшыткаў, якія я размяшчаю ў графічным рэдактары, потым аналізую, што ў іх атрымалася добра, над чым ім трэба папрацаваць, і даю разгорнуты каментарый. Такой зваротнай сувяззю бацькі застаюцца задаволены. Яна ім нават больш зразумелая, чым тая, калі дзіця ў школе і атрымлівае вусны каментарый настаўніка.

Можа здацца, што з першакласнікамі вельмі складана наладзіць навучанне на адлегласці, што гэта вялікая зрокавая нагрузка на пачаткоўцаў, аднак гэта толькі на першы погляд. Калі ўсё правільна арганізаваць, дакладна дазіраваць матэрыял, улічваць рэкамендацыі СанПіНа, то ўсё атрымаецца. Я, напрыклад, уключаю ва ўрок шмат аўдыяматэрыялаў замест відэа, і ў выніку дзіця не глядзіць на экран, а слухае. Не дабаўляю ніякіх зрокавых фізкультхвілінак, замест гэтага магу прапанаваць вучню заданні на практычнай аснове, якія адцягваюць увагу ад экрана гаджэта: паглядзець у акно, палічыць у пенале алоўкі і г.д. Пісьмовыя заданні першакласнікі выконваюць у сваіх сшытках. І калі раней перажывала, як маленькія дзеці гэта могуць рабіць самі, то зараз я ў захапленні ад сваіх выхаванцаў і іх бацькоў, якія здымаюць і дасылаюць відэа­ролікі пра тое, як вучацца іх дзеці. Яны ўсё поўнасцю робяць самі: заходзяць на сервер, уводзяць імя і прозвішча, праглядаюць усе патрэбныя ролікі і выконваюць заданні.

Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 111 Мінска Людміла Аляксееўна Вароніна:

—  У нас у школе арганізавана і навучанне на адлегласці, і навучанне афлайн. Я праводжу ўрокі матэматыкі ў 6-х класах і ўрокі інфарматыкі пачынаючы з 7 класа. Для тлумачэння новых тэм выкарыстоўваю платформу Mееt.mе (https://meet.naveksoft.com). Наколькі мне вядома, многія педагогі прымяняюць Zoom, але гэтая платформа апошнім часам працуе не заўсёды карэктна і адчуваюцца хакерскія атакі. Таму я выбрала платформу Mееt.mе беларускіх вытворцаў, серверы якой размешчаны ў нашай краіне. Платформа працуе вельмі добра, ёй вельмі  проста карыстацца. Колькі мы з дзецьмі ні ўзае­мадзейнічалі на гэтай платформе, ні разу ніякіх нараканняў не было. Спачатку, праўда, ёй можна было карыстацца толькі на стацыянарных камп’ютарах і ноўтбуках, аднак распрацоўшчыкі пачулі нас і зрабілі дадатак, якім можна карыстацца і на тэлефоне, і на планшэце. Дзеці з задавальненнем устанавілі сабе гэты дадатак, і з 22 красавіка мы з ім працуем.

Я з’яўляюся кіраўніком творчай групы па інфарматызацыі ў школе, і многія настаўнікі звярталіся да мяне па дапамогу. Парэкамендавала ім гэты дадатак — і яны таксама з лёгкасцю ім карыстаюцца.

У дадатку ёсць магчымасць уклю­чаць дэманстрацыю матэрыялу, пэўныя анлайн-дошкі, на якіх я магу у рэжыме рэальнага часу паказваць, што  тлумачу, вычэрчваю, якія прыклады ці задачы рашаюцца. Ёсць магчымасць прадэманстраваць кароткае відэа з пэўнага сайта, прэзентацыю, а таксама атрымаць зваротную сувязь ад дзіцяці. Ёсць чат, дзе вучань можа задаць пытанне, як аўдыяльна, так і пісьмова, бо бывае, што ў некаторых вучняў узнікаюць праблемы з мікрафонам.

У нас яшчэ створана дзіцячая група ў “Вайберы”, дзе вучні ў выпадку ўзнікнення цяжкасцей просяць яшчэ раз патлумачыць той ці іншы матэрыял. Тады праводжу анлайн-канферэнцыю або разам з вучнямі рыхтуемся да самастойнай работы.

Акрамя гэтага, выкарыстоўваю  на ўроках інфарматыкі канструктар урокаў Core. У ім ствараю ўрокі, дзе размяшчаю відэа, прэзентацыі, тэсты. Дзеці бачаць тэму, мэты заняткаў, ідзе тлумачэнне матэрыялу. Гэтая платформа дазваляе  любому настаўніку стварыць урок з нуля. Лёгка правяраць выкананыя заданні, усе вынікі захоўваюцца. Дзіцяці не трэба праходзіць вельмі складаную рэгістрацыю. Часта дастаткова напісаць прозвішча і імя і правесці ўрок.

Асноўны сродак, з дапамогай якога мы ўзаемадзейні­чаем з дзецьмі, — гэта электронны дзённік (платформа schools.by), бо трапіць на канферэнцыю ці на ўрок яны не змогуць, не ведаючы, дзе, калі і што адбудзецца. Спасылкі замацоўваюцца ў дамашнім заданні. Зараз па даручэнні камітэта па адукацыі мы з калегамі пачалі тэсціраваць яшчэ адну платформу — https://ivcs.g-cloud.by.

Некаторыя тэставыя работы па інфарматыцы навучэнцы пішуць з выкарыстаннем Google-форм. Напярэдадні я паведамляю старшакласнікам аб напісанні самастойнай работы. Google-формы простыя ў выкарыстанні, запаўняюцца  і з тэлефона, і з планшэта. Каб забяспечыць аб’ектыўнасць ацэньвання ведаў, выстаўляецца час выканання работы.

Са сваёй калегай настаўніцай інфарматыкі Наталляй Іванаўнай Жывіца я запісала серыю відэаўрокаў па інфарматыцы, якія таксама актыўна выкарыстоўваю ў адукацыйным працэсе. Пакуль іх не вельмі многа. Так, для 6 класа створаны ўрокі па тэмах “Выканальнік Чарцёжнік”, “Вывучэнне і змяненне гатовых праграм”,  для 8 класа  — “Работа з тэкстам”, “Спісы і калонкі” (гэта сумесныя распрацоўкі сярэдняй школы № 111 і ІТ-школы Comp-As). Дадзеныя відэаўрокі размешчаны на Youtube.

Я і раней выкарыстоўвала ў практыцы сваёй работы анлайн-навучанне, таму вялікіх цяжкасцей у новых умовах не ўзнік­ла. У дзяцей таксама навучанне на адлегласці складанасцей не выклікае. У сваім чаце яны нават хутчэй за мяне рэагуюць на пэўныя запыты і прыходзяць на дапамогу таварышам.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 5 Баранавіч Вольга Аляксандраўна Банкевіч:

— Сёлета я працую ў 5-х класах. На заняткі прыходзіць каля 30—40% навучэнцаў, а з тымі дзецьмі, якія вырашылі вучыцца дома,  арганізавана навучанне на адлегласці. Маючы дзесяцігадовы вопыт работы з платформай Moodle (у 2010 — 2012 гадах у нас у гімназіі быў рэалізаваны інавацыйны праект па распрацоўцы дыстанцыйных курсаў), ніякіх асаблівых цяжкасцей у сувязі з гэтым я не адчула. Курс для пяцікласнікаў напаўняю разнастайнымі матэрыяламі, якія адпавядаюць вучэбна-метадычнаму комплексу Н.В.Дземчанка, што быў узяты за аснову. Прычым практыкаванні і заданні, якія я прапаноўваю вучням, не дубліруюць заданні падручніка ці рабочага сшытка, а дапаўняюць іх.

Кожны раздзел курса падзелены на ўрокі, кожны ўрок утрымлівае розныя віды маўленчай дзейнасці, прычым адзін і той жа від маўленчай дзейнасці можа паўтарацца. Для большай нагляднасці і лепшага запамінання матэрыялу выкарыстоўваю прэзентацыі, шматлікія відэа, часта з Youtube-канала (каб пазбег­нуць непажаданай рэкламы, відэа менавіта спампоўваю). Тэорыя падаецца пяцікласнікам у схемах, табліцах, а для адпрацоўкі засвое­ных ведаў прапаноўваюцца практыкаванні. Аўдыядадатак ВМК таксама выкарыстоўваецца: у курс уключаюцца аўдыя­файлы і прапаноўваюцца заданні на разуменне тэксту. Новыя лексічныя адзінкі, якія павінны ўводзіцца па вучэбнай праграме, дапамагае вывучаць анлайн-сэрвіс Voki. З яго дапамогай дзеці могуць паслухаць правільнае вымаўленне слоў. Дарэчы, гэты сэр­віс эфектыўны для ўдасканалення навыкаў успрымання і разумення іншамоўнай гаворкі на слых.

Пісьмовыя заданні вучні таксама выконваюць. Каб праверыць і ацаніць сябе пасля выканання задання, дзеці чытаюць каментарый настаўніка, у якім размяшчаецца правільны ва­рыянт. Вучань параўноўвае свой варыянт з правільным.

Змест курса прадугледжвае ўсе напрамкі дзейнасці, акрамя вуснага маўлення. Аднак і тут выйсце з сітуацыі знайшлося. Калі вучні выконваюць практыкаванне на пераказ, то ў іх атрымліваецца пэўны тэкст, які неабходна вывучыць і расказаць праз відэазванок па “Вайберы” настаўніку. Гэтак жа дзейнічаем, калі ім па прапанаваным плане неабходна напісаць невялікае эсэ або падрыхтаваць паведамленне.

У курсе абавязкова прадугледжваюцца рухавыя фізкульт­хвілінкі.

Для таго каб ацаніць вучняў, у дыстанцыйным курсе выкарыстоўваюцца шматлікія практыкаванні. Напрыклад, вучань чытае тэкст у падручніку і робіць практыкаванне на яго разуменне. Часта гэтыя практыкаванні выконваюцца вучнямі ў праграме Hot Potatoes. Перавага яе ў тым, што аўтаматычна паказваюцца правільныя адказы і памылкі навучэнцаў. Прычым колькасць спроб выканання тых ці іншых заданняў не абмяжоўваецца, і вучні могуць спрабаваць выконваць іх шмат разоў, пакуль не дасягнуць стапрацэнтнага выніку. Настаўнік бачыць, колькі спроб дзіця зрабіла, якія памылкі ў яго былі ў кожнай са спроб. У выніку такога аналізу  можна паставіць аб’ектыўную адзнаку.

Работа вядзецца вельмі сур’ёзная, напружаная, бо распрацоўка дыстанцыйнага курса сапраўды патрабуе шмат часу. Аднак многія цяжкасці здымаюцца тым, што пяцікласнікі не працуюць з рознымі платформамі, як старшакласнікі, а рэгіструюцца ў адным месцы на адной платформе  і кожны заходзіць у сістэму пад сваім логінам і паролем. Настаўнік жа бачыць дзеянні кожнага вучня: што яны рабілі, калі заходзілі, колькі часу затрацілі на вучобу і г.д. Нават тыя дзеці, што прыходзяць у школу на заняткі, з задавальненнем выконваюць заданні ў дыстанцыйным курсе.

Настаўнік фізікі і інфарматыкі гімназіі № 3 Барысава Ягор Аляксеевіч Мандрык:

— У нашай гімназіі заняткі наведваюць працэнтаў 30 навучэнцаў. Больш актыўна прыходзяць ва ўстанову навучэнцы 6—7-х і 9-х класаў. Што тычыцца арганізацыі навучання на адлегласці, то я і мае калегі ў новы фармат уключыліся з цікавасцю. Усе нашы настаўнікі з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ, таму, каб уцягнуцца ў гэты працэс, спатрэбіўся ўсяго тыдзень. У сваёй рабоце мы карыстаемся платформай Moodle. У цяперашні час штодзённа на ёй працуюць 700—800 навучэнцаў. Прычым вучні разабраліся ў ёй хутка, бо на гэтым рэсурсе праходзяць усе алімпіяды ў раёне і вобласці.

Фізіку я выкладаю ў 7, 8 і 11-х класах, а інфарматыку — з 7 па 11 класы. У мяне на адлегласці вучацца 156 чалавек. Галоўнае для мяне — не прымушаць дзяцей вывучаць той ці іншы матэрыял, а зацікавіць ім. Таму важна, каб заданні былі не сумнымі і сухімі, а цікавымі і матывуючымі. Мая прынцыповая пазіцыя — без эксперымента ўрок фізікі непаўнацэнны. Каб вывучыць тую ці іншую з’яву, трэба спачатку яе ўбачыць, бо, як бы дэталёва і зразумела ні выкладаў тэму настаўнік, у вучняў пры гэтым не ўзнікае асацыяцый з жыццём.

Часта ў межах дыстанцыйнага навучання прапаную вучням прачытаць матэрыял параграфа і зрабіць яго сціслы канспект. Пры гэтым вучэбны матэрыял суправаджаецца відэаматэрыяламі, прэзентацыямі. Выкарыстоўваюцца і фрагменты відэаўрокаў. Неацэнную дапамогу ў гэтым аказвае Youtube-канал “Адукацыя ў Гродне”, на якім размешчаны відэаўрокі мясцовых педагогаў. Затым прапаноўваю сваім выхаванцам рашыць пэўныя задачы пасля параграфа. Каб кантраляваць працэс іх выканання, прашу навучэнцаў сфатаграфаваць выкананыя заданні, у гэтай жа праграме прымацаваць іх і даслаць на праверку. Праверыць кожны раз усіх, а ў мяне каля 30 вучняў  у кожным класе, я не магу, а вось выбарачна 6—10 работ абавязкова правяраю, наступны раз — столькі ж. Гэта не дае магчымасці дзецям разнявольвацца, яны ведаюць, што іх работа абавязкова будзе ацэнена. 

Для кантролю і ацэнкі ведаў выкарыстоўваю тэсты. Дзяцей у пачатку вывучэння той ці іншай тэмы папярэджваю пра напісанне выніковага тэста. Звычайна распрацоўваю іх абмежаванымі па часе, каб выключыць варыянт спісвання і выкарыстання пэўных падручных матэрыялаў. Напрыклад, тэст можа быць даступны на працягу трох гадзін і вучні разу­меюць, што да яго сапраўды трэба падрыхтавацца, а не ўзяць у адну руку падручнік, а ў другую — мышку і адказваць на пытанні. Што вельмі важна, ёсць зваротная сувязь і дзеці адразу ба­чаць свае вынікі. Пасля напісання тэстаў аўтаматычна выстаўляецца адзна­ка. Настаўнік таксама бачыць адказы вучня і можа пракаменціраваць іх ці даць пэўныя тлумачэнні.

Як форму дамашняга задання практыкую дамашні эксперымент. Самыя дапытлівыя вучні могуць правесці яго дома, запісаць на відэа і накіраваць настаўніку. А потым на ўроку відэа можна прадэманстраваць класу, абгрунтаваць убачанае.

Крыху непрывычна працаваць без жывой зваротнай сувязі. Якасць выкладання на адлегласці, безумоўна, адрозніваецца ад вочнага навучання. Калі ты працуеш з класам, то ведаеш, да каго трэба падысці дадаткова, штосьці патлумачыць, а каму дастаткова штосьці даць прачытаць і потым прапаноўваць дадатковыя заданні, каб ён вывучаў матэрыял больш паглыблена. А тут вучні стаяць на адной прыступцы і ты не можаш стапрацэнтна кантраляваць сітуацыю. Праўда, з пазамінулага тыдня ў гімназіі прадугледжаны кансультацыі для дзяцей, якія вучацца дома і жадаюць павысіць сваю адзнаку ці разабрацца з тэмай, якую не змаглі засвоіць самастойна.

У сённяшніх умовах нагрузка на настаўніка, безумоўна, павялічылася: ты спачатку праводзіш урок у класе, а потым працуеш на адлегласці. Крыху спрашчае работу тое, што матэрыялы, размешчаныя ў інтэрнэце, прапаноўваюцца для выканання вучням, якія наведваюць школу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.