Навучанне — па здольнасцях

Многія дарослыя перакананы, што калі іх дзіця ў дашкольным узросце будзе шмат ведаць, калі будзе атрымліваць высокія адзнакі ў школе і ўніверсітэце, то гэта забяспечыць яму дабрабыт і поспех у будучыні. Дарослыя прыкладаюць максімум намаганняў для ранняга пазнавальнага развіцця малых, імкнуцца хутчэй падрыхтаваць іх да дарослага жыцця. Рынак рэагуе на гэтыя запыты, актыўна прапаноўваючы адпаведныя паслугі пад лозунгамі “чытанне з пялёнак”, “матэматыка з пялёнак”, “геній у калясцы”. Аб гэтым падчас II Форуму педагогаў дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці “Арыенціры дзяцінства” расказала Алеся Валянцінаўна Елупахіна, старшы выкладчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскага абласнога ІРА.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

“Традыцыйна пад пазнавальным развіццём бацькі разумеюць аб’ём канкрэтных ведаў, уменне чытаць, пісаць, лічыць, вузкапрадметныя ўменні і дасягненні дзіцяці, — гаворыць Алеся Валянцінаўна. — Многія бацькі, а часам і педагогі, звяртаюцца да слоў вядомага псіхолага Льва Сямёнавіча Выгоцкага аб тым, што навучанне вядзе за сабой развіццё. Але гэтая фраза ўзята з кантэксту. Вучоны гаварыў пра тое, што толькі тое навучанне ў дзіцячым узро­сце добрае, якое ідзе ўперадзе развіцця і вядзе развіццё за сабой. А эфектыўнасць навучання, якое будзе весці за сабой развіццё, залежыць не ад таго, які аб’ём інфармацыі і якія ўменні атрымае дзіця, а ад магчымасцей узросту, заканамернасцей развіцця дзіцяці ў пэўным узросце, тых відаў дзейнасці, у якіх яно на тым ці іншым узроставым этапе бу­дзе максімальна паўнацэнна развівацца. Навучаць дзіця магчыма і неабходна толькі таму, чаму яно здольна навучацца. Неабходна актыўна працаваць у кірунку павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, каб яны разумелі, што развіццё чалавека — гэта сістэмны, паслядоўны працэс, што нельга пераскокваць праз пэўныя яго перыяды і прапускаць важныя ўзроставыя этапы і вырашэнне ключавых задач маленства, дашкольнага ўзросту і г.д. Розныя функцыі, якасці і сістэмы дзіцяці развіваюцца нераўнамерна. Галоўны прынцып, якога трэба прытрымлівацца, — індывідуалізацыя адукацыйнай работы з дзецьмі, улік індывідуальных магчымасцей і здольнасцей кожнага. Гаворачы аб жаданні і імкненні бацькоў пераскочыць праз пэўны этап дашкольнага дзяцінства, як мага раней пачаць навучанне чытанню, ліку, пісьму, хочацца спытаць у такіх дарослых: чаму, напрыклад, малодшага школьніка мы не ўцягваем у працоўную дзейнасць і не адпраўляем зарабляць грошы, а дзіця 3—4 гадоў са­джаем за парту з упэўненасцю, што прыносім яму карысць? Што ж трэба разумець пад пазнавальным развіццём? Гэта шматкампанентнае паняцце, а не толькі і не столькі засваенне пэўнага аб’ёму інфармацыі і якіх-небудзь уяўленняў і ўменняў. Пазнавальнае развіццё — гэта, па сутнасці, уся жыццядзейнасць дзіцяці. Яна ўключае пазнавальныя і псіхічныя працэсы, адчуванні, успрыманне, памяць, мысленне, увагу, уяўленне, пазнавальную матывацыю і дапытлівасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць, спосабы пазнавальнай дзейнасці (інструменты, якія дазваляюць пазнаваць навакольны свет). Гэта і першаснае ўяўленне дзіцяці аб сабе і навакольным свеце. Самае галоўнае, што пры пазнавальным развіцці адсутнічае нарматыў або аб’ём уяўленняў, ведаў і ўменняў”.

Вучоныя і даследчыкі сцвярджаюць, што дашкольны ўзрост — гэта сензітыўны перыяд, гэта значыць адчувальны, успрымальны і спрыяльны для таго, каб разві­ваць пазнавальную актыўнасць, дапытлівасць дзіцяці. Яму ўласцівы нястомнае жаданне ўражанняў, імкненне назіраць, штосьці даведвацца, задаваць пытанні, эксперыментаваць, шукаць свае спосабы і адказы на загадкі навакольнага асяроддзя. З дапамогай гэтых характарыстык звычайна апісваюць дашкольніка. Але сучасныя навуковыя даныя (паводле маштабных даследаванняў, якія право­дзіліся ў Беларусі і Расіі) паказваюць, што ўжо ў дашкольным узросце ў сучасных дзяцей выяўляюцца стэрэатыпізацыя пазнавальных дзеянняў, зніжэнне даследчай актыўнасці і жадання пазнаваць або самастойна дзейнічаць, многія жадаюць атрымаць адказы на пытанні без дадатковых намаганняў.

У дзяцей, якія ідуць у 1 клас, першыя часы назіраюцца сур’ёзныя эмацыянальныя праблемы, эмацыянальны дыскамфорт, парушэнні неўратычнага характару. Да школы ў іх не сфарміравана правільнае маўленне, існуюць дэфіцыт адвольных паводзін, парушэнне ўвагі, памяці, разумовых аперацый. Атрымліваецца, што, з аднаго боку, дарослыя прыкладаюць шмат намаганняў, каб раней пачаць развіваць дзяцей, а з другога — мы бачым негатыўныя наступствы гэтага для развіцця і здароўя дзяцей. Таму важным з’яўляецца стварэнне педагагічных і адукацыйных умоў для таго, каб патэнцыяльныя магчымасці дашкольнага ўзросту і рэсурсы кожнага дзіцяці ў пазнавальным развіцці былі рэалізаваны. Такія задачы перад педагогамі ставяць і нарматыўныя дакументы, у прыватнасці, адукацыйны стандарт і вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. Сістэмаўтваральным элементам пры арганізацыі адукацыйнага працэсу павінны выступаць віды дзейнасці дзяцей, якія адпавядаюць іх узросту. Трэба фарміраваць дзіцячую ініцыятыву і самастойнасць у розных відах дзейнасці, забяспечваць малому рознабаковае развіццё з улікам яго ўзроставых і індывідуальных магчымасцей і здольнасцей, у тым ліку развіццё пазнавальнай актыўнасці, дапытлівасці і тых якасцей, без якіх сучаснаму чалавеку не выжыць. Сістэма дадатковай адукацыі і, у прыватнасці, спецыялісты кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі МАІРА, аператыўна рэагуюць і ўлічваюць актуальныя задачы, якія стаяць перад педагогамі рэгіёна, і аказваюць метадычнае суправаджэнне і падтрымку іх прафесійнага развіцця.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.