Навучанне — прагрэсіўнае, выхаванне — актыўнае: так можна сказаць пра ўстановы адукацыі Верхнядзвінскага раёна

- 9:45Актуально, Образование

Арганізацыя вучэбна-­выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі і сустрэчы з педагогамі былі ў цэнтры ўвагі Андрэя Іванца падчас наведвання Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Асноўным пунктам для наведвання стала сярэдняя школа № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян, дзе міністр адукацыі сустрэўся з педагагічным калектывам, азнаёміўся з арга­нізацыяй адукацыйнага працэсу, наведаў вучэбныя кабінеты, харчаблок, школьны гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Новыя магчымасці для арганізацыі адукацыйнага працэсу ўстанова адукацыі атрымала ў 2018 годзе, калі адбыўся капітальны рамонт і мадэрнізацыя. У выніку будынак стаў яшчэ і энергаэфектыўным: сонечныя па­нэлі, устаноўленыя на даху школы, забяспечваюць яе гарачай вадой, а ўцепленыя сцены ў міжсезонне даюць магчымасць мець камфортную тэмпературу.

У 2-й школе Верхнядзвінска вучацца 503 чалавекі, з якіх на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі — 195, на II — 261, на III — 47 навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечвае 51 педагог, з якіх 23 настаўнікі — выпускнікі гэтай школы розных гадоў. Сярод педагогаў трое з’яўляюцца лаўрэатамі абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспуб­лікі Беларусь”.

Педагогі ганарацца сваімі адоранымі і таленавітымі навучэнцамі. Сярэдняя школа № 2 Верхнядзвінс­ка займае лідзіруючыя пазіцыі ў раён­най круглагадовай спартакіядзе і з’яўляецца раённай базай для падрыхтоўкі спартсменаў да абласных і рэспуб­ліканскіх спаборніцтваў.

Акрамя таго, тут створаны выдатныя ўмовы для набыцця працоўных навыкаў. Для ўсіх навучэнцаў школ раёна, якія вывучаюць вучэбныя прадметы на базавым узроўні, у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” арганізавана прафесійная падрыхтоўка па прафесіях сталяр і швачка з выдачай пасведчання аб прысваенні 2-га кваліфікацыйнага разраду.

Да таго ж школа абсталявана станкамі з лічбавым праграмным абсталяваннем. Ёсць лазерна-гравіравальны, фрэзерны станкі і 3D-прынтар, што дазваляе вучыць дзяцей з дапамогай камп’ютарнай праграмы, ства­раць трохмерны дызайн аб’екта і ператвараць віртуальную мадэль у рэальны аб’ект. У рамках шостага школьнага дня аб’яднанне па інтарэсах “Тэхнічнае мадэляванне” наведваюць і навучэнцы з іншых школ Верхнядзвінскага раёна.

Характэрнай рысай сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска з’яўляецца гнуткая дыферэнцыяцыя, шырокі выбар напрамкаў навучання. Сёння вучні для вывучэння на павышаным узроўні могуць выбраць матэматыку, хімію і біялогію, рускую, беларускую, англій­с­кую мовы.

Працуюць таксама аб’яднанні па інтарэсах інтэлектуальнай і творчай накіраванасці, спартыўныя секцыі. Вучні школы — актыўныя ўдзельнікі прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, мастацкіх выстаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў раённага і абласнога ўзроўню.

Змястоўнай стала сустрэча мі­ністра адукацыі з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Верхнядзвінскага раё­на, падчас якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні адукацыйнага працэсу, вынікі рэпетыцыйнага ЦЭ, ступень гатоўнасці да правядзення цэнтралізаванага экзамену, уступнай кампаніі, далейшага функцыянавання ўстаноў адукацыі, якасці адукацыі, пад­рыхтоўкі спецыя­лістаў.

Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням выхавання дзяцей і моладзі, прафілактыцы сямейнага недабрабыту, супрацьпраўных паводзін. Міністр падкрэсліў, што ў вырашэнні гэтых пытанняў ключавая роля адводзіцца педагогу, які павінен быць уважлівым да кожнага дзіцяці.

Увогуле, у 2022/2023 навучальным годзе ў Верхнядзвінскім раёне функцыянуе 29 устаноў адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Верхнядзвінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, раённы вучэбна-метадычны кабінет. У сістэме адукацыі раёна працуе 851 чалавек.

Штогод у раёне адкрываюцца групы педагагічнай накіраванасці. Па выніках уступнай кампаніі 2022 года 14 выпускнікоў 11-х класаў і 13 выпускнікоў 9-х класаў паступілі на педагагічныя спецыяльнасці ў профільныя ўстановы адукацыі краіны. З іх па дагаворах аб мэтавай падрыхтоўцы — 12.

Адным з прыярытэтных напрамкаў работы ва ўстановах адукацыі вызначана грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У 2022/2023 навучальным го­дзе чатыром установам адукацыі Верхнядзвінскага раёна прысвоены імёны герояў Савецкага Саюза, знакамітых землякоў. У трох установах створаны і працягва­юць развівацца школьныя музеі, плануецца адкрыццё музейнага пакоя, прысвечанага ваенна-марскому флоту. У школах раёна актыўна ажыццяўляецца турыстычна-краязнаўчая і экскурсійная дзей­насць.

Па матэрыялах сайта Мінадукацыі падрыхтавала
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта школы