Навучанне — праз адкрыццё, або Што такое эўрыстычны дыялог

“Практычна любая сістэма адукацыі пачынаецца з пытання “Хто ёсць чалавек?”. Гаворка ідзе пра погляд на прыроду чалавека. Адказ на пытанне “Хто ёсць чалавек?” з’яўляецца першым, метадалагічным, узроўнем праектавання сістэмы адукацыі, які раскрывае сутнасць пытання “Навошта вучыць?”. І толькі пасля адказу на гэтае пытанне мы можам перайсці да другога ўзроўню — “Чаму вучыць?”, а затым і да трэцяга, выканаўчага, — “Як вучыць?”.

Сёння шмат гаворыцца пра тое, як ву­чыць, часам — чаму вучыць. Але практычна па-за полем пошукаў і абмеркаванняў застаецца пытанне “Навошта вучыць?”. Многія таксама задаюцца пытаннем “Якой будзе адукацыя будучыні?”. Напрыклад, у 2030 годзе? І па гэтых пытаннях праводзіцца мноства розных форумаў, навуковых канферэнцый. Гучаць словы аб глабальнай ролі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыі, штучным інтэлекце. Масавай будзе адукацыя або элітарнай? Гэтае і іншыя пытанні суадносяць перш за ўсё з пытаннем “Навошта вучыць?”. Які погляд на прыроду чалавека? Ці існуе сам чалавек як заказчык сваёй адукацыі?

І як бы вы адказалі?”

Гэта цытата з кнігі рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя Дзмітрыевіча Караля “Обучение через открытие: в поисках ученика. Книга для Учителя и Родителя”, якая выйшла ў выдавецтве “Вышэйшая школа”. Прэзентацыя выдання адбылася 7 лютага падчас XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Кніга з’яўляецца вынікам 15-і гадоў працы ў галіне новага навуковага кірунку ў сучаснай педагогіцы — дыдактычнай сістэмы навучання, якая базіруецца на канцэпцыі эўрыстычнага дыялогу.

У якасці экспертаў на прэзентацыі выступілі дырэктар выдавецтва “Вышэйшая школа” А.П.Нячаеў, рэдактары выдавецтва “Вышэйшая школа” В.В.Ракіцкая і Ю.А.Місюль, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета” С.У.Мазурына, загадчык кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта БДУ кандыдат юрыдычных навук А.М.Здрок.

У пачатку сустрэчы Андрэй Дзмітрыевіч расказаў прысутным, сярод якіх было шмат студэнтаў, педагогаў розных устаноў адукацыі, як стваралася кніга, якая яе асноўная думка. Па меркаванні аўтара, дадзеная кніга-дыялог з’яўляецца чарговым этапам у прадстаўленні двух навуковых кірункаў сучаснай педагогікі — дыдактычнай эўрыстыкі і сістэмы навучання на аснове эўрыстычнага дыялогу. Эўрыстычны характар адукацыі грунтуецца не на атрыманні гатовай і правільнай тэорыі, а на стварэнні для навучэнцаў уласнага адукацыйнага прадукту, які адрозніваецца ад адукацыйнага прадукту іншага вучня. Для стварэння адукацыйнага прадукту прапануецца вывучыць галіну рэчаіснасці, зыходзячы з асабістых асаблівасцей, і толькі затым супаставіць атрыманы вынік з дасягненнем чалавецтва па дадзенай тэме — культурна-гістарычным аналагам.

У выніку дыялогу “свайго” з “чужым” кожны вучань робіць не проста ўласныя адкрыцці па вучэбных прадметах, але і адкрывае сябе: разумее, кім ён не з’яўляецца, вучыцца бачыць межы свайго няведання, задаваць пытанні, ставіць мэты і рэфлексаваць, развівае пазнавальныя, крэатыўныя, арганізацыйныя здольнасці. Бо якасць адукацыі вызначаецца не “сумай” навук, перададзенай навучэнцам. У гэтым выпадку мы працавалі б на склад будматэрыялаў і падрыхтоўку кладаўшчыка, гатовага адпусціць гэтыя матэрыялы па першым патрабаванні. Важна навучыць вучня “будаваць дом”, таму якасць адукацыі наўпрост залежыць ад таго, наколькі мы змаглі выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага.

У тэхналогіі эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу пытанне вучня з’яўляецца галоўным метадалагічным і метадычным інструментам у стварэнні асабістага адукацыйнага прадукту. Навучыць вучня задаваць пытанні — ключ да развіцця крэатыўнай, маральна сталай асобы, здольнай да самазмяненняў і адміністравання свайго адукацыйнага, а потым і жыццёвага шляху.

Пасля таго як А.Д.Кароль прадставіў сваю кнігу, слова ўзяў дырэктар выдавецтва “Вышэйшая школа” А.П.Нячаеў, а таксама рэдактары В.В.Ракіцкая і Ю.А.Місюль, якія выказалі свае ўражанні, што ўзніклі падчас работы над рукапісам. Дарэчы, зараз выдавецтва рыхтуе да друку яшчэ адну кнігу А.Д.Караля, прысвечаную цікавай тэме — навучанню праз маўчанне.

С.У.Мазурына, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Народная асвета”, дзе з 2015 года друкаваліся артыкулы А.Д.Караля ў аўтарскай рубрыцы, падкрэсліла значнасць ідэй эўрыстычнага навучання для сучаснай школы, сучаснага настаўніка, які, навучаючы моладзь, сам павінен навучацца новаму, умець творча, нестандартна мысліць, не даваць сваім выхаванцам гатовых адказаў, а падштурхоўваць да самастойных адкрыццяў. Гэтая думка была працягнута і ў выступленні А.М.Здрок, якая паведаміла прысутным, з чым ёй давялося сутыкнуцца пры арганізацыі эўрыстычнага навучання ў студэнцкай аўдыторыі, расказала аб першых адчувальных выніках — высокай матывацыі навучэнцаў, зацікаўленасці прадметам.

Напрыканцы сустрэчы А.Д.Кароль адказаў на пытанні прысутных, якія ўжо пазнаёміліся са зместам кнігі, а таксама тых, хто зацікавіўся ёй. Кожны жадаючы (а іх аказалася нямала) змог атрымаць аўтограф аўтара і зрабіць фотаздымак на памяць аб творчай сустрэчы.

Святлана ФАМІЧОВА.