Навучанне праз выхаванне

Правядзенне дэкады англійскай мовы ў лютым стала добрай традыцыяй у гімназіі № 1 Баранавіч. Англійская мова ― не мэта, а сродак навучання. Менавіта гэты прынцып прыярытэтны для педагогаў у падрыхтоўцы і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў па прадмеце, а таксама ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ўвогуле. Англійская мова, з’яўляючыся міжнароднай, мае важнае значэнне ў сучасным беларускім грамадстве. Колькасць замежных грамадзян, якія жадаюць наведаць нашу краіну і ўбачыць яе прыгажосць, расце з кожным днём. Такая форма арганізацыі вучэбнага працэсу, як прадметныя тыдні, скіравана на павышэнне ўзроўню адукацыі навучэнцаў, пашырэнне кругагляду, далучае вучняў да самастойнай дзейнасці. Адна з галоўных задач, якую ставяць перад настаўнікамі замежнай мовы падчас правядзення дэкады, ― выявіць вучняў, якія валодаюць высокім творчым патэнцыялам і імкнуцца да паглыбленага вывучэння мовы.

Акцыя “Каралеўская латарэя” (Royallottery) сёлета адкрыла дэкаду англійскай мовы. Сама каралева Вялікабрытаніі сустракала настаўнікаў, навучэнцаў, а таксама іх бацькоў у холе гімназіі. Удзельнікам латарэі прапаноўваліся розныя займальныя заданні. Напрыклад, адказаць на пытанні, перакласці словы з рускай на англійскую мову, скласці прыказку і іншае. Для ўдзельнікаў акцыі настаўнікі замежнай мовы падрыхтавалі брашуры з малавядомымі фактамі пра краіну, мову якой вывучаюць.

Асабліва зацікавіла навучэнцаў экспазіцыя гімназічных праектаў: “Мы ― за здаровы лад жыцця”, “Няма гвалту ў нашай гімназіі”. Тэматыка праектных работ абрана невыпадкова. Стварэнне ўмоў для фарміравання і развіцця здаровага, маральна ўстойлівага, арганізаванага, адказнага грамадзяніна нашай краіны — адна з прыярытэтных задач гімназіі.

Гарачыя спрэчкі разгарэліся падчас дэбатнага турніру на англійскай мове сярод вучняў 8—10 класаў па тэме “Ці можна купіць шчасце за грошы?” (Money buys happines). Мерапрыемства мела на мэце сфарміраваць у навучэнцаў талерантнага стаўлення адзін да аднаго, павагі да меркавання іншых, турнір спрыяў удасканаленню камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў. Уразіла настаўнікаў правільна сфарміраванае ў падлеткаў стаўленне да маральных каштоўнасцей.

У рамках дэкады англійскай мовы прайшлі і іншыя, не менш займальныя мерапрыемствы. Сярод іх — конкурс песні на англійскай мове “Узыходзячая зорка” (Rising star). Конкурс аб’яднаў навучэнцаў 5 класаў і іх настаўнікаў. Сяброўская атмасфера размыла межы жаданага і магчымага, а гледачы і выступоўцы атрымалі велізарнае задавальненне.

Конкурс творчых работ “Цудоўны свет падарожжаў” даў магчымасць прысутным за сорак хвілін пабываць у розных краінах свету і ўбачыць прыгажосць і нязведаныя прасторы нашай планеты. Хтосьці марыў аб мегаполісе, хтосьці — аб цёплым сонцы на марскім узбярэжжы, а камусьці хацелася адкрыць таямніцы шматвяковых замкаў і палацаў.

Плённым стаў конкурс відэаролікаў на тэму “Свет вачыма падлетка”, які дазволіў выявіць не толькі творчых і матываваных навучэнцаў, але і дасведчаных рэжысёраў. Згуртаваная праца дзяцей, узаемадапамога і павага сталі плёнам паспяховых відэапрадуктаў. Мерапрыемства дапамагло педагогам убачыць унутраны свет падлеткаў і выявіць пытанні, якія іх хвалююць. Гэта дапаможа пазбегнуць у будучыні складаных сітуацый.

Падчас тэатральнага прадстаўлення “Падарожжа ў свет казак” і паэтычнага турніру “Зорны час” навучэнцы прадэманстравалі акцёрскія і творчыя здольнасці, а таксама паглыбілі гледачоў у неверагодны свет казак і паэзіі.

Традыцыйнай падчас правядзення дэкады англійскай мовы ў гімназіі з’яўляецца шоу-праграма “Ідэальная пара”. Пяць пар, навучэнцы 9—11 класаў, паказалі выдатныя здольнасці ў англійскай мове ў розных конкурсах, чым выклікалі захапленне ўсіх гледачоў.

Завяршэннем дэкады стала гімназічная алімпіяда для вучняў 5—8 класаў, дзе ўсе ахвотныя маглі прадэманстраваць веды і навыкі па прадмеце.

Правядзенне дэкады англійскай мовы чарговы раз пацвердзіла, што сяброўская атмасфера і стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага навучэнца спрыяе развіццю індывідуальных магчымасцяў усіх дзяцей, незалежна ад узроўню валодання мовай. Вынікам мерапрыемстваў стала станоўчая матывацыя да далейшага вывучэння англійскай мовы, а лепшай узнагародай для настаўнікаў гімназіі — дзіцячыя ўсмешкі, пазітыўныя эмоцыі і выдатны настрой усіх удзельнікаў.

Кацярына Аляксандраўна СКРАБЕЙКА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Баранавіч.

Адна думка пра “Навучанне праз выхаванне

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *