Навучанне ў інавацыйным фармаце

- 11:33Адукацыйная прастора

У раённых і сельскіх школах Магілёўскай вобласці трэці год рэалізуецца пілотны праект па стварэнні цэнтраў інавацыйнага навучання прыродазнаўчанавуковых вучэбных кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі і інфарматыкі. Завяршыць праект плануецца ў 2025 годзе, але ўжо сёння ў ажыццяўленні наватарскай ідэі дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі.

— Сёння на першы план выходзіць не перадача дзецям канкрэтных ведаў, а фарміраванне ў вучняў сістэмнага мыслення, стымуляванне іх тэхнічнай творчасці і навыкаў рашэння вынаходніцкіх задач. У сувязі з гэтым асноўнай мэтай праекта з’яўляюцца стварэнне эксперыментальных і метадычных пляцовак у адукацыйным працэсе, пераход ад выкарыстання асобных вучэбных кабінетаў да стварэння цэнтраў інавацыйнага навучання на базе кабінетаў прыродазнаўчанавуковага профілю, што будзе спрыяць развіццю пазнавальнай актыўнасці і пашырэнню магчымасцей даследчай дзейнасці навучэнцаў на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. У рэалізацыю праекта ўключыліся школы па ўсім рэгіёне. У кожным раёне вызначана ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, якая стане базай для стварэння цэнтра інавацыйнага навучання, — расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абл­выканкама Ігар Лашкевіч.

У ажыццяўленні праекта зроблена ўжо нямала. У школах, дзе наладжана работа па стварэнні цэнтраў інавацыйнага навучання, істотна ўмацоўваецца матэ­рыяльна-тэхнічная база, у хуткім часе туды будзе пастаўлена сучаснае вучэбна-лабараторнае абсталяванне. Навучанне дзяцей плануецца арганізоўваць з ужываннем перадавых адукацыйных методык і тэхналогій, з прыцягненнем да правядзення заняткаў лепшых педагогаў рэгіёна, настаўнікаў-метадыстаў, выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі. Гэта дасц­ь магчымасць кожнаму дзіцяці выбраць арыгінальныя задачы для свайго развіцця.

Прамежкавыя вынікі і перспектывы далейшай рэалізацыі праекта абмеркавалі надоечы на тэматычным сумесным семінары, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, аддзелаў па адукацыі рэгіёна, кіраўнікі навучальных устаноў. Дыялог адбыўся на базе Вяззеўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. І гэта не выпадкова. Па сутнасці, тут ужо створаны і функцыянуе своеасаблівы прататып цэнтра інавацыйнага навучання. І менавіта яго прапануюць узяць за аснову для арганізацыі падобных цэнтраў у іншых навучальных установах Магілёўшчыны.

— Установа адукацыі была пабудавана сорак гадоў назад, і, канечне, патрабавалася яе перааснашчэнне. Капітальны рамонт будынка быў зроблены ў мінулым годзе ў рамках праекта “Мадэр­нізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Рамонт выконваўся з элементамі інавацыйнага праектавання. Акрамя абнаўлення будынка, вялікая ўвага была ўдзелена менавіта арганізацыі камфортнага, бяспечнага і якаснага навучання. Зараз у школе створана шматфункцыянальная прастора для навучэнцаў I ступені навучання праз заніраванне памяшканняў. Зроблены рамонт вучэбных класаў і рэкрэацыйнай зоны, якая прадугледжвае выкарыстанне пад правядзенне разнастайных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў. Была праведзена лакальная камп’ютарная сетка і цалкам трансфармаваны кабінеты інфарматыкі, фізікі, хіміі і біялогіі. А яшчэ ў ходзе мадэрнізацыі была створана прыродазнаўчанавуковая зона за кошт забеспячэння прадметных кабінетаў фізікі і хіміі вучэбным абсталяваннем і стварэння адпаведнага кластара лабараторый. Прастора кабінетаў цяпер аб’яднана празрыстымі перагародкамі з вылучэннем актыўных і эксперыментальных зон у лабараторыі, дзе размяшчаецца агульнае абсталяванне, — расказала дырэктар Вяззеўскай сярэдняй школы Валянціна Грышановіч.

Сапраўды, у прыродазнаўчанавуковых кабінетах школы ёсць усё неабходнае для заняткаў навукай, даследаваннямі і праектнай дзейнасцю. У кабінеце фізікі — новая мэбля, шматфункцыянальная дошка, мультыборд, сучаснае абсталяванне для правядзення лабараторных работ і франтальнага эксперымента. Некаторыя прыборы працуюць з персанальным камп’ютарам, што дазваляе вучням назапашваць, сістэматызавац­ь і аналізаваць атрыманыя звесткі. У вучэбным памяшканні таксама ёсць мноства прыбораў для вывучэння астраноміі: мадэль руху Сонца праз задыякальныя сузор’і, зорны глобус, нябесная сфера і нават прафесіянальны тэлескоп.

— З дапамогай гэтага абсталявання нашы навучэнцы наглядна вывучаюць сузор’і і астранамічныя з’явы, могуць назіраць планетныя злучэнні, ландшафт Месяца. Самае сучаснае абсталяванне ў нас ужо ёсць і ў кабінеце хіміі, — адзначыла Валянціна Грышановіч.

Мноства рознага абсталявання прадстаўлена таксама ў кластары, што аб’ядноўвае кабінеты фізікі і хіміі. Тут ёсць інтэрактыўная сэнсарная панэль, 3D-прынтар, ціскі, мікралабараторыя для хімічных эксперыментаў, спектрафатамер, бінакулярны аптычны мікраскоп, мікраскопы з павелічэннем да 1000 разоў, абсталяванне для тэхнічнай творчасці.

— Вучэбны кластар створаны не так даўно, але ўжо даказаў сваю значнасць. Нашы навучэнцы атрымалі шырокія магчымасці для індывідуальнага развіцця, — паведаміла дырэктар Вяззеўскай школы.

Пра тое, што праект па стварэнні цэнтраў інавацыйнага навучання — неабходная і актуальная ініцыятыва, не раз казалі і падчас пленарнага пасяджэння ў рамках семінара.

— Імкнуцца да такой арганізацыі адукацыйнага працэсу, як у Вяззеўскай школе, павінны ўсе навучальныя ўстановы. І гарадскія, і сельскія. І я кажу не толькі пра выдатную матэрыяльную базу, але і пра жаданне педагагічнага калектыву плённа працаваць, стварац­ь навучэнцам усе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі. Тут адчуваецца любоў да дзяцей і відаць, што педагогі сапраўды зацікаўлены ў паляпшэнні якасці іх навучання. А той эксперымент, што праводзіцца зараз у школах Магілёўскай вобласці па стварэнні цэнтраў інавацыйнага навучання, — гэта будучыня. Такія праекты не проста неабходныя і важныя. Яны нясуць практычную карысць і непасрэдна для дзяцей, і для развіцця школ і сферы адукацыі ў цэлым, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды.

У ходзе пасяджэння былі дэталёва прадстаўлены канцэптуальныя асновы рэалізацыі праекта. Плануецца, што стварэнне цэнтраў інавацыйнага навучання дазволіць павысіць якасць адукацыйных паслуг у сельскай мясцовасці, уцягнуць дзяцей у сферу высокіх тэхналогій і сфарміраваць у іх навыкі прафесійнага самавызначэння, укараніць у адукацыйны працэс новае пакаленне вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах і факультатыўных занятках прыродазнаўчага цыкла.

— Асноўнай ідэяй стварэння цэнтраў інавацыйнага навучання з’яўляецца пашырэнне магчымасцей для развіцця вучняў у галіне прыродазнаўчых і тэхнічных дысцыплін. Пры гэтым важнае значэнне будзе надавацца ўкараненню ў адукацыйны працэс ідэй устойлівага развіцця. У цэлым выкананне мерапрыемстваў у рамках праекта забяспечыць больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічных, фінансавых рэсурсаў, а таксама прадаставіць роўныя ўмовы для атрымання адукацыі навучэнцамі як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. Усё гэта паспрыяе паспяховаму ўдзелу ў мерапрыемствах міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў PISA, — падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

— Вельмі важна, каб цэнтры інавацыйнага навучання ўсебакова выкарыстоўваліся, былі разлічаны на навучанне не толькі адораных дзяцей, але і ўсіх вучняў у класе. Неабходна ўлічыць усе нюансы пры распрацоўцы праграмнага забеспячэння для арганізацыі заняткаў, а таксама пры падрыхтоўцы да работы ў цэнтрах педагогаў. Настаўнікі павінны валодаць методыкамі, мець усе неабходныя дакументы і дадатковыя дапаможнікі для правядзення ўрокаў з выкарыстаннем таго сучаснага міжпрадметнага абсталявання, якім будуць аснашчаны цэнтры, — заўважыў намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды.

Дарэчы, да канца бягучага года будзе распрацавана праектна-
каштарысная дакументацыя па стварэнні цэнтраў інавацыйнага навучання ў дзевяці школах Магілёўшчыны. Пасля да іх аператыўна падключацца астатнія навучальныя ўстановы — удзельнікі эксперымента. У выніку да 2025 года ў кожным раёне вобласці, за выключэннем буйных гарадоў, будзе функцыянаваць цэнтр інавацыйнага навучання.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.