Навучанне з натхненнем

Іўеўская сярэдняя школа ўжо год з’яўляецца філіялам кафедры андрагогікі факультэта дадатковай прафесійнай адукацыі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У час восеньскіх канікул супрацоўнікі інстытута правялі для настаўнікаў семінар-практыкум.

Супрацоўніцтва накіравана на абмен вопытам практычнай і навуковай дзейнасці паміж спецыялістамі школы і ўніверсітэта. Андрагогіка — галіна педагогікі, якая ахоплівае тэарэтычныя і практычныя праблемы адукацыі, навучання, павышэння кваліфікацыі, самаадукацыі і выхавання дарослых. Для сапраўднага настаўніка працэс навучання бесперапынны. На працягу года праходзілі сумесныя канферэнцыі, семінары, кансультацыі, даследаванні, вэбінары.

У час восеньскіх канікул 24 настаўнікі Іўеўскай сярэдняй школы мелі магчы­масць павучыцца самі. Прычым цікава і захапляльна, нязмушана і натхняльна. З цікавым семінарам-практыкумам “Фасілітацыя як інструмент натхняючага навучання” да нас завіталі сябры, калегі-паплечнікі: А.М.Алтынцава — загадчык кафедры андрагогікі, В.С.Бялевіч — старшы выкладчык кафедры андрагогікі, Н.У.Рыбакова — старшы выкладчык кафедры андрагогікі, кіраўнік філіяла.

З самага пачатку трэнінгу Валянціна Серафімаўна Бялевіч стварыла атмасферу добразычлівасці і супрацоўніцтва, прапанавала для знаёмства напісаць на бэйджы імя так, як хочацца, і намаляваць тое, што адпавядае настрою. Удзельнікам семінара былі паказаны ў дзейнасці прыёмы і тэхнікі фасілітацыі “Трэйлер”, “Сумнае сонейка”, “Што? І што? І што цяпер?”. У зале панавала атмасфера творчасці і нязмушанасці, педагогі аналізавалі сваю дзейнасць, абмяркоўвалі праблемы, якія ўзнікаюць падчас арганізацыі ўзаемадзеяння з вучнямі і іх бацькамі, разам шукалі шляхі выхаду з праблемных сітуацый, адпрацоўвалі прыёмы прадукцыйнага і якаснага ўзаемадзеяння.

Настаўнікі засвоілі, што фасілітацыя — гэта прафесійная арганізацыя працэсу групавой работы, накіраваная на дасягненне групай пастаўленай мэты праз максімальную ўцягнутасць і зацікаўленасць кожнага ўдзельніка. Адметнай рысай прафесіяналізму сучаснага педагога з’яўляецца ўменне стварыць у класе адпаведную інтэлектуальную і эмацыянальную атмасферу, атмасферу псіхалагічнай падтрымкі. Тады і натхненне будзе, і поспех у навучанні. Удзельнікі семінара падчас выніковай рэфлексіі выказалі намер выкарыстоўваць у сваёй практыцы тэхнікі фасілітацыі, дзяліцца набытымі ведамі з калегамі на пасяджэннях школьных метадычных аб’яднанняў.

Алена КАРЭНДА,
намеснік дырэктара Іўеўскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце.
Фота прадастаўлена Іўеўскай сярэдняй школай.