Навучаючы, любі і выхоўвай

Людміла Міхайлаўна ПЯТРАШЫНА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца матэматыкі Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна, лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам. І адным са складнікаў свайго простага чалавечага шчасця яна называе любімую работу ва ўтульнай, прыгожай, сучаснай школе, дзе яе чакаюць калегі-аднадумцы і такія розныя і непаўторныя дзеці.

Стаўка — на любімы прадмет

— Заўсёды прытрымлівалася думкі, што прафесія настаўніка — адна з самых высакародных. А з цягам часу пераканалася ў гэтым яшчэ больш, — адзначае Людміла Міхайлаўна. — Гэтая справа патрабуе ад чалавека вялікай жыццёвай энергіі, творчага патэнцыялу, душэўнай шчодрасці і любові да дзяцей. Быць настаўнікам, безумоўна, няпроста, але я ніколі не пашкадавала аб аднойчы зробленым выбары.

Л.М.Пятрашына родам з вёскі Камарова, што ў прыгожым азёрным Мядзельскім краі. У школьныя гады матэматыка была адным з яе любімых прадметаў. Яшчэ большае захапленне матэматыкай узнікла дзякуючы Леаніду Мікалаевічу Ясюкевічу — настаўніку, які выкладаў у старшых класах. Новую інфармацыю ён падаваў вельмі цікава, імкнуўся захапіць ёй кожнага вучня. Думаючы пра сваю будучыню, старшакласніца Людміла ўяўляла, што гэтак жа, як Леанід Мікалаевіч, бу­дзе з захапленнем тлумачыць дзецям тэму ўрока і адказваць на іх пытанні.

Мара пачала здзяйсняцца, калі пасля заканчэння школы ў 1996 годзе Людміла паступіла на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Гэта быў першы важны крок у самастойнае жыццё. У 2001 годзе Л.М.Пятрашына стала дыпламаваным спецыялістам, выкладчыкам матэматыкі і фізікі. Але менавіта матэматыка па-ранейшаму яе цікавіла больш за ўсё, таму на яе і было вырашана зрабіць стаўку.

Падтрымка на старце

Працоўную дзейнасць Людміла Міхайлаўна пачынала недалёка ад сталіцы, у Гарадзішчанскай сярэдняй школе. Спрабавала свае сілы тут яшчэ ў студэнцкія гады. “Навабранцу” адразу выпала няпростая задача — працаваць са старшакласнікамі. Старалася не толькі якасна даваць веды, але і знайсці залатую сярэдзіну ў зносінах — захаваць субардынацыю і ў той жа час быць для вучняў старэйшым сябрам і дарадчыкам.

Неўзабаве вярнулася ў Гарадзішчанскую сярэднюю школу ўжо ў якасці маладой настаўніцы. Дырэктар гэтай установы адукацыі Генадзь Васільевіч Кіркоўскі, ацаніўшы стараннасць і вялікі патэнцыял маладога педагога, прапанаваў размеркавацца да іх у Гарадзішча. Трэба адзначыць, што ў той час будынак школы быў старым і, калі шчыра, зусім не адпавядаў уяўленням маладога спецыяліста аб сучаснай установе адукацыі. Аднак Людміла Міхайлаўна не шукала лёгкіх шляхоў. Тады яна вырашыла не гнацца за знешняй прыгажосцю і максімальным камфортам — і не памылілася. З цягам часу непадалёку, у аграгарадку Азярцо, усім на радасць закрасавалася новая школа, ды такая, пра якую можна было толькі марыць. Менавіта яна адчыніла свае дзверы для педагогаў і вучняў з Гарадзішча і без перабольшання стала другім домам для Людмілы Міхайлаўны.

— У пачатку прафесійнай дзейнасці кожнаму прыходзіцца сутыкацца са шматлікімі пытаннямі, — гаворыць Л.М.Пятрашына. — Таму вельмі важна, каб былі дапамога і добрыя адносіны з боку калег. Мне пашчасціла. Маім настаўнікам у гарадзішчанскай школе стала вопытная Надзея Іванаўна Леткаўскіне. Яна ў любую хвіліну была гатова падставіць плячо. Перадавала мне свой багаты вопыт, дзялілася педагагічнай літаратурай, падба­дзёрвала.

Мудрыя парады Н.І.Леткаўскіне запомніліся на ўсё жыццё. Адна з іх: “У любой сітуацыі, што б ні было і кім бы ты ні быў, трэба заставацца чалавекам”. Менавіта шчырасць і добразычлівасць у зносінах з усімі людзьмі сталі нязменным жыццёвым правілам Людмілы Міхайлаўны Пятрашынай.

Здзівіць і зацікавіць матэматыкай

Жаданне стаць прафесіяналам і карпатлівая праца з’яўляюцца галоўным падмуркам любога поспеху.Такі падыход не можа не апраўдацца. Паступова маладая настаўніца набіралася вопыту. Сёння Людмілу Міхайлаўну ведаюць як ініцыятыўнага, творчага педагога з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, адкрытага новым, прагрэсіўным ведам.

Асноўнай мэтай сваёй педагагічнай дзейнасці Л.М.Пятрашына лі­чыць падрыхтоўку канкурэнтаздольнага выпускніка, які зможа прымяняць набытыя веды і навыкі ў далейшым жыцці і працаваць ва ўмовах тэхналагічна развітога грамадства. Яна імкнецца ні многа ні мала здзі­віць і зацікавіць матэматыкай. Напрыклад, факты з жыцця Піфагора дамагаюць зрабіць урок больш яркім і запамінальным, становяцца дадатковай матывацыяй да засваення матэрыялу. Хлопчыкам і дзяўчынкам цікава даведацца, што славуты старажытны вучоны некалькі разоў заваёўваў прызавыя месцы на Алімпійскіх гульнях, віртуозна іграў на такім складаным музычным інструменце, як ліра, а адным з пастаянных прадметаў яго гардэроба была залатая дыядэма, якую ён насіў на галаве… Так нараджаецца большае жаданне даведацца, у чым жа сутнасць тэарэмы гэтага неардынарнага чалавека і чаму яна мае вялікае значэнне.

— Я магу паказаць слайд з падобнай інфармацыяй і затым, быццам незнарок, дабавіць, што ў інтэрнэце ёсць шмат іншых цікавых звестак пра дадзеную асобу, — дзеліцца адным са сваіх прыёмаў настаўніца.

Конкурс — гэта рух наперад

Для Людмілы Міхайлаўны любы конкурс прафесійнага майстэрства заўсёды вялікі плюс у рабоце настаўніка. Пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце. Падрыхтоўка да мерапрыемства становіцца выдатнай нагодай задумацца над тым, што ты можаш, на чым трэба акцэнтаваць увагу, у якім кірунку займацца самаадукацыяй.

У 2011 годзе, каб годна прадставіць родную школу ў адным з конкурсаў, Людміла Міхайлаўна Пятрашына ўзначаліла творчую групу настаўнікаў, якая працавала над праблемай прымянення электронных сродкаў навучання ў адукацыйнай галіне “Матэматыка”. Вынікам работы сталі метадычныя распрацоўкі праектаў урокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Яны былі высока ацэнены Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Л.М.Пятрашыну ўзнагародзілі дыпломам пераможцы абласнога конкурсу праектаў урокаў па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Фізіка”. У 2014 годзе Людміла Міхайлаўна стала лаўрэатам раённага конкурсу “Настаўнік года — 2014”, у 2015 — пераможцам раённага конкурсу “Лепшы ўрок з выкарыстаннем ІКТ”.

Для прымянення ў вучэбным працэсе сучасных тэхналогій у Азярцоўскай сярэдняй школе створаны выдатныя ўмовы. Ёсць тры інтэрактыўныя панэлі, так званыя мультыборды. Л.М.Пятрашына актыўна карыстаецца сучаснай тэхнікай. Сённяшнім школьнікам вельмі падабаецца падобны шлях падачы інфармацыі. Ім неабходны нагляднасць, вобразнасць.

Калегі цэняць і тое, што Людміла Міхайлаўна — чалавек справы. Не проста гаворыць нешта рабіць іншым, а спачатку паказвае ўласны прыклад. Так, у 2018 годзе вопыт сваёй работы па адной з тэм яна абагульніла на ўзроўні Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і здала экзамен на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Гэта стала лепшым штуршком да таго, каб некалькі педагогаў азярцоўскай школы пайшло такім жа шляхам.

— Для мяне гэта была справа гонару, — тлумачыць Л.М.Пятрашына. — Кожны настаўнік з цягам часу напрацоўвае свой вопыт, а затым надыходзіць момант, калі можна яго абагульніць, падзяліцца ім з калегамі. Падрыхтоўка патрабуе вялікіх часавых затрат, але яно таго варта.

Для абагульнення ўласнага педагагічнага вопыту Людміла Міхайлаўна выбрала тэму “Выкарыстанне шматмерных дыдактычных інструментаў у дзейнасці педагога”. Дарэчы, гэты ж кірунак яна выбрала, калі прымала ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”. Назбіралася нямала напрацовак, таму наконт выбару тэмы і яе актуальнасці ніякіх сумненняў не было. Шматмерныя дыдактычныя інструменты — гэта логіка-сэнсавыя мадэлі, якія выдатна дапамагаюць у вывучэнні дакладнай дысцыпліны — матэматыкі. Педагог вучыць дзяцей рыхтаваць правільныя, легальныя шпаргалкі, якія дапамагаюць думаць і засвойваць інфармацыю. Часам вучні атрымліваюць дамашнія заданні: для абагульнення тэмы зрабіць шпаргалкі.

— Працую па прынцыпе “навучаючы, любі і выхоўвай”, — кажа Людміла Міхайлаўна. — У яго аснове ляжаць адносіны да вучняў, у кожным важна бачыць асобу. На маю думку, правільны урок — той, на якім створана атмасфера пазітыву і мыслення, гучаць сур’ёзныя дзіцячыя пытанні. Часам ад поспехаў вучняў мне хочацца лятаць. А горкая хвіліна — цішыня і пустыя вочы дзяцей. Гэта нагода падумаць пра тое, што не так…

Адносіны з вучнямі на ўроку — гэта заўсёды сумесная твор­часць, сумеснае мысленне, а таксама партнёрства і свабода, бо кожны можа выказаць сваё меркаванне. Таму настаўніца імкнецца не толькі даступна і зразумела тлума­чыць новае паняцце, але і стварыць сітуацыю, якая патрабуе засваення інфармацыі праз супрацоўніцтва, каб новыя веды нараджаліся ў выніку дыялогу. Пры такой арганізацыі вучэбнага працэсу ў кожнага дзіцяці ўзнікае патрэба не толькі прымяняць свой вопыт, але і карыстацца ведамі іншых. Гэта спрыяе яшчэ і камунікацыі, развіццю індывідуальных здольнасцей вучняў.

З 2011 года Людміла Міхайлаўна Пятрашына сумяшчае выкладанне сваёй любімай матэматыкі з адміністрацыйнай дзейнасцю. Час паказаў: яна яшчэ і здольны намеснік дырэктара, умее выяўляць праблемы і знаходзіць эфектыўныя шляхі іх вырашэння. 

Пад непасрэдным кіраўніцтвам Л.М.Пятрашынай у перыяд з 2013 па 2015 год на базе Азярцоўскай сярэдняй школы быў рэалізаваны рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ўзаема­дзеяння сям’і і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасным сацыякультурным асяроддзі”. Зараз Людміла Міхайлаўна з’яўляецца кіраўніком абласнога педагагічнага праекта “Фарміраванне сямейнай культуры вучняў”. Такі кірунак дзейнасці быў выбраны невыпадкова. Людміла Міхайлаўна ўпэўнена: даць веды можна толькі таму дзіцяці, якому камфортна дома. Адміністрацыя, педагогі і бацькі павінны глядзець у адным кірунку, пастаянна супрацоўнічаць. У гэтым залог не толькі вучэбных, але і ўсіх іншых поспехаў, будучага гарманічнага жыцця.

— Мне пашанцавала праца­ваць пад кіраўніцтвам двух мудрых дырэктараў — Генадзя Васільевіча Кіркоўскага і Віктара Францішкавіча Савіцкага, ад якіх я пераняла шмат карыснага, — гаворыць Л.М.Пятрашына. — У многім дзякуючы ім адбылося маё станаўленне як педагога і кіраўніка. У іх я вучылася разважлівасці, тактоўнасці, вытрымцы, памяркоўнасці і ўменню працаваць з калегамі.

З любімай работы Людміла Міхайлаўна спяшаецца дамоў, дзе яе чакаюць муж і дачка. Сям’я — яшчэ адзін важны складнік яе шчасця, галоўная крыніца натхнення і невычэрпнай энергіі.

Таццяна ШЫМКО.