Навучаючы сябе, навучу і разаўю дзіця

«Камп’ютарныя тэхналогіі як акно ў свет”.  Педагагічную ідэю з такой назвай прадставіла на гімназічны фестываль “Адукацыя-2013” настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Магілёва Юлія Генадзьеўна Алейнікава — і стала пераможцай.

Добрае слова і непадробны інтарэс

Шлях у прафесію быў для Юліі Генадзьеўны свядомым выбарам. У 1996 годзе яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны каледж, у 2000 годзе — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. І ўжо 16 гадоў працуе ў школе.

Юлія Генадзьеўна Алейнікава

Юлія Генадзьеўна пераканана, што настаўнік пачатковых класаў — прафесія асаблівая, бо менавіта ад  першага настаўніка залежыць, як складзецца школьнае жыццё дзіцяці. Таму сваё педагагічнае крэда  Юлія Генадзьеўна вызначае так: “Дарыць дзецям радасць, пераўтварыць навучанне ў захапленне,  дапамагчы дзіцяці стаць творцам”. Шчырая і адкрытая, яна стварае на ўроках атмасферу садружнасці і  сутворчасці. У яе няма сумных ці абыякавых навучэнцаў. За гады работы з дзецьмі Юлія Генадзьеўна  назапасіла мноства прыёмаў, якія дапамагаюць знайсці шлях і да разгубленага першакласніка, і да  чацвёртакласніка, які лічыць сябе ўжо амаль дарослым. А гэта ў першую чаргу добрае слова, шчырая  ўсмешка, непадробны інтарэс да таго, што хвалюе дзіця, што яго цікавіць, аб чым яно марыць. Нездарма  вядучымі прафесійнымі каштоўнасцямі Юлія Генадзьеўна лічыць такт, камунікабельнасць, глыбокія  веды ў прадметнай галіне, здольнасць да рэфлексіі.
Працуючы па пранцыпе “Навучаючы сябе, навучу і разаўю дзіця”, Юлія Генадзьеўна заўсёды ў пошуку  эфектыўных форм і метадаў навучання. Прымяняе індывідуальныя і калектыўныя формы работы,  праводзіць урокі-віктарыны, урокі-дыспуты, урокі-падарожжы, урокі-практыкумы, урокі-казкі.
Імкненне да дасягнення ўстойлівага станоўчага выніку ў навучанні малодшых школьнікаў прывяло  Юлію Генадзьеўну да выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Добрасумленная і мэтанакіраваная, яна не магла сабе дазволіць быць дылетантам. Таму прайшла навучанне ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на семінары “Электронныя сродкі навучання на ўроках у пачатковай школе”, удзельнічала ў рабоце вочна-дыстанцыйнага навукова-практычнага семінара “Пабудова інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя з выкарыстаннем партатыўных камп’ютарных прылад” на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі. Шмат займалася самаадукацыяй, наведвала семінары, якія праводзіў гарадскі аддзел адукацыі, а таксама мерапрыемствы ў гімназіі па выкарыстанні ІКТ, паспяхова здала сертыфікацыйны экзамен як карыстальнік інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.

У супрацоўніцтвез калегамі

Юлія Генадзьеўна падкрэслівае, што сваімі поспехамі абавязана дружнаму калектыву настаўнікаў пачатковых класаў роднай гімназіі, асабліва членам творчай групы “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у пачатковых класах”, якую яна ўзначальвае з 2009 года. Творчая група ў складзе Алены Леанідаўны Карпенка, Наталлі Вільямаўны Аляксейчык, Ірыны Мікалаеўны Канапліцкай, Вольгі Уладзіміраўны Воінавай, Ірыны Мінаўны Церашонак адной са сваіх задач лічыць павышэнне інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці настаўнікаў пачатковых класаў і папаўненне банка электронных сродкаў навучання. Вучні Юліі Генадзьеўны Алейнікавай

А гэтая задача вельмі актуальная для нашай гімназіі, бо практычна кожны кабінет у пачатковых класах абсталяваны персанальным камп’ютарам, у распараджэнні настаўнікаў 1— 4 класаў інтэрактыўная дошка новага пакалення.
У рамках работы творчай групы Ю.Г.Алейнікава праводзіць практыкумы, трэнінгі, майстар-класы па навучанні рабоце з інтэрактыўнай дошкай, праграмай “Тэстэр” інструментальнага тэставага асяроддзя “Дзесяцібальны маніторынг” і іншыя.
Юлія Генадзьеўна актыўна ўдзельнічае ў розных канферэнцыях. Так, у 2011 годзе яна выступала па тэме “Педагагічныя аспекты выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у пачатковых класах” на ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Актуальныя праблемы методыкі пачатковага навучання і эстэтычнага выхавання навучэнцаў”, у 2012 годзе прыняла ўдзел у рэспубліканскай інтэрнэт-канферэнцыі “Выкарыстанне інтэрактыўнага абсталявання ў адукацыйным працэсе на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Больш інфармацыі за меншы час

Але менавіта на ўроку праяўляецца ў поўнай меры прафесійнае майстэрства Ю.Г.Алейнікавай: у канструяванні і прадумванні зместу адукацыі, у арганізацыі творчай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, у падборы арганізацыйных форм і сістэмы кантролю.
Не сакрэт, што сучасны малодшы школьнік добра знаёмы з камп’ютарам (іншы раз лепш, чым дарослы), але ставіцца да яго як да цацкі. Часта мы можам пачуць, што знізіўся пазнавальны інтарэс школьнікаў, што дзеці, замест падрыхтоўкі ўрокаў, “сядзяць” у інтэрнэце, а рэальны свет замянілі светам віртуальным. Юлія Генадзьеўна задумалася, як зрабіць так, каб камп’ютар стаў сябрам, сродкам навучання і выхавання. І вырашыла паказаць навучэнцам, наколькі гэта магутны інструмент пазнання, які дазваляе адкрыць свет. На яе думку, менавіта на ўроках прадмета “Чалавек і свет” найбольш эфектыўнае выкарыстанне розных сродкаў ІКТ.
Памятаючы павучанне К.Д.Ушынскага аб тым, што “дзіця мысліць вобразамі, гукамі, фарбамі”, Юлія Генадзьеўна выкарыстоўвае яркасць і займальнасць камп’ютарных слайдаў, анімацыі, што дазваляе зрабіць урок больш цікавым, мабільным, а матэрыял, які вывучаецца, — больш даступным. Урокі праводзіць па прынцыпе: “Больш інфармацыі за меншы час”.
Укараненне ІКТ ажыццяўляе па наступных кірунках:
1) стварэнне мультымедыйных прэзентацый да ўрока;
2) работа з рэсурсамі сеткі інтэрнэт;
3) выкарыстанне гатовых праграмна-метадычных комплексаў і вучэбных праграм;
4) выкарыстанне электронных дыдактычных матэрыялаў;
5) прымяненне камп’ютарнага тэсціравання.
У яе метадычнай скарбонцы ёсць і аўтарскія, і адаптаваныя мультымедыйныя прэзентацыі па кожнай тэме прадмета “Чалавек і свет”. Вось некаторыя з аўтарскіх прэзентацый:
2 клас: “Вада ў прыродзе. Уласцівасці вады. Ахова вады”;
3 клас: “Жывёлы лесу”, “Разнастайнасць вадаёмаў. Возера. Рака”, “Сэрца і крывяносныя сасуды”;
4 клас: “Тут мінуўшчына з сучаснасцю сышліся”, “Як да нас прыйшла кніга”, “Пад сценамі старажытных замкаў”, “Беларусь — краіна маёй будучыні”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Навучэнцы таксама дапамагаюць папаўняць электронныя матэрыялы прэзентацыямі, творчымі паведамленнямі, загадкамі, крыжаванкамі, вершамі. Гэта дапамагае ім паспяхова выступаць на гарадскіх конкурсах даследчых работ (дыплом ІІ ступені ў 2011 годзе за работу “Як выратаваць дрэвы” атрымала навучэнка 3 класа Вера Бэтава), прымаць удзел у прэстыжным міжнародным інтэлектуальным інтэрнэт-конкурсе GENIUS LOGICUS.
Адным з самых удалых урокаў Ю.Г.Алейнікава лічыць урок у 4 класе на тэму “Пад сценамі старажытных замкаў”. Урок прасякнуты павагай да мінулага Беларусі і гонарам за яе працавіты, таленавіты народ. Маленькія школьнікі вучацца праводзіць даследчую і краязнаўчую работу, выконваць творчыя заданні: рашаць крыжаванкі, праводзіць завочнае падарожжа па замках Беларусі і будаваць віртуальныя замкі. Вядома, на ўроку ёсць месца ІКТ. Дзеці выконваюць тэсты на персанальных камп’ютарах, а на інтэрактыўнай дошцы суадносяць гарады з адпаведнымі ім гербамі, размяшчаюць назвы гарадоў і даты іх узнікнення на “стужцы часу”.

Дзеці з захапленнем займаюцца на ўроках Ю.Г.Алейнікавай.

 Выкарыстанне ІКТ на ўроках дапамагло Юліі Генадзьеўне павысіць якасць адукацыі праз  актывізацыю творчага патэнцыялу навучэнцаў; індывідуалізаваць і дыферэнцаваць працэс  навучання за кошт рэалізацыі магчымасцей інтэрактыўнага дыялога; пашырыць і  паглыбіць веды і ўменні за кошт магчымасці мадэліравання, арганізацыі даследчай  дзейнасці, эканоміі вучэбнага часу і павелічэння аб’ёму вучэбнай інфармацыі; пашырыць  сферу самастойнай дзейнасці навучэнцаў, садзейнічаць развіццю інтэлекту школьнікаў,  фарміраванню інфармацыйнай культуры. І, што вельмі важна, павысіць матывацыю  навучання.
Юлія Генадзьеўна цудоўна разумее, што акно ў свет не павінна быць толькі праз манітор  камп’ютара. Як у класнага кіраўніка, у яе шмат ідэй і творчых задум, якія ёй дапамагаюць  ажыццяўляць бацькі навучэнцаў. Турыстычныя паходы, экскурсіі па родных мясцінах,  калектыўныя творчыя справы, вясёлыя эстафеты, святы — усё гэта садзейнічае не толькі згуртаванню класнага калектыву, але і цеснаму супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню паміж настаўнікам, дзецьмі і бацькамі.
А дома Юлію Генадзьеўну чакае дружная сям’я, на якую ёй таксама хапае часу і сіл.
І напрыканцы некалькі сакрэтаў прафесійнага поспеху ад Юліі Генадзьеўны Алейнікавай:
 стаўце перад сабой невыканальныя задачы, каб усё-такі іх выканаць;
 з аптымізмам глядзіце ў будучыню;
 старайцеся ісці ў нагу з часам;
 шчыра радуйцеся поспехам сваіх калег;
 дзяліцеся сваімі метадычнымі знаходкамі;
 не бойцеся рабіць памылкі;
 не шкадуйце ўсмешак і добрых слоў;
▪ у зносінах з дзецьмі будзьце сумленнымі і шчырымі.

Алена ШАХРАЙ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 3 Магілёва.