Сотні валанцёраў у шасці раёнах Гомельшчыны і абласным цэнтры прынялі ўдзел у акцыі “Мы помнім”, прысвечанай Дню Хатынскай трагедыі. Моладзь наводзіла парадак на мемарыялах і пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Студэнты УВА і навучэнцы каледжаў Цэнтральнага, Чыгуначнага і Савецкага раёнаў падчас акцыі прыбралі тэрыторыю ля Алеі Герояў у Гомелі. Актывісты БРСМ добраўпарадкоўвалі мемарыял, дзе імёны салдат і афіцэраў ушанаваны на памятных плітах.
Каля 10 кіламетраў пераадолелі юнакі і дзяўчаты Цэнтральнага раёна па вясновым бездарожжы ў лесе пад Гомелем. Суботнік пад слоганам “Навядзём парадак самі” яны правялі на Партызанскай крынічцы.
Гэты мемарыял рэканструююць да 80-годдзя стварэння партызанскага атрада “Бальшавік”. Да народнага праекта далучыліся ўстановы адукацыі. Дарэчы, маладыя людзі добра ведаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
Калі фашысты падыходзілі да Гомеля, у лясным масіве ля крыніцы дзейнічаў легендарны атрад колькасцю каля 50 чалавек. Пры падтрымцы гамяльчан байцы мужна ваявалі з акупантамі. Яны разам з чырвонаармейцамі вызвалялі Гомель, удзельнічалі ў аперацыі “Баграціён”. Партызаны і падпольшчыкі нашага горада зрабілі неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу.
Пасля вайны на Партызанскай крынічцы праходзілі сустрэчы ветэранаў. Затым у гонар іх мужнасці тут узвялі мемарыял, куды прыязджаюць аддаць даніну павагі і памяці. Цяпер мемарыяльны комплекс вырашана рэканструяваць і абнавіць пляцоўку для правядзення мерапрыемстваў. Ёсць планы і для далейшага развіцця знакамітай Партызанскай крынічкі. Юнакі і дзяўчаты аддалі даніну памяці героям, прыбралі вакол помніка і партызанскімі сцежкамі вярнуліся на трасу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.