Навучэнцы Хатыніцкай школы ў шосты школьны дзень знаёмяцца з фальклорам і рознымі відамі народнага мастацтва

- 12:40Образование, Приложение, Шестой день

Навучэнцы Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна ў шосты школьны дзень знаёмяцца з фальклорам і рознымі відамі народнага мастацтва, якія ў гэтай мясцовасці шмат гадоў перадаюцца з пакалення ў пакаленне, — песнямі, танцамі, абрадамі, гульнямі. Даведваюцца дзеці і пра старажытныя кулінарныя рэцэпты, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

 

Каля двух дзясяткаў гадоў фальклорны кірунак у школе курыруе настаўніца музыкі і мастацтва Алена Дзмітрыеўна Казак. Яна ж займаецца з фальклорным калектывам “Валошкі”. Далучаюцца да даследчай работы са сваімі класнымі калектывамі і іншыя педагогі-прадметнікі. Сярод іх настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Васільеўна Ярашэвіч, педагог-арганізатар Юлія Анатольеўна Ваўчок і інш.

— Сустракаючыся са старажыламі нашай вёскі, мы збіраем песні, якія спявалі бабулі (абрадавая “Каравай”, “Ой, пайду я пад ліпаньку”, вясельная “Заматай матку жар-жар”, святочныя веснавыя “За лес, дай за лес”, “Зіма вясну запытала”), вывучаем побытавыя танцы (кракавяк, полька, вальс, “Лысы”, “Ой, за гаем-гаем”, “На рэчаньку”), гульні (“Дзяды”, “На вілах”, “Паяскі”), абрады і святы (Вялікдзень, Каляды, Пакровы, Юр’е). Яны заўсёды былі папулярнымі ў нашай мясцовасці, — гаворыць Алена Дзмітрыеўна. — Як ні дзіўна, нягледзячы на прыхільнасць дзяцей да сучасных песень і танцаў, эстраднай музыкі, іх не менш цікавіць фальклорная спадчына. Яны з задавальненнем спасціга­юць сакрэты народнай творчасці, а потым дэманструюць іх на сцэне.

Пачутую інфармацыю маленькія госці запісваюць, а затым сістэматызуюць, творча апрацоўваюць і выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы новых танцавальных нумароў, абрадавых сцэнак, кулінарных майстар-класаў, выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці як на школьныя святы, так і на спаборніцтвы па фальклорнай творчасці.

Школьнікі ўдзельнічаюць у розных конкурсах: раённым аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва “Радавод”, фестывалі фальклорнай творчасці “Палескія пераборы”, “Таленты Палесся”, абласным этапе конкурсу “Прыві­танне, свет!”, дзе заўсёды займа­юць прызавыя месцы.

Са старажытных часоў у маі беларусы святкуюць Юр’е. Гэта цікавы і відовішчны вясновы абрад, які ладзіцца ў гонар заступніка свойскіх жывёл і сельскай нівы Святога Юрыя. Школьніцы выходзяць на вуліцу з песнямі, зазываюць людзей. Ва ўсіх у торбачках прызапашана ежа, бо ідуць выганяць кароў на цэлы дзень. Людзі вітаюцца, спяваюць, танцуюць, водзяць карагоды, праводзяць гульні.

Так, рыхтуючыся да выступ­лення ў конкурсе фальклорнага мастацтва “Радавод”, вучні з настаўнікамі адправіліся да мясцовых бабуль, каб навучыцца пячы пірагі. Дарэчы, сёння ў арсенале юных кулінараў некалькі дзясяткаў рэцэптаў старадаўніх страў, якія рыхтавалі яшчэ іх прабабулі.

Як адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Зарына Віктараўна Амрэйчык, у школе працуе рэсурсны цэнтр па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, дзе работа вядзецца на аснове нацыянальных традыцый з мэтай падтрымкі, захавання і папулярызацыі самабытнай культуры Ганцавіччыны сярод дзяцей і моладзі:

— Мы часта ладзім школьныя святы, дзе навучэнцы дэманструюць народныя абрады, песні, невялікія тэатральныя пастаноўкі, гульні і танцы. Раз у чвэрць у школе абавязкова праходзіць вялікае выхаваўчае мерапрыемства, у якім задзейнічаны дзеці з розных класаў. На іх таксама дэманструюцца вынікі праведзенай за ­чвэрць даследчай работы па вывучэнні мясцовага фальклору.

Так, напрыклад, у першай чвэрці другі год запар мы право­дзім раённы фестываль народнай творчасці “Вытокі”, прымеркаваны да Дня народнага адзінства, на Пакровы ладзім школьнае святочнае мерапрыемства, у якім прымаюць удзел вучні амаль усёй школы. У другой чвэрці нашы дзеці разам з аднагодкамі з вёскі Раздзялавічы ўдзельнічалі ў квесце “Назад у будучыню”: па малюнках адгадвалі назвы памятных месцаў Ганцавіччыны, разгадвалі назвы песень на станцыі “Крыжаванка”, майстравалі з нарыхтовак закладкі для кніг у народным стылі… А напярэдадні Вялікадня мы ладзім выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзеці ствараюць вырабы з лёну, саломкі і іншых прыродных матэрыялаў.

Абавязкова ўся школа святкуе Каляды, Вялікдзень, Юр’е. Гэтыя святы заўсёды праходзяць весела, з інсцэніроўкамі і пераапрананнем, з танцамі, песнямі і гульнямі.

Марына КУНЯЎСКАЯ