Звыш 100 навучэнцаў аб’ядналі спаборніцтвы па сілавым трохбор’і на Магілёўшчыне

- 17:17Новости

Навучэнцы каледжаў Магілёўскай вобласці прынялі ўдзел у абласных спаборніцтвах па сілавым трохбор’і. Сёлета турнір сабраў амаль 100 юнакоў і дзяўчат. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Спаборніцтвы сталі ўжо традыцыйнымі ў рэгіёне. Яны папулярныя сярод моладзі. Турнір аб’ядноўвае навучэнцаў, захопленых здаровым ладам жыцця. Актыўны ўдзел у яго правядзенні прымаюць арганізацыі — заказчыкі кадраў. Прадпрыемствы зацікаўлены ў тым, каб на работу да іх прыходзілі не толькі кваліфікаваныя, але і фізічна здаровыя маладыя спецыялісты, — паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Спаборніцтвы праходзілі ў 13 вагавых катэгорыях. Удзельнікі выконвалі па тры практыкаванні спартыўнай праграмы. Яны прысядалі са штангай на плячах, рабілі жым, лежачы на лаве, і станавую цягу. Навучэнцы паказалі высокую падрыхтоўку. Прычым практычна ўсе займаюцца на аматарскім узроўні.

— Упершыню паспрабавала сябе ў паўэрліфтынгу яшчэ ў школе. Калі прыйшла вучыцца ў каледж, мае захап­ленні падтрымала выкладчыца Ксенія Аляксанд­раўна Прошкіна. Усяляк заахвочвае мяне і трэнер ­Сяргей Сяргеевіч Вішняк. Хоць і існуе меркаванне, што паднімаць штангу — не жаночая справа, у мяне гэта добра атрымліваецца. На трэніроўках бяру даволі высокую вагу. Спадзяюся, што і падчас спаборніцтваў змагу высту­піць паспяхова, — падзялілася навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Карына Новікава.

Атрымаць перамогу на турнір прыехалі і навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Дзяніс Міхаліцкі, Кірыл Стральцоў і Рэгіна Халілава. Іх трэнер Аляксей Ганькоў упэўнены: спаборніцтвы — выдатная пляцоўка, дзе моладзь можа праявіць сябе.

— Сам быў удзельнікам і чэмпіёнам гэтых стартаў. Калі вучыўся ў Магілёўскім політэхнічным каледжы, мае здольнасці ў паўэрліфтынгу разгледзела выкладчыца Вікторыя Сяргееўна Коршунава. Пасля перамог на вобласці неаднаразова вызначаўся на рэс­публіканскіх спаборніцтвах. Гэта паўплывала на мой прафесійны выбар — стаў трэнерам у МДТК. Цяпер вяду да чэмпіёнства сваіх выхаванцаў, — расказаў Аляксей Ганькоў.

Дарэчы, яго падапечныя выступілі даволі ярка. Дзяніс Міхаліцкі заняў 2-е месца, Рэгіна Халілава стала ў сваёй групе першай. Пастаўленай мэты дасягнула і Карына Новікава. У суме трохбор’я яна ўзяла вагу ў 300 кг і выйшла ў абсалютныя пераможцы сярод дзяўчат.

— Удзельнікі паказваюць выдатныя вынікі. Штогод у нас ёсць пэўныя рэкорды. Спаборніцтвы сапраўды раскрываюць спартыўныя таленты і, самае галоўнае, далучаюць моладзь да карыснай занятасці, — адзначыў суддзя Канстанцін Русакевіч.

Медалямі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі пасля завяршэння спаборніцтваў былі ўзнагароджаны 40 юнакоў і дзяўчат. У камандным заліку лепшымі сталі прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа, Горацкага педагагічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П.Старавойтава, Крычаўскага дзяржаўнага аграрна-будаўнічага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара