Навучэнцы-вынаходнікі

- 9:50Навіны рэгіёнаў

У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці працуе выстава тэхнічнай творчасці, дзе прадстаўлены работы навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Юны тэхнік” і “Тэхнічная творчасць”.

Многія работы здзіўляюць арыгінальным падыходам. Сярод іх — набор “Мэбля механіка”, выраблены Андрэем Карнелюком і Арцёмам Ярмалюком (ідэя Андрэя Сацюка) з адпрацаваных запасных частак для трактароў і аўтамабіляў. Выклікаюц­ь захапленне таксама наждачны станок, кармарэзка, мадэль амерыканскага аднамеснага знішчальніка далёкага радыуса дзеяння часоў Вялікай Айчыннай вайны “Норт Амерыкан Р-15” і інш.

— Пад кіраўніцтвам Юрыя Рыгоравіча Ківачука мы на працягу месяца рэалізоўвалі цікавы праект: рыхтавалі станок для рэзкі металу і керамаграніту, — расказваюць Іван Хоміч і Арцём Ярмалюк. — Спачатку ўзнікла ідэя, якая потым пера­расла ў чарцёж і набыла канкрэтныя абрысы. Пасля дэталёвага прадумвання ўсіх этапаў работы пачалі ажыццяўляць задуманае. Зыходзілі з таго, што вынаходка павінна быць практычнай і запа­трабаванай у штодзённым жыцці. Здараюцца сітуацыі, калі неабходна адрэзаць метал ці керамаграніт пад вуглом 45 ці 90 градусаў, таму ўзнікла ідэя сканструяваць адпаведны рэжучы станок. Паспрабавалі — атрымалася.

— У аснове вырабу — звараная каркасная рама з профільнай трубы, — гаворыць Ю.Р.Ківачук. — Але самая галоўная дэталь — карэтка з падшыпнікамі, у якой замацаваны рэжучы інструмент разам з накіравальнікам робіць паступальна-вярчальныя рухі. Для Івана і Арцёма рацыяналізатарская дзейнасць і тэхнічная творчасць ужо сталі часткай жыцця. Юнакі часта затрымліваюцца ў майстэрні, каб канструяваць новыя вынаходкі.

Іван Хоміч і Арцём Ярмалюк — не проста аднагрупнікі, а сапраўдныя сябры і аднадумцы. Юнакі разам з дзіцячага сада. Пасля заканчэння школы вырашылі паступаць у Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, каб стаць вадзіцелямі а­ўтамабіля катэгорыі С і электразвар­шчыкамі ручной зваркі.

— Я вырас у аграгарадку, дзе работа на зямлі здаўна ў пашане. Гэта пачэсная справа. Працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якія дасягнулі лепшых вынікаў, штогод ушаноўваюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх Дажынках, — расказвае Арцём Ярмалюк.

— З набытымі спецыяльнасцямі, перакананы, мы не згубімся на сучасным рынку працы, — разважае Іван Хоміч. — Пасля заканчэння ўстановы адукацыі нам гарантавана першае рабочае месца. А гэта надзейны старт для самастойнага жыцця, ажыццяўлення запланаванага.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Аксаны Мірчук, лепшыя выставачныя работы прымуць удзел у абласным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.