Навучым дзяцей бяспецы

- 14:34Сацыяльны ракурс

Адной з галоўных задач установы дашкольнай адукацыі з’яўляецца навучанне дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, фарміраванне адэкватнай рэакцыі на патэнцыяльную небяспеку. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці і ўзровень развіцця дашкольнікаў, нашы педагогі на канкрэтных прыкладах фарміруюць у іх уменні правільна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Самае важнае — растлумачыць дзіцяці, якая яго можа чакаць небяспека, і навучыць не панікаваць, не пужацца, а спакойна пачынаць неабходныя дзеянні, калі раптам штосьці адбылося.

Навучанне асновам бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў у нашай установе накіравана на асэнсаванне дзецьмі каштоўнасці свайго жыцця і здароўя, уменне арыентавацца ва ўмовах, якія яго акружаюць, і ўменне ацэньваць асобныя элементы сітуацыі з пункту гледжання “небяспечна — бяспечна”, на фарміраванне ўяўленняў аб прадметах, што патрабуюць асцярожнага абыходжання, аб прадметах, небяспечных для жыцця і здароўя, фарміраванне найважнейшых алгарытмаў успрымання і дзеяння, якія ляжаць у аснове бяспечных паводзін.

Неабходна ствараць умоўныя небяспечныя сітуацыі, у якіх дзіця зможа патрэніравацца. Лепш за ўсё ў гэтым дапаможа гульня. Так, у рамках фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” педагагічныя работнікі нашай установы стварылі дыдактычную гульню “Бяспечны дом”. Элементы гульні могуць уключацца ў заняткі, прагулкі і іншыя віды дзейнасці. Гуляць можна з дарослымі і з равеснікамі. Гульня максімальна аснашчана пазнавальнымі атрыбутамі (прадметы побыту), неабходнымі для абыгрывання. Змест і напаўненне пакояў у “Бяспечным доме” дазваляе дзіцяці самастойна выбіраць патэнцыяльна небяспечныя прадметы, называць іх і прагаворваць сітуацыі, якія могуць адбыцца з тым ці іншым прадметам пры няправільным выкарыстанні, і спосабы прадухілення небяспечных сітуацый з імі. Гульня “Бяспечны дом” дае кожнаму дзіцяці магчымасць пабываць у сітуацыях, падобных да жыццёвых, самастойна ці групай знайсці правільнае рашэнне. Гуляючы з прадметамі, набліжанымі да рэальных, дзіця будзе адчуваць сябе больш упэўнена.

Наталля КІСЛЯК,
загадчыца Міжэвіцкага ясляў-сада Слонімскага раёна.