Праблема маўленчага развіцця дзяцей з парушэннямі слыху — адна з галоўных у сурдапедагогіцы. Перш за ўсё іх неабходна вучыць звязнаму апісальна-апавядальнаму маўленню, што дазволіць дзецям у далейшым лягчэй уключыцца ў маўленчае асяроддзе. Навучанне гэтаму віду маўлення ажыццяўляецца на занятках, дзе я вучу не толькі пабудове кожнай фразы, але і міжфразавым сувязям, уменню цэласна выбудоўваць тэкст.
Падчас заняткаў імкнуся, каб дзеці максімальна засвойвалі значэнні слоў і фраз, каб у іх сфарміраваліся розныя формы маўлення (вусная, пісьмовая), і ў сувязі з гэтым развіваліся спецыфічныя віды маўленчай дзейнасці (слыхазрокавае і слыхавое ўспрыманне вуснага маўлення, гаварэння, чытання, пісьма), і, што вельмі важна, развівалася звязнае маўленне.
Першыя стыхійныя гукі і словы з’яўляюцца ў дзіцяці ў раннім узросце і звязаны з перайманнем маўлення равеснікаў, а таксама дарослых. Часам яны з’яўляюцца і засвойваюцца падчас гульні, або пры зносінах з музычнай гаворачай цацкай, або пры “абследаванні” дзіцем якога-небудзь прадмета. Неабходна мэтанакіравана вучыць дзяцей пераймаць артыкуляцыю педагога, вымаўляць, пераймаючы яго, пэўныя словы, а таксама арганізоўваць адпаведныя гульні. Важнае значэнне пры навучанні надаецца развіццю навыкаў “адлюстраванага” і “спалучана-адлюстраванага” гаварэння як асновы для развіцця ў далейшым самастойнага маўлення.
На шляху пераходу ад спалучанага прагаворвання да самастойнага маўлення педагогі часта адчуваюць цяжкасці, таму што дзеці, прывыкаючы паўтараць за дарослымі словы, пастаянна чакаюць такога ўзору выказванні. Для стымулявання пераходу да самастойнага маўлення нашы педагогі выкарыстоўвалі мнематабліцы. Яны ўяўляюць сабой схему, у якую закладзена неабходная інфармацыя, і грунтуюцца на педагагічным прынцыпе “ад простага да складанага”. Гэтыя схемы служаць своеасаблівым планам пры стварэнні маналогаў, дапамагаюць дзецям выбудоўваць сваё маўленне, указваюць на паслядоўнасць, лексіка-граматычную запоўненасць выказвання. Мнематабліцы пачынаем выкарыстоўваць з другога года навучання.
Падчас заняткаў неабходна тлумачыць і абыгрываць з дзецьмі інфармацыю, закладзеную ў схеме. У самым пачатку ў полі зроку з’яўляюцца сілуэтныя выявы або карцінкі, розныя па колеры і велічыні. Выкарыстоўваючы мнемасхему, дзеці складаюць фразу, іх мэта пры гэтым — паставіць словы ў правільнай паслядоўнасці. На наступным этапе работы разглядаюцца выявы мадэлей геаметрычных фігур, што асабліва актуальна пры рабоце над лексічнымі тэмамі пра цацкі, агародніну, фрукты, расліны, посуд, мэблю. Выкарыстоўваючы мнематабліцы, дзеці складаюць развітыя сказы з аднароднымі членамі (з дапаўненнем, азначэннем, акалічнасцю і г.д.). Потым выкарыстоўваюцца больш схематычныя выявы (напрыклад, каструлі), і малым трэба расказаць, чым харчуецца тая ці іншая свойская жывёла ці птушка. Калі паказана дзіцячая каляска, вядзецца размова аб дзіцянятах многіх жывёл. Як правіла, пры выкананні гэтага задання малыя дэманструюць добрыя веды, і, канечне ж, гэта заслуга бацькоў. Ёсць у мнематабліцы і больш абстрактная інфармацыя. Такім чынам, у дзяцей ёсць магчымасці для самастойнага выбару патрэбных схем для расказа. Часам іх прыдумваюць самі выхаванцы.
Прымяненне эфектыўных прыёмаў мадэлявання звязных выказванняў павышае цікавасць дзяцей да гэтага віду дзейнасці і дапамагае дасягнуць значных вынікаў у карэкцыі маўлення дашкольнікаў з парушэннем слыху, выпрацоўвае ўменне сістэматызаваць і аналізаваць, дзяліць цэлае на часткі, аб’ядноўваць неабходную інфармацыю, ствараць групы. Акрамя таго, пашырае веды аб навакольным свеце, актывізуе слоўнікавы запас дзяцей, асабліва падчас пераказаў казак і апавяданняў, як на занятках, так і дома.
У сваёй рабоце выкарыстоўваю дапаможнік Т.В.Пятніцы “Лексіка і граматыка”. Таццяна Віктараўна прапанавала канспекты заняткаў, вельмі зручныя і неабходныя для работы дэфектолага-практыка. Дапаможнік накіраваны на развіццё правільнага лексіка-граматычнага ладу маўлення ў дашкольнікаў праз спецыяльна падабраныя граматычныя практыкаванні і дыдактычныя гульні, а таксама праз выкарыстанне метаду нагляднага мадэлявання. Матэрыял уключае метадычныя рэкамендацыі па выкананні кожнага віду дзейнасці.
Наталля ПАТРУСАВА,
настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 4 Магілёва.