Навучыць і выхаваць

Галоўная задача майстра вытворчага навучання — даць кожнаму навучэнцу трывалыя і глыбокія веды. Пры гэтым трэба быць не толькі настаўнікам, але і арганізатарам пазакласнай, выхаваўчай работы з моладдзю, якая пачынае працоўнае жыццё. Такога меркавання прытрымліваецца майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Валерый Фёдаравіч Неўмяржыцкі. Ён штодня імкнецца працаваць па гэтых прынцыпах.

Прафесійная падрыхтоўка для Валерыя Фёдаравіча ў прыярытэце.

З педагогікай, прафесійнай адукацыяй жыццё Валерыя Фёдаравіча звязана даўно. Рабоце па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ён прысвяціў 48 гадоў, а ў яго працоўнай кніжцы, па сутнасці, толькі адзін запіс. Увесь гэты час ён працуе майстрам вытворчага навучання ў агралесатэхнічным каледжы.

— Я нарадзіўся ў вёсцы. З дзяцінства далучаўся да працы ў сельскай гаспадарцы. У падлеткавым узросце ўжо ўпэўнена сядзеў за рулём трактара, дапамагаў баць­ку ў полі. Напэўна, тады і ўзнікла цяга да механізацыі, да тэхнікі. Зразумела, што над выбарам прафесіі не разважаў. Думаў стаць трактарыстам і ўжо хацеў везці дакументы ў адпаведнае вучылішча ў Мсціславе. Але потым разам з сябрам убачыў аб’яву ў газеце аб тым, што вучылішча ў Буйнічах таксама ажыццяўляе набор на навучанне механізатараў, — успамінае В.Ф.Неўмяржыцкі.

Так вучылішча ў Буйнічах (сённяшні Магілёўскі прафесійны агралесатэхнічны каледж) трывала ўвайшло ў яго жыццё. Спачатку Валерый Фёдаравіч атрымаў тут прафесію, а праз пэўны час прыйшоў сюды працаваць.

— Як толькі здаў выніковыя экзамены, мяне прызвалі на службу ў войска. У арміі быў на добрым рахунку. За выкананне інтэрнацыянальнага доўгу падчас падзей у Славакіі атрымаў падзяку ад тагачаснага міністра абароны СССР. Таксама быў узнагароджаны медалём “За воінскую доб­лесць”. Кіраўніцтва прапанавала застацца на звыштэрміновую службу, але я не пагадзіўся, не бачыў сябе вайскоўцам. Калі вярнуўся дадому, паехаў у Буйнічы, каб забраць атэстат аб прафесійнай адукацыі. Атэстат быў з адзнакай. Мяне адразу ўспомнілі і нечакана прапанавалі работу майстрам вытворчага навучання. Вядома, трэба было атрымаць пэўную адукацыю. Аднак мяне гэта не спыніла, бо я зразумеў, што работа майстрам — менавіта тое, чым мне хацелася б займацца, — паведаміў В.Ф.Неўмяржыцкі.

Тры гады Валерый Фёдаравіч вучыўся ў тагачасным Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. У 1973 годзе прыехаў у Буйнічы кваліфікаваным майстрам вытворчага навучання. З таго часу тут і працуе. За 48 гадоў педагагічнай дзейнасці ён навучыў асновам прафесіі больш як восем соцень юнакоў і дзяўчат.

Зараз В.Ф.Неўмяржыцкі выкладае вы­творчае навучанне па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Маладыя людзі, якія вучацца па гэтых спецыяльнасцях, атрымліваюць кваліфікацыі “трактарыст-машыніст”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын”, “аператар машыннага даення”, “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”. Асновам амаль кожнай з іх вучыць Валерый Фёдаравіч.

Не менш важным В.Ф. Неўмяржыцкі лічыць выхаванне моладзі. Знаходзіць падыход да вучняў яму дапамагаюць спецыяльныя экраны вынікаў вучэбнай дзейнасці, якія ён штогод вядзе ва ўсіх сваіх групах.

На яго занятках маладыя людзі спасцігаюць азы прафесій. Вучацца кіраваць аўтамабілем, трактарам, рамантаваць тэхніку, працаваць з машынна-трактарнымі агрэгатамі: араць, сеяць, уносіць угнаенні, нарыхтоўваць кармы.

Каб вытворчае навучанне было якасным, В.Ф.Неўмяржыцкі вялікую ўвагу ­ўдзяляе ўдасканаленню матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа. Яго рукамі створаны кабінет механізацыі жывёлагадоўчых ферм, дзве вучэбныя лабараторыі. Пры яго непасрэдным удзеле ствараўся аўтадром, трактарадром, кабінеты “Лесаводства” і “Паляўніцтвазнаўства”. Асаблівая гордасць Валерыя Фёдаравіча — стварэнне лабараторыі аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі.

— Лабараторыя дапамагае эфектыўна вучыць аператараў машыннага даення. У свой час па абсталяванні яна была адной з лепшых у СССР. Але і зараз лабараторыя адпавядае павевам часу. Так, у ёй усталяваны дзеючы фрагмент сучаснай даільнай устаноўкі, шэраг іншых прылад, якія дапамагаюць навучэнцам асвоіць догляд жывёл, увесь тэхналагічны працэс даення кароў, — расказаў В.Ф.Неўмяржыцкі.

На думку Валерыя Фёдаравіча, галоўная мэта майстра — навучыць. Навучыць падлетка працаваць рукамі, навучыць якасна выконваць работу, каб ён у далейшым атрымліваў ад выбранай прафесіі не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне. Педагог імкнецца прывіць навучэнцам разуменне значнасці і адказнасці за сваю працу.

Заняткі В.Ф.Неўмяржыцкі будуе так, каб яны спрыялі асваенню прафесійных навыкаў навучэнцамі, развівалі іх дапытлівасць, матывавалі на самаадукацыю. Заняткі Валерыя Фёдаравіча прадугледжваюць і развіццё творчых здольнасцей. Яго навучэнцы актыўна ўдзельчаюць у розных конкурсах і нярэдка становяцца іх пераможцамі.

Прафесійная пад­рыхтоўка ў Валерыя Фёдаравіча ў прыярытэце. Але не менш важным ён лічыць выхаванне мола­дзі, таму да кожнага вучня стараецца знайсці індывідуальны падыход. Вынік не прымушае сябе чакаць. Нават самыя складаныя падлеткі, трапіўшы ў групу да В.Ф.Неўмяржыцкага, мяняюцца да лепшага, бяруцца за розум. Бачачы непадробную ўвагу майстра да іх жыцця, лёсу, хлопцы раскрываюцца і дасягаюць нядрэнных поспехаў у вучобе.

— Вядома, час не стаіць на месцы, дзеці мяняюцца. У сённяшніх падлеткаў іншыя жыццёвыя каштоўнасці. Але сучасныя маладыя людзі такія ж, як мы, проста крыху іншыя. Таму і 40, і 20 гадоў назад, і зараз на сваіх занятках выкарыстоўваю адны і тыя ж метады навучання: дзялюся з навучэнцамі не толькі прафесійным, але і асабістым жыццёвым вопытам, развіваю іх творчыя здольнасці, выхоўваю ў маладых людзях асобу, — расказаў Валерый Фёдаравіч.

Знаходзіць падыход да вучняў В.Ф.Неўмяржыцкаму дапамагаюць спецыяльныя экраны вынікаў вучэбнай дзейнасці, якія ён штогод вядзе ва ўсіх сваіх групах. На звычайным лістку паперы бачны дасягненні і правіннасці кожнага навучэнца.

— Такія экраны я вяду з самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Яны сапраўды дапамагаюць лепш разумець маладых лю­дзей, наладжваць сувязь і супрацоўніцтва з іх бацькамі. З дапамогай экранаў удаецца знаходзіць падыход нават да цяжкіх падлеткаў і выводзіць іх на правільны жыццёвы шлях, — адзначыў Валерый Фёдаравіч.

Сёння В.Ф.Неўмяржыцкі — майстар вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, мае вышэйшую адукацыю. Але, нягледзячы на гэта, ён прытрымліваецца меркавання, што навучаючы, трэба бесперапынна вучыцца самому. Ён пастаянна павышае кваліфікацыю, свой прафесійны ўзровень, займаецца самаадукацыяй. Вывучае новыя прагрэсіўныя і дзейсныя формы падрыхтоўкі, па меры магчымасцей укараняе іх у вучэбны працэс.

— Стараюся, каб мае навучэнцы атрымлівалі дакладную, сучасную, актуальную інфармацыю. Фармірую ў іх тыя навыкі і ўменні, якія дазваляюць ім станавіцца прафесійнымі, запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, — падкрэсліў Валерый Фёдаравіч.

В.Ф.Неўмяржыцкі — неардынарны майстар. Як паведаміў дырэктар каледжа Георгій Мікалаевіч Маліноўскі, гэты педагог — гордасць навучальнай установы.

— Гэта рэдкі чалавек. Універсальны педагог, унікальны майстар, які дасканала ведае асновы шэрага прафесій. Ён выдатны мастак і цудоўна ла­дзіць з дзецьмі, умее знайсці падыход да кожнага навучэнца, — так ахарактарызаваў Валерыя Фёдаравіча кіраўнік каледжа.

Тое, што ў словах кіраўніка няма ніякага перабольшання, пацвярджаюць узнагароды В.Ф.Неўмяржыцкага. У працоўнай скарбонцы Валерыя Фёдаравіча — шматлікія перамогі ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Ён з’яўляецца выдатнікам прафесійна-тэхнічнай адукацыі СССР, неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, мае Падзяку міністра адукацыі і дыплом прэзідэнта “За асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў”. Сёлета В.Ф.Неўмяржыцкі прызнаны лепшым па прафесіі сярод майстроў вы­творчага навучання рэгіёна. Высокая ацэнка работы для яго важная, аднак уласныя ўзнагароды — гэта не галоўнае. Сваім самым высокім дасягненнем ён лічыць поспехі сваіх былых і цяперашніх навучэнцаў.

З выпускнікамі В.Ф.Неўмяржыцкі падтрымлівае сувязь. Ён ведае: большасць з іх засталіся ў прафесіі, а некаторыя сталі сапраўднымі перадавікамі сельскай гаспадаркі. Гэта прыносіць яму глыбокае задавальненне, а таксама матывуе на далейшае ўдасканаленне. Валерый Фёдаравіч ужо даўно на заслужаным адпачынку, але плануе працягваць працаваць, вучыць моладзь прафесіі і жыццю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.