“Навучыць мастацтву жыць дастойна”

- 17:31Навіны рэгіёнаў, Рознае

Святам яркіх талентаў і прыгажосці, незабыўным майстар-класам чалавечнасці і мудрасці, непахіснай вернасці аднойчы абраным ідэалам, адданасці Радзіме і непераможнай любові да жыцця стаў фінал абласнога агляду-конкурсу сярод ветэранаў працы галіны і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі “Свет маіх захапленняў”.

Форум, які праходзіў у рамках святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пачынаўся як творчы конкурс. Аднак ужо на раённых этапах фармат мерапрыемства пачаў мяняцца: нават для гледачоў, а тым больш для канкурсантаў і журы ўласна спаборніцтва займела другаснае значэнне. З кожным выступленнем выяўляла, асэнсоўвала сябе, ажывала незвычайная педагагічная прастора, дзе арганізуючымі элементамі былі ўрокі жыцця тых, хто стаяў ля вытокаў ведаў некалькіх пакаленняў, настаўнікаў па прафесіі і прызванні, ветэранаў, якія нават на заслужаным адпачынку аказваюць моцны ўплыў на фарміраванне светапогляду і выхаванне асобы як юных, так і дарослых.
— Выйшла па-сапраўднаму — філасофія розуму і думкі, музыка душы, тое ўзвышанае, што гучала ў вершах, музыцы, творах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — падзялілася ўражаннямі старшыня Віцебскага абласнога Савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Леакадзія Аліхвер. — Педагагічная грамадскасць безумоўна элітарная частка інтэлігенцыі. Для лепшых яе прадстаўнікоў заслужаны адпачынак зусім не нагода замкнуцца ў дробязных будзённых клопатах — хутчэй унікальны шанс раскрыць і развіць уласны патэнцыял, выйсці на больш высокі ўзровень існавання, духоўнай арганізацыі. Я ўпэўнена, што такі вопыт патрэбны і карысны для грамадства не менш, чым прафесійныя веды педагога. Важна, каб гэта разумелі сучаснікі і адчувалі самі ветэраны: мы ў сваю чаргу прыкладаем для таго ўсе намаганні.

Заключны этап агляду-конкурсу сабраў напярэдадні Дня настаўніка ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі 24 прадстаўнікоў 14 раёнаў і гарадоў рэгіёна.
— Жнівень і першая палова восені — асаблівы час менавіта ў нашым жыцці, нашай працы. Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, Дзень ведаў і першы званок, Дзень настаўніка… У кожнага з нас — маленькага ці ўжо ветэрана педагагічнай працы — ёсць свой Настаўнік. І мы на хвалі поспеху і ў цяжкія хвіліны заўсёды ўспамінаем яго, гаворым яму дзякуй — наяве ці ў памяці. Гэта ключавы момант — так перадаюцца нашы традыцыі ад пакалення да пакалення, — вітаючы герояў свята, падкрэсліў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. — Заўсёды з павагай і вельмі беражліва мы ставімся да ветэранаў. На іх лёс выпала нямала выпрабаванняў. Аднак, успамінаючы педагогаў савецкай школы, сёння ўсе прызнаюць: мы павінны на іх раўняцца. А ўсе вы былі актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва гэтай школы. У вобласці жыве звыш 13 тысяч ветэранаў галіны, якія стаяць на прафсаюзным уліку, — прыкладна столькі ж, колькі працуючых педагогаў. Ведаю, што вы іх заўсёды падтрымліваеце, калі трэба — дапамагаеце, а пры неабходнасці і заменіце. Тым не менш аднойчы настае час, калі мы кажам “бывай” рабоце. І тут вельмі важна кожнаму мець захапленне па душы. Калі ўпершыню па ініцыятыве прафсаюза мы арганізавалі падобнае мерапрыемства ў Браслаўскім раёне, прапанавалі ветэранам паказаць свае захапленні — ужо тады вынік уразіў. Зараз тое ўражанне на некалькі парадкаў узмацнілася. Дзякуй тым, хто прыдумаў і адгукнуўся на гэты конкурс, таму што пакуль ёсць у кожнага з нас захапленне, справа ўсяго жыцця, датуль мы непасрэдна ўдзельнічаем у жыцці краіны.
…У фае адразу прыцягвала ўвагу выстава конкурсных работ і прэзентацыйных буклетаў. Літаральна праз некалькі хвілін пасля яе адкрыцця ля кожнага стэнда завіраваў невялічкі натоўп: экспазіцыі былі настолькі цікавыя і змястоўныя, што мімаволі хацелася затрымацца, разглядзець, пагутарыць з аўтарамі. Педагогі-ветэраны дзейнічалі прафесійна: змястоўна, у цікавай форме адказвалі на пытанні (у выніку колькасць слухачоў і суразмоўцаў відавочна расла) ды яшчэ нейкім дзівам паспявалі падзяліцца навінамі і ўражаннямі з калегамі, пазнаёміцца, абмяняцца адрасамі і тэлефонамі. Выстава як інтэрактыўная пляцоўка абмену вопытам сама па сабе магла б ста ць падзеяй дня для яе ўдзельнікаў і гасцей. А тое, што адбылося далей у актавай зале, пераўзышло самыя смелыя чаканні, і назваць яго іначай як падзеяй нават не рэгіянальнага, а рэспубліканскага значэння будзе няправільна. Неверагоднае па сіле ўздзеяння, феерычнае шоу — прычым ніякіх модных спецэфектаў фіналісты конкурсу не выкарыстоўвалі: зачароўвала гучанне Слова, захапленне выклікалі Таленты. Вялікая літара тут не літаратурны прыём, проста па-іншаму не перадаць маштаб мерапрыемства. Гэта трэба было бачыць і чуць.
— Як сказаў Дзмітрый Кавалеўскі, музыка выпраменьвае такую ж энергію, як і сонца. Яно абуджае прыроду і нараджае вясну на зямлі. Так і музыка пераўтварае чалавека, нараджае вясну ў яго душы, — пераканана спявачка, паэт і кампазітар, уладальніца ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны — 2011” Ганна Шакола (Глыбоцкі раён). — Для мяне спяваць заўсёды было гэтак жа натуральна, як дыхаць. Нарадзілася я на Пастаўшчыне, закончыла Варапаеўскую музычную школу, музычна-педагагічны факультэт педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага ў Мінску. Потым лёс звязаў мяне з Грузіяй (муж ваеннаслужачы), але і там спявала беларускія песні, а з якім захапленнем іх слухалі! З 1989 года жыву ў Глыбокім. Менавіта гэтая зямля натхніла мяне на творчую дзейнасць. Неўзабаве пасля таго, як прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 3, паспрабавала пісаць музыку. Плённым было творчае супрацоўніцтва з дырэктарам школы Віталем Гарановічам — некалькі дзясяткаў песень, а ў 2003 годзе пабачыў свет наш першы зборнік песень “Глыбоцкі вальс”. Я стварыла вакальную групу настаўнікаў: спявалі на розных мерапрыемствах, святах, паспяхова ўдзельнічалі і перамагалі ў конкурсах. Песня “Сафійскі сабор” увайшла ў зборнік “Горад над Дзвіной” і заняла 2 месца ў абласным конкурсе “На зямлі святой Сафіі” ў Полацку. У Глыбокім прайшлі тры мае творчыя канцэрты. Вельмі прыемна, што сённяшняе свята мне даверылі адкрыць сваёй песняй. Мы выбралі твор на словы Зоі Наваенка з апошняга па часе выдання зборніка “Табе, маё Глыбокае”, прысвечанага 600-годдзю нашага горада.

У загалоўку гэтага матэрыялу я выкарыстала вершаваны радок яшчэ аднаго лаўрэата конкурсу — яркай прадстаўніцы сучаснай паэтычнай школы Віцебшчыны, асобы ўнікальнай і харызматычнай — Джэмы Пугачэўскай. Выступленне навапалачанкі стала адным з кульмінацыйных момантаў свята. Ва ўнісон з агульным настроем залы прагучалі вершы “Гады мае” і “Паэту полацкай зямлі”. Аднак асабліва ўразілі ўсіх пранізліва горкія, поўныя трывожнай любові і непазбыўнай пяшчоты да малой радзімы вершы, прысвечаныя Дзісне. Дарэчы, дзякуючы гэтай жанчыне культурнае жыццё ў слаўным сваёй гісторыяй гарадку Мёршчыны прыкметна ажывілася. З настаўнікаў-літаратараў энтузіяст паэтычнага слова арганізавала творчую групу пад назвай “Пунсовы ветразь” у гонар твора Аляксандра Грына, чые сваякі жылі на Дзісненшчыне. Па нядзельных вечарах у мясцовым музеі гучаць песні пад жывую музыку, паэты абмяркоўваюць вершы, краязнаўцы — здабыткі сваіх даследаванняў. Вялікі рэзананс атрымаў калектыўны зборнік “Мы любім Дзісну”.
— Галоўны герой маіх твораў — сучаснік, — расказала Джэма Іванаўна. — Зараз маю багата кніг, публікацый, але першы зборнік для паэта — як першае каханне. Ён так і называўся — “Маім сябрам”, і там сапраўды ўспамінаюцца 146 прозвішчаў сяброў-настаўнікаў, родных і цікавых людзей, якім прысвяціла свае вершы і прозу.
Не менш арыгінальнымі і змястоўнымі былі выступленні калег па паэтычным цэху — палачанкі Людмілы Дзянісавай (яна ўпершыню чытала вершы ў такой вялікай аўдыторыі; хацелася, каб абавязкова быў працяг, аўтар цікавы і з высокім патэнцыялам), Зоі Наваенка з Глыбокага (выдатнік народнай асветы, настаўніца хіміі і біялогіі вышэйшай катэгорыі — сёння актыўны пазаштатны карэспандэнт раённай газеты, акрамя таго, друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях і нават у Чыкага) і Валянціны Латышавай з Сенненшчыны (вышыўкі Валянціны Георгіеўны і яе выхаванцаў атрымалі высокую ацэнку прафесіяналаў, з імі можна было пазнаёміцца падчас выстаў у Віцебскіх абласных ІРА і краязнаўчым музеі, на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і ў Палацы Рэспублікі; да вершаскладання педагог звярнулася параўнальна нядаўна — першыя вершы напісаны для вучняў на раённы конкурс “Ранішняя зорка”). А таксама віцяблянкі Галіны Главацкай (Кастрычніцкі раён) і Маргарыты Юшкевіч, якая прадставіла Віцебскі раён.

Маргарыта Дзмітрыеўна — асоба вядомая як у раёне, так і далёка за яго межамі. Яе ведаюць як таленавітага педагога, многія вучні якой па прыкладзе любімай настаўніцы абралі педагагічную спецыяльнасць, дырэктара, пры якім Старасельская школа пераехала ў новы будынак, заснавальніцу працоўнай дынастыі (дачка і ўнучка — педагогі). Аднак ці не найперш — як патрыёта і гісторыка-энтузіяста, арганізатара гісторыка-краязнаўчага музея, які з 1994 года мае званне “народны”, аўтара 10 кніг і мноства публікацый у перыядычных выданнях, прысвечаных подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і гісторыі роднага краю. Дзякуючы конкурсу мы змаглі бліжэй пазнаёміцца з паэтычнымі старонкамі творчасці Маргарыты Юшкевіч.
— Усе мы, хто сабраўся сёння тут, — шчаслівыя людзі, — выразіла агульны настрой Галіна Главацкая. — Таму што змаглі падзяліцца, чым жыве душа, чым духоўна напоўнены наш пасляпрацоўны час. Мне найбольш блізкія людзі, захапленне якіх — паэзія. Наш клуб, арганізаваны ў сакавіку 2010 года па ініцыятыве Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна і нашага прафсаюзнага лідара Ірыны Яфіменка, так і называецца — “Паэтычнае слова”. Мы, аднадумцы-ветэраны, “апошнія дзеці дай бог, каб апошняй вайны”, збіраемся разам, каб пачытаць свае вершы, расказаць пра набалелае, тое, што хвалюе, чым мы сёння жывём і чым жыве наша краіна, сустракаемся з вядомымі сучаснымі паэтамі Прыдзвіння. На пасяджэнні клуба прыходзяць школьнікі і гімназісты, пастаяннымі іх удзельнікамі з’яўляюцца навучэнцы сярэдняй школы № 11 Віцебска, якая гасцінна прымае нас у сваіх сценах. За 4 гады выдадзены некалькі зборнікаў вершаў, напісаных найбольш актыўнымі ўдзельнікамі клуба.
На жаль, фармат адной публікацыі не дазваляе бліжэй пазнаёміць чытачоў з творчымі здабыткамі ўсіх лаўрэатаў — аўтараў сапраўдных шэдэўраў мастацкай фатаграфіі, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Надзеі Салаўёвай і Раісы Фірсавай, Галіны Буевіч і Людмілы Кузьменка, Алы Арлоўскай і Любові Панцялеевай, Ніны Губарэвіч, Наталлі Дзеравяшка і Валянціны Макацерчык. Асобна варта адзначыць таленты майстра суднамадэлявання Аркадзя Паліўкіна з Чыгуначнага раёна Віцебска і майстроў мастацкай самадзейнасці — удзельнікаў вакальнай групы хору ветэранаў педагагічнай працы Чыгуначнага раёна Віцебска “Натхненне”, хору ветэранаў педагагічнай працы Кастрычніцкага раёна Віцебска “Гармонія”, вакальнай групы хору ветэранаў педагагічнай працы “Аптымісты”, калектыву “Бешанковіцкія бабулі” (вось ужо сапраўды — куды там “буранаўскім”), Раісы Курбанавай і Здзіслава Кісяля з Аршанскага раёна, Раісы Піталенка і Яўгена Клямята з Першамайскага раёна Віцебска. І, канечне ж, трэба назваць чараўніц фітадызайну — палачанку Вольгу Каланда і віцяблянку Галіну Дзямешчанка (якая, акрамя таго, паспяхова займаецца журналістыкай).
— Як немагчыма адзіным росчыркам пяра напісаць геніяльны верш, узмахам кісці стварыць шэдэўральную карціну, так нельга ў некалькіх словах даць ацэнку таму, што сёння адбылося, — словы падзякі старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Суханава ў завяршэнне форуму прагучалі як прызнанне ў каханні. — Фармат, у якім адбывалася гэтая сустрэча, незвычайны. Хачу сказаць, што гэтая сцэна за амаль 50 гадоў свайго існавання не бачыла падобнага. Дзякуй вам, дарагія ветэраны, за тую працу, якую вы самааддана рабілі і працягваеце рабіць: яе кошт невымерны — сотні і тысячы дзяцей, якія знайшлі сваё месца ў жыцці. І за тыя дабрыню, святло і радасць, якія вы шчодра дорыце свету.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.