Навучыць мысліць

- 11:24Адукацыйная прастора

Чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага клуба педагагічных сустрэч, якія арганізоўвае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адбылося ў Гродне. Тэмай яго стала фарміраванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне метадаў АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі.

— Метады і прыёмы названай тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці педагагічныя работнікі сістэмы дашкольнай адукацыі нашай краіны, — гаворыць метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Таццяна Дзівакова. — Гэта ўжо шостае пасяджэнне клуба, удзел у рабоце якога прымаюць намеснікі загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі, выхавальнікі, зацікаўленыя ў павышэнні якасці сваёй работы, члены дашкольнай секцыі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Такія пасяджэнні накіраваны на ўдасканальванне прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў праз азнаямленне з вопытам калег падчас канструктыўнага дыялогу.

Практычная частка праходзіла ў яслях-садзе № 78 Гродна. Тут дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр “Выкарыстанне АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Кіруе яго работай выхавальнік-метадыст член клуба “Крыштальны журавель” Таццяна Літвінчык. Таццяна Аляксееўна правяла з удзельнікамі клуба майстар-клас “Яблычны квест”, а таксама прэзентацыю “Навучанне з прыстаўкай “эка” пра работу рэсурснага цэнтра. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Гурына прадставіла аўкцыён ідэй “Я малюю вочы”.

Для ўдзельнікаў клуба была арганізавана вучэбная гульня “Рашэнне творчых задач сродкамі АТММ-ТРВЗ”, праведзена кансультаванне па праблемах выкарыстання асобных метадаў і прыёмаў названай тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту, а ў канцы мерапрыемства выхавальнікі ясляў-сада № 78 запрасілі гасцей на інтэграваныя заняткі ў сярэдняй і старшай групах і ў студыю бодзі-арта “Заапарк на руцэ”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.