Навучыць працаваць кожнага вучня

Часта мы ацэньваем чалавека па тым, як ён працуе і як ён ставіцца да іншых людзей. “Галоўнае — прывіць вучням любоў да працы, каб веды, уменні і навыкі, атрыманыя на ўроках працоўнага навучання, спатрэбіліся ім у далейшым  жыцці”, — лічыць настаўнік працоўнага навучання Сяргей Зайцаў.

Прыкладам для Сяргея Леанідавіча заў­сёды з’яўляўся яго дзядуля, які яшчэ ў дзяцінстве навучыў унука праца­ваць, рабіць патрэбныя ў гаспадарцы вырабы з дрэва. Вучыў ён хлопчыка спакойна, настойліва, часта хваліў. Гэтыя адносіны да працы, да навучання назаўсёды засталіся ў памяці С.Л.Зайцава.

У школе на Сяргея заўсёды маглі разлічваць: ён і плакат намалюе, і зробіць малюнкі для насценгазеты, і дапаможа аформіць стэнд. Таму і выбар будучай прафесіі быў невыпадковым. У 1997 годзе Сяргей Леанідавіч скончыў мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Настаўнік выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання”. Ужо 20 гадоў яго адзі­ным месцам працы з’яўляецца гімназія № 3 Віцебска, і С.Л.Зайцаў ніколі не пашкадаваў аб выбранай прафесіі. У гэтай жа ўстанове адукацыі настаўніцай абслуговай працы працуе яго жонка Алена Фёдараўна Зайцава. Іх дачка Настасся вучыцца на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П.М.Машэрава і марыць прадоўжыць сямейную дынастыю настаўнікаў.

Працуючы ў гімназічным калектыве, Сяргей Леанідавіч ніколі не адмовіць у дапамозе — адрамантаваць мэблю, размясціць выставу, прымацаваць карціну. Калі трэба, можа даць добрую параду і падтрымаць калегу.

— Па-першае, настаўнік сам павінен быць прыкладам для вучняў, — упэўнены С.Л.Зайцаў. — Па-другое, на ўроках асаблівую ўвагу ўдзяляю засваенню вучнямі бяспечных метадаў і прыёмаў працы, выкананню патрабаванняў тэхнікі бяспекі, этыцы дзелавых адносін у калектыве. Па-трэцяе, вучу, што пачатую справу неабходна даводзіць да канца, вырабы трэба выконваць якасна, у адведзены тэрмін. Важным лічу выхаванне ў навучэнцаў працавітасці, адказнасці. Пры выкананні заданняў у дзяцей развіваецца самастойнасць прыняцця рашэнняў, творчы падыход. Усё гэта спрыяе фарміраванню навыкаў рацыяналізатарскай дзейнасці — такіх  неабходных у сучасным грамадстве.

Адной з частак працоўнага навучання ў гімназіі з’яўляецца вытворчая практыка. Згодна з меркаваннем Сяргея Леанідавіча, працоўная практыка ў брыгадах — гэта вельмі эфектыўная форма працоўнага выхавання. Практыка ў гімназіі праводзіцца ў рамках супрацоўніцтва з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Для правядзення вытворчай практыкі былі створаны брыгады па рамонце мэблі, азеляненні гімназічнай тэрыторыі. Асаблівую каштоў­насць пры гэтым мае ўсведамленне навучэнцамі значнасці сваёй працы. Так, хлопцы, якія займаюцца рамонтам гімназічнай мэблі, ведаюць, што за гэтымі партамі будуць вучыцца і самі, і іх аднакласнікі.

Некаторыя навучэнцы наведваюць факультатыўныя заняткі мастацкай накіраванасці пад кіраўніцтвам Сяргея Леанідавіча. Можа, гэта і будзе іх першым крокам у прафесію, бо побач знаходзіцца настаўнік, які можа навучыць, падтрымаць, дапамагчы паверыць у свае сілы.

Пры правядзенні ўрокаў працоўнага навучання Сяргей Леанідавіч прымяняе як сучасныя, так і традыцыйныя адукацыйныя методыкі. А каб кожны мог праявіць свае здольнасці, настаўнік выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход. Пры падборы заданняў да заняткаў педагог аддае перавагу практыка-арыентаваным. За 20 гадоў плённай працы С.Л.Зайцаў неаднаразова быў узна­гароджаны дыпломамі і граматамі раённых і гарадскіх улад. 

Сяргей Леанідавіч шмат працуе з адоранымі навучэнцамі, бо ўдзел гімназістаў у выставах, конкурсах, алімпіядах адыгрывае вялікую ролю ў далучэнні дзяцей да актыўнай працоўнай дзейнасці, садзейнічае развіццю іх творчых здольнасцей. Навучэнцы з задавальненнем прымаюць удзел у выставах, асабліва ім падабаюцца гарадскія конкурсы па аўта-, авія- і суднамадэлізме. Вучні 7 класа Ягор Осіпаў, Дзмітрый Філенка за перамогу ў гарадскім конкурсе па суднамадэ­лізме (2018 год) былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені. Уладзіслаў Таберка, Максім Уракаў, навучэнцы 10 класа, за перамогу ў гарадской выставе тэхнічнай творчасці “Арсенал” (2018 год) таксама атрымалі дыпломы I ступені. Ілья Мазур, навучэнец 11 класа, за перамогу ў 45-й гарадской выставе дзіцячай тэхнічнай творчасці (2017 год) быў узнагароджаны дыпломам I ступені.

У гэтым навучальным годзе гімназічная скарбонка папоўнілася новымі ўзнагародамі ў алімпіядным руху. Так, Улад Таберка заняў 2-е месца, а Максім Уракаў 3-е месца (2018 год) у другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

За перамогу ў гарадской выставе “Калядная казка” (2018 год) навучэнцы 6 класа Мікіта Ніканенка, Арцём Майсееў былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені. Сямікласнікі Ягор Осіпаў, Дзмітрый Філенка за перамогу ў гарадскім конкурсе ў намінацыі “Лепшыя спартыўныя паказчыкі” (2018 год) атрымалі дыпломы I ступені. Віталь Дубаў, Аляксандр Грачыха, навучэнцы 11 класа, за перамогу ў 46-й гарадской выставе дзіцячай творчасці “Радзіма любімая мая” (2018 год) былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені.

На перапынку зноў зазірнём у майстэрню. Тут заўсёды парадак, пасля працы акуратна складзены інструменты. У шафе выстаўлены вырабы навучэнцаў: скарбонкі, драўляныя разьбяныя дошчачкі, свяцільні, мадэлі аўтамабіляў, самалётаў, караблёў, танкаў. На сценах — прадметы гістарычнай рэканструкцыі. “Гэта толькі некаторыя творчыя работы маіх вучняў. Многія вырабы, зробленыя сваімі рукамі, навучэнцы падарылі татам і мамам на святы і мерапрыемствы. Бацькі задаволены вынікамі працы іх дзяцей”, — адзначае Сяргей Леанідавіч. Хутка перапынак скончыўся, з добрым настроем настаўнік пачаў свой урок, на якім ён вучыць гімназістаў галоўнаму — добрасумленна працаваць на карысць грамад­­ства і сваёй Радзімы.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота Валерыя ГАЛУБЦОВА.