Навучыць самастойнасці

Дабрабыту дзяцей, незалежна ад таго, у якой сям’і яны выхоўваюцца — біялагічнай, прыёмнай ці замяшчальнай, заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага. Адным з важных момантаў з’яўляецца магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі. Але і на гэтым дапамога не заканчваецца. 

Напрыканцы месяца ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы адбыўся Рэспубліканскі семінар-нарада па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў.

На чым акцэнтавалі ўвагу спецыялісты? Якія пытанні, звязаныя з падтрымкай дзяцей-сірот, усё яшчэ патрабуюць вырашэння? Менавіта гэта спрабавалі высветліць прадстаўнікі сістэмы адукацыі.

Адукацыйныя крокі

У нашай краіне за апошнія 20 гадоў распрацаваны шматлікія механізмы рэалізацыі правоў дзяцей-сірот. Гэта тычыцца не толькі права на адукацыю і выхаванне ў сямейным асяроддзі. Заканадаўствам распрацаваны алгарытмы абароны маёмасных і жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Але, што хаваць, праблемныя пытанні ў гэтым кірунку таксама ёсць, яны кожны раз балюча адбіваюцца на дзецях, якія часта не гатовы да першых цяжкасцей самастойнага жыцця.

“Атрыманне дзецьмі-сіротамі прафесійнай адукацыі сёння не выключэнне, а норма, — акцэнтавала ўвагу падчас свайго выступлення галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Фёдараўна Сімакова. — Менавіта таму педагогам устаноў прафадукацыі адводзіцца складаная і адказная місія — накіраваць у жыццё дзіця, якое не мае рэсурсу ў выгля­дзе роднай сям’і”.

Правільна арганізаваная прафарыентацыйная работа здольна аказаць вялікі ўплыў на дзіця. Безумоўна, у гэтым кірунку многае залежыць ад якаснай работы з дзіцем не толькі ў школе, але і ў прыёмнай сям’і. А.Ф.Сімакова ўпэўнена, што правільна зроблены выбар прафесіі робіць паспяховым не толькі навучанне, але і наступнае працаўладкаванне.

Ва ўсіх без выключэння ўніверсітэтах краіны, куды паступаюць дзеці, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, створаны спрыяльныя ўмовы для іх сацыяльнай адаптацыі. Усім, хто мае патрэбу ў жыллі, прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце.

“Наш семінар-нарада закранае тэму пераемнасці ступеней адукацыі і размежавання ступені адказнасці кожнага з удзель­нікаў сістэмы суправаджэння дзяцей-сірот, — патлумачыла прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Праведзены ў 2021 годзе маніторынг абароны правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, паказаў, што ў шматлікіх установах сфарміравана якасная сістэма работы з сіротамі і на практыцы забяспечваецца абарона іх правоў. Там, дзе кіраўнік ведае кожнага такога навучэнца, дзе ёсць кантроль прысутнасці сірот на занятках, вывучэнне ўмоў іх жыцця ў інтэрнаце, рэагаванне на су­працьпраўныя паводзіны, сістэма работы дае добрыя вынікі. Выпускнікі такіх устаноў, атрымаўшы прафесію, становяцца паспяховымі людзьмі”.

А.Ф.Сімакова адзначыла, што пры­чынамі парушэнняў у рабоце з’яўляецца змена педагагічных кадраў, іх некампетэнтнасць, адсутнасць кантролю з боку кіраўнікоў і іх намеснікаў, і, як вынік, патуранне як у вучэбным працэсе, так і ў бытавым уладкаванні сірот. Але, безумоўна, гэта ўсё можна паправіць. Галоўнае — умець прызнаваць прычыну і разумець, што за гэтым стаіць і як існуючыя праблемы можна вырашыць. 

Зазірнуць у будучыню

Сваім поглядам на праблему падзяліліся прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, якія таксама пільна сочаць за жыццёвым і прафесійным уладкаваннем дзяцей-сірот. 

Іна Мікалаеўна Галавач, начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю РІВШ, расказала, што кожны год студэнтамі УВА становяцца каля 370 дзяцей-сірот, што засталіся без апекі бацькоў. 

Безумоўна, клопат аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама аб асобах з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця з’яўляецца адной з прыярытэтных дзяржаўных задач. 

“Заканадаўства краіны гарантуе права сірот на матэрыяльнае забеспячэнне, на адукацыю, на ахову i ўмацаванне здароўя і прадастаўляе шэраг ільгот, якія дапамогуць ім у складаны перыяд вучобы, станаўлення, атрымання прафесіі. Важнае значэнне ў паспяховай сацыялізацыі дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, мае дзейнасць устаноў вышэйшай адукацыі па постынтэрнатным суправаджэнні. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб постынтэрнатным суправаджэнні дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — працягвае начальнік упраўлення выхаваўчай работы. — Мэтай постынтэрнатнага суправаджэння з’яўляецца аказанне садзейнічання ў іх сацыяльнай адаптацыі і паспяховай інтэграцыі ў грамадства”.

Асноўнымі задачамі постынтэрнатнага суправаджэння ва ўстановах вышэйшай адукацыі дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з’яўляюцца забеспячэнне гарантый па сацыяльнай абароне, абарона правоў і законных інтарэсаў, а таксама садзейнічанне ў атрыманні адукацыі, працаўладкаванні, абароне асабістых немаёмасных і маёмасных правоў.

Паказальна, што ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў гэтым кірунку вядзецца сістэмная і наладжаная работа. Так, ва УВА створаны і працуюць камісіі, якія каардынуюць сацыяльную абарону дзяцей-сірот, прадстаўляюць іх інтарэсы ў дзяржаўных і грамадскіх установах, разглядаюць пытанні прадастаўлення дзяржаўнага забеспячэння і інш.

“Акрамя гэтага, наладжана ўзаема­дзеянне з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання. Гэта дае магчымасць якасна і аператыўна выра­шаць пытанні, што ўзнікаюць, а таксама на належным узроўні рыхтаваць неабходныя запыты, лісты і іншыя дакументы, што тычацца вырашэння жыллёвых і іншых пытанняў”, — працягвае І.М.Галавач. — Важная роля ў кірунку сацыяльнай абароны дзяцей-сірот адводзіцца супрацоўнікам сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў, што працуюць ва УВА. Менавіта яны выяўляюць і падтрымліваюць тых студэнтаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе і абароне дзяржавы”.

Праведзены ў 2021 годзе маніторынг абароны правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і якія вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, паказаў, што ў шматлікіх установах сфарміравана якасная сістэма работы з сіротамі і на практыцы забяспечваецца абарона іх правоў.

“Супрацоўнікі СППС аказваюць са­цыяльна-педагагічную і псіхолага-педагагічную дапамогу дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — тлума­чыць спецыяліст. — Такім дзецям аказваецца садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў іх жыццеўладкавання, у афармленні рэгістрацыі, матэрыяльнай дапамогі. Таксама рэалізуецца дзейнасць па абароне жыллёвых правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, вядзецца ўлік па кампенсацыі расходаў і кантроль за паступленнем сродкаў па кампенсацыі расходаў на ўтрыманне навучэнцаў, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Так, маладым людзям, залічаным на дзяржаўнае забеспячэнне ва УВА, акрамя грашовых выплат на харчаванне і набыццё адзення і абутку, штогод аказваецца матэрыяльная дапамога ў памеры, не меншым за сацыяльную стыпендыю. Яны вызваляюцца ад аплаты за пражыванне ў інтэрнатах, забяспечваюцца матэрыяльнай дапамогай з агульнаўніверсітэцкага фонду ці за кошт сродкаў прафсаюзнага бюджэту і атрымліваюць усе неабходныя выплаты ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам”. 

Безумоўна, ва ўсіх без выключэння ўніверсітэтах краіны, куды паступа­юць дзеці, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, створаны спрыяльныя ўмовы для іх сацыяльнай адаптацыі. Усім, хто мае патрэбу ў жыллі, прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце. 

“Спецыялісты СППС і супрацоўнікі інтэрнатаў рэгулярна вывучаюць жыллё­ва-бытавыя ўмовы пражывання такой катэгорыі студэнтаў. Гэта робіцца з той мэтай, каб дапамагчы сфарміраваць сацыяльна-бытавыя навыкі і стварыць спрыяльны мікраклімат. Куратары вучэбных груп і спецыялісты СППС часта праводзяць педагагічнае назіранне за дзецьмі-сіротамі, каб выя­віць праблемы, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі. Безумоўна, калі ёсць патрэба, то праводзяцца індывідуальныя кансультацыі па сацыяльна-псіхалагічных праблемах і пытаннях прававога забеспячэння”, — канстатуе прадстаўнік РІВШ.

Тэма работы з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама з тымі малышамі, якія выхоўваюцца ў біялагічных сем’ях, але патрабуюць увагі сацыяльных службаў, заўсёды на слыху і будзе заставацца актуальнай, патрабуючы новых падыходаў. Так, сёння распрацоўваецца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2022—2026 гады. Сярод самых значных падзей апошніх дзесяцігоддзяў можна назваць развіццё прававой адукацыі дзяцей. Згадзіцеся, сёння дзеткі — актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця, а значыць, яны таксама маюць патрэбу ў актуальнай прававой інфармацыі, каб умець у першую чаргу абараніць сябе. 

Наталля САХНО.