Навучыць вышываць сваё шчасце

- 9:17Людзі адукацыі

Алена Эдуардаўна Заблоцкая па ўласным вопыце ведае, як важна кожнаму чалавеку знайсці сваё прызванне. Неад’емнай часткай яе жыцця стала выкладанне працоўнага навучання ў Кадзінскай сярэдняй школе Магілёўскай вобласці. Менавіта гэты прадмет дапамог настаўніцы максімальна раскрыць свае шматгранныя творчыя здольнасці і захапіць любімай справай вучаніц, сярод якіх шэсць прызёраў і пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Алена Эдуардаўна — педагог у трэцім пакаленні. Вырашыла працягнуць сямейную справу, бо школа з маленства была для яе знаёмым і родным асяроддзем. Дзядуля, татаў бацька, быў педагогам, доўгі час і дырэктарам школы. У галіне адукацыі працавалі і татавы сёстры. Мама таксама настаўніца з саракагадовым стажам.

— Я з дзяцінства бавіла ў школе шмат часу, — узгадвае А.Э.Заблоцкая. — Спачатку пры­ходзіла разам з мамай, часам чакала яе, пасля бачыла, як яна працуе, рыхтуецца дома да ўрокаў. Для мяне было лагічным скончыць школу, атрымаць адукацыю і пасля зноў вярнуцца сюды ж, каб працаваць тут увесь час, як гэта рабілі мае сваякі. У нейкім іншым месцы, па-за школай, я сябе абсалютна не ўяўляю.

Той факт, што ў сям’і некалькі педагогаў (муж таксама прадстаўнік гэтай прафесіі і аднадумец), для Алены Эдуардаўны не толькі гонар, але ў першую чаргу вялікая адказнасць. Калі працягваеш сямейную справу, то гэта абавязвае да таго, каб не падвесці, працаваць толькі на высокім узроўні. Гэта з с­амага пачатку стала нязменным правілам, якога настаўніца строга прытрымліваецца ўжо больш за дваццаць гадоў.

Педагагічны лёс склаўся цікава. Пасля заканчэння школы Алена Эдуардаўна паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут (зараз універсітэт) імя А.А.Куляшова. Атрымала кваліфікацыю “настаўнік пачатковых класаў”. Па размеркаванні прыбыла на сваё адзінае, любімае месца працы ў Кадзін­скую сярэднюю школу Магілёўскага раёна. З задавальненнем вучыла малодшых школьнікаў, здзіўляючы калег рознабаковымі ўменнямі. Здавалася, няма таго, чаго, нібы Золушка з вядомай казкі, не ўмее рабіць Алена Эдуардаўна. У яе руках заўсёды ўсё спорылася, атрымлівалася прыгожа і якасна.

Праз час, пасля таго як Алена Эдуардаўна выйшла з другога дэк­рэтнага водпуску, ад дырэктара паступіла прапанова перакваліфікавацца ў настаўніцу абслуговай працы. І яна вырашыла згадзіцца і пачаць усё спачатку.

— Справа ў тым, што ў школе ўсе добра ведалі мае прыхільнасці, звязаныя з усім, што тычыцца працоўнага навучання, — расказвае Алена Эдуардаўна. — Мне заўсёды падабалася шыць, вязаць, вышываць, гатаваць — адным словам, тварыць сваімі рукамі прыгажосць і ўтульнасц­ь. У дзяцінстве я прасіла сваякоў навучыц­ь мяне ўсяму гэтаму. Так што настаўніцы працоўнага навучання ўжо не трэба было мне нічога тлумачыць. Калі ў маім раскла­дзе з’явіўся гэты прадмет, я адразу прыйшла з добрай базай, з навыкамі, якія сфарміраваліся дома дзякуючы маім просьбам і дапамозе родных.

Рашэнне перакваліфікавацц­а Алена Эдуардаўна прыняла хутка. Разумела, што прыйдзецца асвойваць методыку выкладання новага, больш практыка-арыентаванага прадмета, шмат працаваць, каб выйсці на адпаведны ўзровень. Інакш працаваць яна не магла! Цяжкасці ніколі не палохалі, наадварот, падштурхоўвалі да таго, каб пераадолець іх і тым самым зрабіць крок наперад у сваім развіцці.

Сёння Алена Эдуардаўна вельмі ўдзячна лёсу за змены, якія адбыліся. Менавіта працоўнае навучанне стала тым прадметам, дзякуючы якому яна максімальна раскрыла ўсе свае таленты. Адно з лепшых пацвярджэнняў гэтага — паспяховы старт. Ужо на другі год работы ў новай ролі Алена Эдуардаўна падрыхтавала вучаніцу, якая стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

— Я адразу максімальна пагрузілася ў тонкасці выкладання працоўнага навучання, — адзначае настаўніца. — Было складана, але цікава, бо гэтая тэма прываблівала мяне заўсёды. Так што, калі ёсць жаданне, не трэба баяцца. Часам змена вучэбнага прадмета можа адкрыць другое дыханне.

Перш-наперш Алена Эдуардаўна стараецца перадаць свае адносіны да прадмета і патлумачыц­ь дзяўчатам: працоўнае навучанне абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Тут на практыцы прымяняюцца веды па самых розных прадметах, дапамагаючы вырашыць надзённыя задачы. Ёсць навыкі, якія неабходны ўсім прадстаўніцам прыгожага полу, як бы ні склаўся лёс, якую б прафесію ні выбралі. Важна ўмець паклапаціцца пра сябе і тых, хто побач. Гэта адзін з сакрэтаў сямейнага шчасця і дабрабыту, утульнага дому і творчай самарэаліцыі.

Алена Эдуардаўна імкнецца раскрыць патэнцыял кожнай вучаніцы. Безумоўна, камусьці рукадзелле адразу прыходзіцца па душы, іншым даецца няпроста. Аднак настаўніца пераканана: важна навучыцца яшчэ і цярпенню, стараннасці. Каб вынік парадаваў, трэба прыкласці намаганні і не здавацца пры першых няўдачах.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу на ўроках настаўніца выкарыстоўвае метады праектаў, рознаўзроўневага навучання з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій. Шмат увагі ўдзяляе развіццю творчага мыслення, фарміраванню трывалых ведаў і навыкаў. Актыўна прыцягвае вучаніц да даследчай дзейнасці.

Кожнае дасягненне дзяўчат радуе Алену Эдуардаўну. У некаторых спачатку не назіраецца цікавасці, а пазней адносіны да прадмета мяняюцца і адбываецца сапраўдны прарыў, нібы прачынаецца творчы пачатак, які ёсць у кожным. Працоўнае навучанне А.Э.Заблоцкая выкладае дзесяць гадоў. За гэты час яе вучаніцы атрымалі шэсць дыпломаў прызёраў і пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Таксама ў скарбонцы дасягненняў — шматлікія перамогі ў разнастайных творчых конкурсах. Настаўніца і яе вучаніцы неаднаразова былі адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Да таго ж Алену Эдуардаўну некалькі разоў уключалі ў склад рэспубліканскага журы алімпіяды па працоўным навучанні.

— Усё гэта важныя моманты, якія яшчэ больш натхняюць на творчасць, крэатыўнасць і актыўнасць мяне і маіх вучаніц, — падсумоўвае А.Э.Заблоцкая. — Аднак для мяне самае галоўнае, каб з часам дзяўчаты не забыліся тое, чаму я іх вучыла, каб, няхай і праз гады, падумалі: як добра, што яны столькі ўсяго ўмеюць дзякуючы школьным урокам працоўнага навучання.

Настаўніца не толькі дзеліцца ведамі і ўменнямі, але і максімальна выкарыстоўвае вялікі выхаваўчы патэнцыял свайго прадмета. Калі, як не на працоўным навучанні, з дзяўчатамі можна пагаварыц­ь па душах аб важных тэмах, падзяліцца мудрасцю, засцерагчы ад магчымых памылак. Настаўніца любіць паўтараць, што ва ўсіх сферах жыцця: у сям’і, на працы — за поспехамі, павагай, гармоніяй хаваецца карпатлівая праца. Уласнае шчасце, нібы карціна, вышываецца шывок за шыўком сваімі ж рукамі. І тады кожны дзень напаўняецца радасцю ад добрых, патрэбных спраў і цёплых адносін.

Таццяна ШЫМКО.