Навучыць, заняць, развіць

- 11:42Выхаванне

Такую мэту перад сабой паставілі педагогі дадатковай адукацыі Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў дачыненні да юных уваравічан. І выдатна з ёй спраўляюцца.

Варта толькі пераступіць парог будынка цэнтра — адразу трапляеш у царства творчасці. Да чаго ж умелыя ўваравіцкія дзеці і іх педагогі! Цяжка стрымаць захопленыя эмоцыі пры разгляданні тых рэчаў, якія яны ствараюць. У большасці сваёй гэтая прыгажосць — справа рук выхаванцаў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Чараўніцы”. Студыя створана больш за 20 гадоў назад, у 1994 годзе. У 2006 годзе ёй прысвоена званне “народная”. З тых часоў гурткоўцы ўжо тройчы пацвярджалі гэтае высокае ганаровае званне. Для таго каб насіць і пацвярджаць яго, трэба актыўна і плённа працаваць, удзельнічаць у конкурсах. Народная студыя — дыпламант розных рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў, свят, такіх як “Калядная зорка”, “З рога ўсяго многа”, “У будучыню — з надзеяй”. Узначальвае народную студыю “Чараўніцы” Святлана Віктараўна Крыкун.
Святлана Віктараўна родам з Уваравіч. Сваю місію як педагог і як чалавек, які любіць сваю радзіму, яна бачыць у захаванні і распаўсюджванні народных традыцый. У студыі “Чараўніцы” школьнікі знаёмяцца і твораць з такіх матэрыялаў, як лён, саломка, вывучаюць народныя святы, абрады. Лён і саломка — з родных палёў. Саломку дзеці самі нарыхтоўваюць на палях родных прадпрыемстваў ААТ “Уваравічыэліт”, эксперыментальнай базы “Пенчын”. У склад студыі ўваходзіць 20 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 100 дзяцей. Гэта самая шматлікая студыя ў цэнтры. Святлане Віктараўне Крыкун дапамагаюць раскрываць дзіцячыя таленты педагогі Алеся Фёдараўна Чуяшова, Лілія Мікалаеўна Жарына, Вольга Уладзіміраўна Лапіцкая.
— Дзеці любяць працаваць і з саломкай, і з лёнам, — гаворыць Святлана Віктараўна. — Гэта карпатлівая праца. І не ва ўсіх хапае цярпення давесці да поўнай гатоўнасці выраб.
Ніякага адбору ў гурткі па інтарэсах педагогі не праводзяць — рады кожнаму дзіцяці, бо ўпэўнены, што кожны таленавіты. Можа, ён сёння не праявіў сябе, а заўтра абавязкова цуд створыць. Тым больш што гурткоў вялікая колькасць. Не можаш працаваць з саломкай — паспрабуй вышываць стужкамі ці ляпіць з пластыліну, рабіць творы з прыроднага матэрыялу.
Народная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чараўніца” — толькі адзін з кірункаў дзейнасці Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Цэнтр — шматпрофільная ўстанова, дзе таксама развіваюцца мастацкі, тэхнічны, эколага-біялагічны, турыстычна-краязнаўчы і сацыяльна-педагагічны напрамкі. У гэтым годзе працуе 49 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць больш за 500 чалавек.
Вялікую цікавасць у дзяцей выклікае студыя харэаграфіі. Калі выступае танцавальны калектыў “Мілавіца”, які ўзначальвае Людміла Аляксандраўна Кабаева, то прыходзіцца арандаваць залу ў Доме культуры Уваравіч, бо прыхільнікаў іх творчасці нямала. Што самае дзівоснае, дзеці з вялікім жаданнем выконваюць народныя танцы, хоць рэпертуар калектыву “Мілавіца” багаты. Танцавальны калектыў добра ведаюць за межамі раёна. Ён неаднаразова заслугоўваў узнагароды раённага і абласнога ўзроўняў. Сёння створаны выдатныя ўмовы для заняткаў танцавальнага калектыву. Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву, рэканструявана харэаграфічная зала, закуплена новае абсталяванне, апаратура. Касцюмы ж, у якіх, бясспрэчна, закладзена вялікая доля поспеху, шыюць самі педагогі. Вось такія яны рознабакова таленавітыя!
У гэтым яшчэ раз пераконваешся, калі заходзіш у майстэрню да культарганізатара Віталя Валер’евіча Карпінскага. Для свайго этнагурта “Абярэг” ён вырабляе самабытныя народныя інструменты: драўляныя лыжкі, ражкі, трашчоткі, свістулькі… У калекцыі ўжо 10 інструментаў. Педагог плануе павялічыць іх удвая. Музыканты этнагурта “Абярэг” яшчэ зусім юныя — ім па 6—7 гадоў. Віталь Валер’евіч упэўнены, што праз некалькі гадоў пра іх загавораць. Ужо сёння яны вучацца іграць не толькі па нотах, але і імправізаваць. Напрыклад, барабаны пачынаюць, лыжкі падхопліваюць, свістулькі і бубны ўключаюцца — атрымліваецца такі шумавы аркестр.
Адно з любімых дзіцячых месцаў у цэнтры — гульнятэка. Створана яна амаль 20 гадоў назад. Сёння тут сабрана больш за 50 гульняў і самаробных цацак. Ні адно свята ў Буда-Кашалёве не абыходзіцца без роставых лялек цэнтра. Кіруе гульнятэкай педагог-арганізатар Таццяна Ігараўна Кандрацьева. На абласных святах гульні і цацкі гульнятэкі займалі прызавыя месцы, а гульнявыя праграмы адзначаліся дыпломамі.
Усё наша жыццё — гульня, яшчэ раз пацвярджаюць удзельнікі лялечна-драматычнай студыі “Бусляня”. Акцёры студыі пакуль яшчэ самі невялікія — вучні 3—4 класаў, але гледачы ў іх яшчэ меншыя — дашкольнікі. Для іх сустрэча з лялечным тэатрам — велізарная радасць. Таму спектаклі нярэдка ладзяцца непасрэдна ў дзіцячым садзе — для гэтага выпадку ёсць пераносная шырма.
Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці — гэта яшчэ і інструктыўна-метадычны цэнтр для педагогаў дадатковай адукацыі, педагогаў-арганізатараў, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, дзе яны могуць атрымаць прафесійныя кансультацыі і метадычныя рэкамендацыі. Метадычная служба цэнтра лічыць адным з прыярытэтных кірункаў работу з дзіцячымі арганізацыямі і аб’яднаннямі. На базе цэнтра праходзіць вучоба піянерскага актыву, ладзяцца заняткі “Школы юнага лідара”, саветы старшакласнікаў раёна. Курыруе работу раённага савета старшакласнікаў метадыст Ірына Віктараўна Камарова.
Можна сказаць, што ўсе дзеці школьнага ўзросту Уваравіч займаюцца ў Цэнтры дзіцячай творчасці. І тут створаны сапраўды сталічныя ўмовы для таго, каб у кожным дзіцяці запаліць жаданне тварыць, развівацца, шукаць, адкрываць новае. За сваю паўвекавую дзейнасць цэнтр дапамог адкрыць і развіць таленты тысячам дзяўчынак і хлопчыкаў. Для адных гэта стала справай жыцця, для іншых — любімым хобі. Ва Уваравічах шмат устаноў адукацыі і культуры, якія, разумеючы, што займаюцца адной важнай справай — выхаваннем будучых грамадзян, узгадняюць свае дзеянні і супрацоўнічаюць. Усе яны знаходзяцца недалёка адно ад аднаго. Гэта Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў, агульнаадукацыйная школа, бібліятэка. Школа і цэнтр дзеляць адзін двор. Скончыліся вучэбныя заняткі — і вучні бягом у цэнтр.
— Мы арганізоўваем пазаўрочную дзейнасць не толькі вучняў Уваравіцкай сярэдняй школы, — расказвае дырэктар Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Барысаўна Зыблева. — Яшчэ 18 аб’яднанняў па інтарэсах працуюць на базе ўстаноў адукацыі раёна. Гэта адна з прыярытэтных задач — дапамагчы ўстановам адукацыі рэгіёна арганізаваць пазаўрочную занятасць і аказаць школьнікам дадатковыя адукацыйныя паслугі. У асноўным у гэтых аб’яднаннях працуюць супрацоўнікі нашага цэнтра, напрыклад, на базе Узоўскай, Гусявіцкай, Кастрычніцкай школ. У іншых установах мы бяром да сябе на работу ў якасці сумяшчальнікаў педагогаў з ліку тых, хто можа арганізаваць гэтую дзейнасць. Пры адкрыцці гурткоў пад увагу прымаецца і матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Напрыклад, у нас няма магчымасці арганізаваць гурткі камп’ютарнай тэхнікі, а ў школ такія магчымасці ёсць, і мы дапамагаем ім адкрыць гурток па інтарэсах тэхнічнага кірунку. Мы стараемся развівацца і не спыняцца на дасягнутым. Выязджаем у іншыя ўстановы адукацыі, праводзім акцыі “Цэнтр дзіцячай творчасці ў гасцях у… школы”, падчас якіх метадыст і культарганізатар праводзяць сваю работу з настаўнікамі, а педагогі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і харэаграфіі ладзяць майстар-класы з дзецьмі. Звычайна пасля такіх візітаў колькасць дзяцей, якія жадаюць запісацца ў гурткі па інтарэсах, узрастае ў шмат разоў. Летам мы яшчэ арганізоўваем лагер для дзяцей, дзе б яны маглі з карысцю і весела правесці час.
На першым паверсе цэнтра знаходзіцца стэнд, дзе размяшчаюцца дыпломы і граматы, атрыманыя выхаванцамі розных гурткоў і студый на шматлікіх конкурсах і выставах. І трэба адзначыць, што іх заўсёды такая вялікая колькасць, што доўга яны там не затрымліваюцца, іх хутка замяняюць новыя. Што стаіць за ўсімі гэтымі дасягненнямі, якія дэманструюць дзіцячую захопленасць і паспяховасць? Вядома, педагогі. Яны імкнуцца прадаставіць дзецям права выбару кірунку для развіцця, імкнуцца кожнага зацікавіць. Калі дзецям будзе нецікава, калі яны не будуць адчуваць сябе паспяховымі, то ніхто не прымусіць іх наведваць гурток, займацца творчасцю. Гэта ж не асноўная, а дадатковая адукацыя, тут нікога не прымусіш, тут ёсць толькі жаданне. Гэтае жаданне ствараюць педагогі. Вядома, самі яны з’яўляюцца носьбітамі талентаў, а таксама адказнымі і бескарыслівымі, шчодрымі і любячымі сваю зямлю і дзяцей людзьмі.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.