Навучыцца перамагаць

- 14:28Навіны рэгіёнаў

У ролі выкладчыка ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву выступіла Дар’я Домрачава.

Падчас сустрэчы з навапалачанамі ў красавіку мінулага года сваёй звышзадачай на наступны сезон біятланістка назвала вялікі хрустальны глобус. Задуманае ажыццявілася: выдатны прыклад таго, як талент, праца, цвярозы разлік і ўпартасць дапамагаюць дасягнуць найвышэйшых вынікаў! Хаця сама спартсменка сцвярджае, што ніколі і нічога не рабіла спецыяльна, каб стаць узорам для іншых. Адваротны бок папулярнасці — велізарная адказнасць.
— Калі мая дзейнасць дапамагае падрастаючаму пакаленню, неяк матывуе яго, я рада, — прызналася трохразовая алімпійская чэмпіёнка. — Хочацца, каб хлопцы і дзяўчаты ставілі вялікія мэты і дасягалі іх, працавалі над гэтым.
Прыклад Дар’і Домрачавай у некалькі разоў павялічыў колькасць прыхільнікаў біятлона ва ўсім свеце, прыцягнуў у секцыі страляючых лыжнікаў дзясяткі маладых беларусаў. Месца цяперашняй сустрэчы было выбрана невыпадкова: вучылішча ў Наваполацку па праве лічыцца адной з найлепшых біятлонных баз у краіне.
— У ліку экспанатаў нашага музея спартыўнай славы — залаты медаль Ганны Сола з чэмпіянату свету сярод юніёраў у Раўбічах, — расказала гасцям падчас экскурсіі па ўстанове кандыдат у майстры спорту па біятлоне Дар’я Кудаева. — Выпускніца без ваганняў аддала яго ў музейную экспазіцыю і паабяцала, што гэта толькі першая яе ўзнагарода такога ўзроўню, бо працяг абавязкова будзе.
Герой Беларусі падарыла музею сваю фатаграфію з этапа Кубка свету ў Хахфільцэне і пакінула памятны запіс у кнізе водзываў з пажаданнямі захоўваць традыцыі, рэалізоўваць патэнцыял і верыць у перамогу. Для падрыхтоўкі будучых пераможцаў у вучылішчы арганізаваны выдатныя ўмовы. Так, сучасная лыжаролерная траса дазваляе праводзіць трэніроўкі біятланістаў круглы год. А штучная 400-метровая снежная траса, дзе трэніруюцца навучэнцы, з’явілася ў лістападзе — з дапамогай знакамітай фінскай снежнай гарматы. Арандаваная навапалачанамі ўстаноўка “Snowgen-110” вырабляе снег пры тэмпературы навакольнага паветра да +20 градусаў!
Педагагічны калектыў вядзе мэтанакіраваны пошук таленавітай моладзі. Па словах дырэктара вучылішча Валерыя Гушчына, на базе ўстановы неўзабаве плануецца адкрыць Цэнтр маладзёжнага біятлона, куды штогод будуць запрашаць самых перспектыўных юных спартсменаў. Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі біятлона Анатоль Стромскі праінфармаваў аб унікальным беларускім спартыўным праекце, аналагаў якога няма ў сусветнай практыцы. На сёння ўжо сабрана эксперыментальная група біятланістаў-пачаткоўцаў, у якую пасля педагагічнага і медыцынскага тэсціравання ўвайшлі сем юнакоў і дзяўчат ад 12 да 17 гадоў. Для яе арганізаваны рэжым найбольшай спрыяльнасці. Кожны год у групу плануецца адбіраць не больш за 10 лепшых юных спартсменаў. Ідэя спадабалася і Дар’і Домрачавай. Аднак госця палічыла неабходным адразу ўдакладніць: трэба, каб праграма заняткаў дапамагала дзецям не толькі дабівацца высокіх спартыўных вынікаў, але і расці дастойнымі грамадзянамі, адукаванымі людзьмі.
Кульмінацыяй сустрэчы стаў майстар-клас ад зоркі біятлона. У трэнажорнай зале Дар’я паказала свае любімыя практыкаванні. Спартсменка прэзентавала і падарыла вучылішчу трэнажор “TRX”.
— Я рада падзяліцца сваімі ведамі. Спадзяюся, яны будуць карыснымі для вас, дапамогуць быць больш моцнымі на лыжні і на стрэльбішчы, — выказала пажаданне госця. — Для таго, хто хоча развівацца, у нашай рэспубліцы адкрыты ўсе магчымасці. Думаю, праз некаторы час мы ўбачым вас на экранах тэлевізараў і будзем радавацца вашым перамогам!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Вольгі КАЧАТКОВАЙ.