Навучыцца прэзентаваць свой вопыт

Майстар­-клас для педагогаў Гродзеншчыны правяла галоўны рэдактар навукова­-педагагічнага часопіса Святлана Мазурына.

 У рамках акцыі “Часопіс “Народная асвета” — у кожную школу Беларусі” рэдактар вядучага адукацыйнага выдання краіны ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі правяла майстар-клас “Інфармацыйная культура педагога: падрыхтоўка матэрыялаў для публікацыі ў навукова-метадычным часопісе”. Яго ўдзельнікамі сталі намеснікі дырэктараў па вучэбна-вытворчай, вучэбна-метадычнай рабоце, метадысты і педагогі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці.

— Такія майстар-класы арганізоўваюцца для педагогаў сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўсёй краіне, — расказала Святлана Мазурына. — Мы абмяркоўваем, як працаваць з інфармацыйнымі рэсурсамі газет і часопісаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, а таксама разбіраем алгарытм падрыхтоўкі публікацый.

У праграме майстар-класа — прэзентацыя часопіса, а таксама практычныя заняткі з педагогамі па падрыхтоўцы тэкстаў для публікацыі ў педагагічных СМІ. Педагогі маюць магчымасць навучыцца выкарыстоўваць інфармацыйна-метадычныя рэсурсы часопіса для павышэння ўзроўню сваёй прафесійнай кампетэнтнасці, абагульняць вопыт работы ўстановы адукацыі і педагога для адлюстравання ў педагагічных СМІ, эфектыўна прымяняць алгарытм падрыхтоўкі навукова-метадычнага артыкула.

Як напісаць матэрыял так, каб ён быў надрукаваны, з чаго пачынаць, як раскрыць тэму? На гэтыя пытанні, якія ўзнікаюць амаль у кожнага педагога, хто вырашыў прадставіць свой вопыт у рэспубліканскім друку, і адказала Святлана Уладзіміраўна. Таксама яна дала падрабязны, пакрокавы алгарытм падрыхтоўкі навуковаметадычнага артыкула.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы і майстаркласа падзяліўся намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Пётр Дуньчык:

— Атрыманыя веды я магу выкарыстаць не толькі ў напісанні артыкулаў, але і падчас падрыхтоўкі матэрыялаў, выступленняў. Алгарытм напісання такіх выступленняў, указанне на магчымыя памылкі — усё гэта дапаможа мне ў рабоце. Безумоўна, сустрэча была вельмі цікавая, пазнавальная, а атрыманыя веды знойдуць практычнае прымяненне. Спадабалася і прэзентацыя часопіса. Абавязкова арганізуем яго падпіску ў нашай установе адукацыі з максімальным выкарыстаннем надрукаваных артыкулаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.