Навучыўся сам — перадай іншаму

На такім прынцыпе была заснавана сустрэча школьнікаў з Жодзiна, Мiнска і Чэрвеня, якія займаюцца мультыплікацыяй і днямі збіраліся ў сталіцы, каб разабрацца ў пытаннях інтэрнэт-бяспекі. Галоўная мэта, якую ставілі перад сабой вучні, — навучыцца самастойна перадаваць атрыманыя веды аднагодкам і малодшым школьнікам.

Падчас сустрэчы ў навучэнцаў узнікла шмат пытанняў. Чаму нельга карыстацца лічбавым паролем кшталту 12345? Як алгарытм тыпу “Вясёлкавая сабака бяжыць па Мядзельскай вуліцы” дапаможа лёгка прыдумаць складаны пароль і, галоўнае, не забыць яго потым? Што рабіць, каб незнарок не спампаваць камп’ютарны вірус, і дзе ўвогуле яны водзяцца? Як не трапіць у пастку да віртуальных незнаёмцаў у сацсетках? Чаму нельга карміць сеткавых троляў і як распазнаць інтэрнэт-фэйк?

Сакрэтамі граматных паводзін у анлайне з цікаўнымі навучэнцамі дзялілася аўтар і кіраўнік сацыяльнага праекта “Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі” Вольга Корсун.

“Вельмі лёгка і прыемна навучаць падлеткаў, калі бачыш у іх вачах шчырую зацікаўленасць, — дзеліцца эмоцыямі аўтар бяспечнага праекта Вольга Корсун. — А пазітыўна рабочая атмасфера воркшопу толькі спрыяла прадуктыўнасці. Пасля насычаных чатырохгадзінных заняткаў было асабліва прыемна пачуць ад суразмоўцаў пытанні кшталту “Як да вас дадацца ў сябры?”, “Ці будзеце ездзіць з гэтай праграмай па рэгіёнах?”. Упэўнена, што гэта вельмі эфектыўны фармат, калі школьнікі-мультыплікатары навучаюць сваіх аднагодкаў атрыманым на такіх воркшопах ведам і навыкам”.

Сустрэчу цікаўных школьнікаў з аўтарам “Інтэрнэт-бяспекі дзяцей у Беларусі” арганізавала некамерцыйная арганізацыя “Офіс прасоўвання ініцыятыў” у межах асабістага праекта “Інфармацыйная дасведчанасць для моладзі”, мэта якога — навучыць маладых людзей граматна ўзаемадзейнічаць з інфармацыйнай прасторай і навучаць гэтаму аднагодкаў.

Наталля КОЦЕЛЕВА.