Навука — драйвер развіцця

Вы ведалі, што ёсць металічнае шкло? А вось асістэнт кафедры “Механіка” машынабудаўнічага факультэта Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Аляксандр Румцаў займаецца даследаваннем яго ўнікальных уласцівасцей. Выкладчык яшчэ сам падобны на студэнта, але сёння ён сярод тых маладых вучоных, каго ўрачыста ўшаноўвалі ў Гомельскім аблвыканкаме да Дня беларускай навукі.

Аляксандр гаворыць, што, пакуль вучыўся, актыўна ўдзельнічаў у розных конкурсах, у тым ліку прадстаўляў праект беспілотнага лятальнага апарата, які збіраўся з модуляў на конкурс “100 ідэй для Беларусі”:

— Сёння ўдзел у конкурсах і навуковых канферэнцыях — частка маёй работы і рэалізацыі як навукоўца. Мы даследуем матэрыял новага пакалення — металічнае шкло. Гэта металічны сплаў, які быў ахалоджаны на вялікай хуткасці, і яго структура не паспела крышталізавацца. Яно мае спецыфічныя ўласцівасці. Галіна прымянення — ваенная прамысловасць, прыборабудаванне. Каб пашырыць магчымасці прымянення новага матэрыялу, яго трэба максімальна даследаваць. Гэта вельмі цікава. Тым больш галоўны штуршок развіццю прамысловасці сёння даюць менавіта новыя матэрыялы. У нашай установе аказваецца істотная падтрымка маладым вучоным. Існуе савет маладых вучоных, і кіраўніцтва сур’ёзна падтрымлівае маладых. Таму перспектывы ў навукоўцаў вельмі добрыя.

Старшы выкладчык кафедры праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі транспартных аб’ектаў будаўнічага факультэта БелДУТа Таццяна Дуброўская толькі летась абараніла дысертацыю. Яна прысвечана павышэнню хуткасцей руху пасажырскіх цягнікоў на беларускай чыгунцы:

— Сёння гэта вельмі актуальная тэма. Дапамагаюць магчымасці геалакацыі… Цяпер у нашай краіне можна будаваць сучасныя высакахуткасныя дарогі. Між тым я пачынала займацца навукай яшчэ са студэнцкіх часоў, калі ўдзельнічала ў канферэнцыях, і потым навука стала глыбокім прафесійным інтарэсам. Цяпер сама працую са студэнтамі і магу сказаць, што расце добрая змена. Гэтаму дапамагае і кіраўніцтва нашага ўніверсітэта, якое заўсёды ідзе насустрач маладым вучоным.

Прэміяй Гомельскага аблвыканкама найбольш таленавітым маладым навукоўцам і спецыялістам узнагароджана і дэкан медыка-дыягнастычнага факультэта Гомельскага медуніверсітэта кандыдат медыцынскіх навук Ірына Назаранка. Яна адчувае гордасць за ўсю беларускую медыцынскую грамадскасць, прадстаўнікі якой у пандэмію працуюць у напружаным рэжыме:

— Усе выкладваюцца больш чым на 100%. Усе сілы кінуты, каб максімальна захаваць здароўе людзей. Як урач прамянёвай дыягностыкі, разумею, што наша дыягнастычная служба сутыкнулася ў пандэмію з велізарным патокам пацыентаў, якія ідуць у рэнтгенаўскія кабінеты — і на флюараграфічнае даследаванне лёгкіх, і на рэнтгенаўскую камп’ютарную тамаграфію. Цяпер мы ўводзім ультрагукавое даследаванне лёгкіх, якое бяспечна дапаможа паставіць пацыентам дыягназ міжтканкавых змяненняў у лёгкіх пры COVID-19. Эфектыўнасць гэтай методыкі высокая, яна зарэкамендавала сябе ва ўсім свеце, і на нашу службу ўскладаюцца вялікія надзеі.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Канюшка адзначае, што ў Гомельскай вобласці сёлета больш Br1,5 млн накіруюць на фінансаванне навуковых і вытворчых галіновых лабараторый:

— Падтрымка фундаментальнай і прыкладной навукі — адзін з вектараў работы выканаўчай улады. Летась мы прафінансавалі вы­творчыя галіновыя лабараторыі камбайнабудавання, металургіі. Са сродкаў інавацыйнага фонду Гомельскага аблвыканкама на галіновыя лабараторыі накіравана Br3 млн. Сёлета будзем фінансаваць лабараторыю Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта для вывучэння наступстваў і жыцця ў посткавідную эру — гэта амаль Br850 тысяч. Спадзяёмся, што нашы медыкі выдадуць рэкамендацыі, з якімі нам далей жыць.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Андрэй Канюшка падкрэс­ліў, што будучыня менавіта за навуковай думкай:

— Дзеячы навукі, масцітыя і маладыя, — наш нацыянальны рэсурс. Многія пытанні з іх дапамогай вырашаліся ў папярэднія гады, яшчэ больш можа быць вырашана ў хуткім часе. Навукова-тэхнічны прагрэс рухаецца сямімільнымі крокамі, і практычна кожны год з’яўляецца новы выклік.

Дарэчы, на сустрэчы штогадовыя прэміі Гомельскага аблвыканкама, ганаровыя граматы і падзякі ўручылі 21 навукоўцу рэгіёна. Словы віншаванняў лаўрэатам і ўзнагароды адрасавалі таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Кавалевіч.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.