Навука і мастацтва — для здароўя

Мэта № 3. Добрае здароўе і дабрабыт

Беларусь ужо прайшла этап пастаноўкі перад сабой Мэт устойлівага развіцця — да іх пара рухацца. Такога меркавання прытрымліваецца Ларыса Курасава, студэнтка 3 курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця. Выбраўшы сваёй мэтай “Добрае здароўе і дабрабыт”, яна робіць усё, каб мы ўсе разам яе дасягнулі.

Тэмай устойлівага развіцця Ларыса зацікавілася амаль 5 гадоў назад, калі вучылася ў старшых класах гімназіі № 2 Ваўкавыска. Тады, каб расказаць сваім равеснікам пра важнасць устойлівага падыходу, яна з сябрамі здымала для гімназічнага YouTube-канала асветніцкія ролікі па кожнай з 17 мэт.

Калі паступіла ва ўніверсітэт, звярнулася да мастацтва, але на гэты раз тэатральнага. У народным студэнцкім тэатры БДТУ “Колокол” разам з іншымі сябрамі-акцёрамі пачала агучваць праблемы сучаснасці на сцэне. Самым яркім “набатам” “Колокола” стаў спектакль “ЭкаПерформанс: беражы свой дом, сваю сям’ю”. Не пакінула студэн­тка і відэакамеру: разам са студэнтамі-акцёрамі зняла кліп па тэме экалогіі і ўстойлівага развіцця.

Не спыняе развіваць свае ідэі дзяўчына і па-за сценамі ўніверсітэта. Яна вучыцца на факультэце тэхналогій арганічных рэчываў па спецыяльнасці “Тэхналогія лекавых прэпаратаў”, таму распрацоўцы новых і больш дзейсных прэпаратаў удзяляе асаблівую ўвагу не толькі на занятках.

Так, мінулым летам яна прыняла ўдзел у праекце “Таленавіта” ад кампаніі NatiVita. Гэтая кампанія спецыялізуецца на вытворчасці лекаў супрацьракавых захворванняў. Ужо другі год запар кампанія сярод таленавітай студэнцкай моладзі з усёй краіны праводзіла адбор для ўдзелу ў сваім лагеры. Яго прайшла і Ларыса і ў межах маладзёжнага лагера, які ладзіўся ў адным з санаторыяў, 11 дзён развівала сваю тэму — тэму здароўя.

— Акрамя таго, што нам чыталі лекцыі лепшыя спецыялісты: дэканы, прафесары з розных універсітэтаў, а таксама навуковыя супрацоўнікі медыцынскіх цэнтраў і кампаній, мы стваралі і свае ўласныя праекты, кансультуючыся ў нашых лектараў, а напрыканцы прадстаўлялі іх членам журы, — гаворыць дзяўчына.

Так, разам з камандай Ларыса ў лагеры перамагла з праектам, дзе прадставіла ідэю сваёй распрацоўкі па стварэнні інавацыйнага супрацьракавага прэпарату. Узна­гарода таксама была “тэматычнай” — паездка на форум BiotechClub, які ў канцы мінулага года праходзіў у Маскве.

— Тая тэма, якую мы закранулі ў сваім праекце, у свеце зусім не вывучана. У яе аснове прыёны — бялкі, якія на сённяшні момант вядомы навуцы толькі як інфекцыйныя і выклікаюць невылечныя хваробы. Але ёсць прыёны, якія змяшчаюцца ў клетках іншых арганізмаў, якія выконва­юць, наадварот, лячэбныя функцыі. Толькі нядаўна амерыканскія вучоныя змаглі штучна іх сінтэзаваць. Мы хацелі б на аснове гэтых прыёнаў стварыць такі прэпарат, які б разбураў выключна ракавыя клеткі, а ўсяму арганізму не наносіў ніякай шкоды. Так можна было б лячыць дыфузны рак, неаперабельны і рак на апошняй стадыі. Стварэнне такога прэпарату — пытанне часу. Пакуль у мяне яго не так шмат, але як толькі я скончу ўніверсітэт і прыйду на прадпрыемства, то шчыльна займуся гэтай распрацоўкай, — дзеліцца Ларыса.

Яшчэ адзін буйны праект даследчыцы называецца “Здаровая моладзь — здаровая будучыня” і таксама грунтуецца на пошуку дзейсных лекаў. Гэтым разам Ларыса робіць стаўку на замену сінтэтычных медыцынскіх прэпаратаў аналагам на аснове экстрактаў мясцовых лекавых раслін:

— Гэта будзе даволі танны прэпарат для загойвання тканак, мяккі па сваім дзеянні, больш прымальны для пажылых людзей, бо не будзе мець сур’ёзных пабочных эфектаў. Акрамя таго, цяпер мы разам з аднагрупнікамі распрацоўваем і біядабаўку на аснове лекавых раслін, накіраваную на ўмацаванне імунітэту. Падобных прэпаратаў шмат, але, згодна з даследаваннямі, не ва ўсіх іх правільна спалучаюцца вітаміны і мінералы, многія з іх варта ўжываць толькі паасобку. Якраз на правільным спалучэнні мы робім акцэнт. А яшчэ на тым, што стварэннем гэтых прэпаратаў будзе займацца менавіта моладзь, якая і вырашае, куды будзе рухацца наша жыццё далей.

Пры гэтым Ларыса заклікае не давяраць сваё здароўе толькі таблеткам і БАДам:

— У першую чаргу трэба самому клапаціцца пра сваё здароўе: займацца спортам, правільна харчавацца. Менавіта правільна, а не абмежавана. Часта мае равеснікі, і асабліва дзяўчаты, начытаўшыся ў інтэрнэце сумніўных артыкулаў, пазбягаюць пэўных прадуктаў, баючыся за сваю фігуру і здароўе. Напрыклад  тых, якія ўтрымліваюць халестырын. У разумных нормах ён, наадварот, карысны для здароўя і не дае хутка старэць. Толькі шматбаковае і адказнае стаўленне да свайго здароўя прывядзе нас да адной агульнай мэты.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Ларысы Курасавай.