Навука міжнароднага ўзроўню

- 12:20Навука і інавацыі, Рознае

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка вядомы значнымі навуковымі дасягненнямі ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Аднак не менш адметны і той факт, што вучоныя БДПУ вядуць даследаванні ў іншых галінах навукі. Яны выводзяць новыя віды таматаў, вывучаюць магчымасць вырошчвання крэветак у Беларусі, распрацоўваюць эфектыўныя метады рацыянальнага выкарыстання, захавання і аднаўлення прыродна-тэрытарыяльных комплексаў, займаюцца праблемамі стварэння і практычнага выкарыстання новых матэрыялаў і г.д. Вынікі, атрыманыя вучонымі БДПУ, укараняюцца не толькі ў вучэбны працэс, але і ў народную гаспадарку.

У сёлетні план навукова-даследчых работ БДПУ ўключана 136 тэм з агульным аб’ёмам фінансавання больш за 5 млрд рублёў. Даследаванні вядуцца па 9 навуковых праграмах рознага ўзроўню (“Функцыянальныя і кампазіцыйныя матэрыялы, нанаматэрыялы”, “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы, прыродна-рэсурсны патэнцыял”, “Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава” і інш.).
Асаблівае месца ў тэматыцы даследаванняў вучоных БДПУ займаюць праекты, якія выконваюцца па заданнях Міністэрства адукацыі. Яны звязаны з развіццём нацыянальнай сістэмы адукацыі, вырашэннем сацыяльных праблем (напрыклад, адаптацыі выпускнікоў інтэрнатных устаноў у грамадства), прафілактыкай і пераадоленнем сацыяльнага сіроцтва, вырашэннем праблем навучання і інтэграцыі ў грамадства асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прафілактыкай дэвіянтных паводзін дзяцей і падлеткаў.
Па грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў вучоныя БДПУ ўдзельнічаюць у трох міжнародных праектах. У прыватнасці, можна назваць сумесны з Інстытутам геалагічных навук Свабоднага ўніверсітэта Берліна праект “Атрыманне і даследаванне крышталёў і тонкіх плёнак хайкакіта Cu4Fe5S8” (каардынатар з беларускага боку — дэкан фізічнага факультэта БДПУ В.Р.Собаль).
У БДПУ імя Максіма Танка ёсць вялікі навуковы зачын. Некаторыя вучоныя, працуючы ва ўніверсітэце шмат гадоў, падрыхтавалі цэлыя пакаленні даследчыкаў і стварылі навуковыя школы міжнароднага ўзроўню. Імёны Я.Л.Каламінскага, І.І.Цыркуна, В.М.Фаміна, В.Д.Старычонка, М.Г.Ясавеева і іншых вучоных БДПУ вядомы далёка за межамі нашай краіны.
Зараз у кіраўніцтва БДПУ ёсць намер вывесці ўніверсітэцкую навуку на яшчэ больш высокі ўзровень. Упершыню ў гісторыі ў сістэме бесперапыннай педагагічнай адукацыі ствараецца вучэбна-навукова-інавацыйны кластар. У яго склад увойдуць універсітэты краіны, якія забяспечваюць прафесійную падрыхтоўку педагагічных кадраў, установы дадатковай адукацыі, навуковыя і навукова-метадычныя ўстановы. БДПУ пры гэтым становіцца каардынатарам і арганізатарам сеткавага ўзаемадзеяння ўсіх падструктур кластара. Такая арганізацыйная форма дазволіць эфектыўна інтэграваць патэнцыялы адукацыі, навукі і педагагічнай практыкі, што павінна падняць педагагічную адукацыю і навуку на якасна новы ўзровень.

Галіна СІДАРОВІЧ.