Навука на Каляды

- 10:45Выбар прафесіі

У сталіцы праходзіць Калядны тыдзень навукі і інавацый. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі НАН Беларусі і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Яго мэта — папулярызацыя дасягненняў айчынных вучоных, а таксама прыцягненне навучэнцаў да навукова-даследчай дзейнасці.

Калядны тыдзень навукі і інавацый стартаваў учора ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і мола­дзі. У гэты дзень былі арганізаваны разнастайныя майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі: “Прафарыентацыя ў віртуальнай рэальнасці”, “Урокі фізікі ў дапоўненай рэальнасці”, “Ракета, якая працуе на вадзе”, “Стварэнне гоначнага аўто”, “Робататэхніка ў адукацыі”. З навукова-папулярнай лекцыяй “10 галоўных адкрыццяў біялогіі за апошнія 100 гадоў” выступіла старшыня Савета маладых вучоных Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Скорабагатава.

Акрамя таго, дзяцей сустракалі ў Аб’яднаным ін­стытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Ім была прапанавана экскурсія “Штучны інтэлект, біяінфарматыка, космас”. Юныя госці пабывалі ў суперкамп’ютарным цэнтры, наведалі OpenLab — лабараторыю робататэхнікі, лабараторыю распазнавання і сінтэзу маўлення, паслухалі навукова-папулярныя лекцыі: “Што такое біяінфарматыка?”, “Як структурныя біяінфарматыкі спрабуюць перасягнуць прыроду”, “Знайдзі лекі сам, або Machine learning is easy!”, “We do the other things, not because they are easy, but because they are hard (Космас)”. У гэты ж дзень адбылася экскурсія ў Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі. Старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення медыцынскіх навук Маргарыта Досіна прачытала дзецям навукова-папулярную лекцыю “Штучныя і натуральныя нейронныя сеткі: праблемы і перспектывы”.

Тэма сённяшняга дня — “Энергетыка. Аўтамабілі і электратранспарт”. Запланавана экскурсія дзяцей у Інстытут энергетыкі НАН Беларусі, дзе адбудуцца лекцыі: “Фізіка альтэрнатыўнай энергетыкі” і “Чаму не павінен здзіўляць ККД у 101%”. У Аб’яднаным інстытуце машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук таксама будуць экскурсія і лекцыі: “Інавацыі і інфармацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні”, “Электратранспарт — транспарт будучыні”.

У чацвер, 26 снежня, школьнікам раскажуць пра новыя матэрыялы, вырабы і тэхналогіі іх стварэння. Запланаваны візіт у Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі, дзе будуць і прадстаўнікі Інстытута хіміі новых матэрыялаў. Навукоўцы прачытаюць гасцям лекцыі: “Адытыўныя і 3D-тэхналогіі для атрымання інавацыйных матэрыялаў” і “Новыя матэрыялы для медыцыны і тэхнікі”.

Вынікі Каляднага тыдня навукі і інавацый падвядуць у пятніцу ў Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук. Дзеці сустрэнуцца з маладымі вучонымі і атры­маюць сертыфікаты ўдзельнікаў. Акрамя таго, яны змогуць наведаць музей гісторыі НАН Беларусі і пастаянную выставу акадэмічных распрацовак.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.