Навука навокал

Наш цудоўны батанічны сад зноў прырос навукай. У суботу тут ужо другі раз прайшоў навуковы фэст.

Арганізатарам II фестывалю навукі выступіў савет маладых вучоных НАН Беларусі. Мэта гэтага маштабнага навукова-папулярнага мерапрыемства — павысіць прэстыж навукі ў грамадстве, папулярызаваць дасягненні беларускіх і сусветных вучоных, прыцягнуць увагу дзяцей і моладзі да навукова-даследчай дзейнасці.

У мінулым верасні ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбыўся першы фестываль навукі, і тады яго наведала больш за 7 тысяч чалавек. Сёлета для маленькіх дзяцей і школьнікаў уваход зрабілі бясплатным, таму цяжка сказаць, колькі іх прыйшло на свята. Але, мяркуючы па тым, як ажылі прысады і паляны батанічнага саду (месцамі яны нагадвалі сапраўдны мурашнік), у гэтым годзе наведвальнікаў было не менш, а пэўна нават больш, чым летась.

На вялікай тэрыторыі пад адкрытым небам у батанічным садзе размясціліся дзясяткі тэматычных пляцовак, разлічаных на наведвальнікаў розных узростаў і інтэлектуальных запытаў. Дзейнічалі пляцоўкі з навукова-папулярнымі лекцыямі, маштабная навуковая выстава, забаўляльная зона з навуковымі шоу, майстар-класамі, інтэрактыўнымі гульнямі і віктарынамі. Кожны мог знайсці цікавыя для сябе актыўнасці і на працягу дня даведацца шмат новага, атрымаць сапраўдную ін­тэлектуальную асалоду.

— Наша мэта — паказаць грамадству, чым займаецца навука, зрабіць яе даступнай і прывабнай для людзей, — адзначыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. — Асабліва важна прыгажосць навукі паказаць дзецям. Калі з маленства захапіць іх даследаваннямі, то ў будучыні яны выберуць навуку сваёй дзейнасцю.

Думку кіраўніка падтрымаў галоўны вучоны сакратар НАН Бе­лару­сі старшыня савета маладых вучоных Андрэй Іванец.

— Мы павінны не толькі займацца навукай, але і думаць пра тое, хто заўтра будзе праца­ваць разам з намі, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Для вучоных вельмі важна, каб на фестываль прыйшлі і школьнікі, і студэнты, і дарослыя людзі, паглядзелі, чым займаецца сёння Нацыянальная акадэмія навук. Каб яны зразумелі, што мы працуем не закрыта ў лабараторыях, а на развіццё краіны і грамадства. Наведвальнікі фестывалю могуць атрымаць зарад уражанняў і задумацца пра тое, каб звязаць сваё жыццё з навукай.

Дарэчы, на фестывалі працавала вялікая група студэнтаў-валанцёраў.

— Яны пазнаёміліся з нашымі вучонымі, з дасягненнямі акадэмічных інстытутаў — і гэта таксама можа стаць штурш­ком для многіх з іх, каб прыйсці ў навуку, — заўважыў Андрэй Іванец.

Майстар-класы ад Нацыянальнай акадэміі навук

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіла свае распрацоўкі ў фармаце вялікай выставы, дзе можна было азнаёміцца з даследаваннямі вучоных у іх практычным увасабленні — ад шыкоўных гатункаў садавіны і агародніны да шматфункцыянальных беспілотных комплексаў. Асабліва цікава было наведаць майстар-класы ад Нацыя­нальнай акадэміі навук. Так, на стэн­дзе Інстытута эксперыментальнай батанікі гасцям дэманстравалі мікра­скапіраванне, аса­джэнне хларафілу, рэакцыі пераўтварэння розных рэчываў. Вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі паказвалі, як можна выдзеліць ДНК з дапамогай падручных сродкаў.

Увагу наведвальнікаў сталага ўзросту прыцягваў стэнд Інстытута фізіялогіі, дзе можна было праверыць здароўе. Напрыклад, выявіць насычэнне крыві кіслародам або зрабіць кардыяграму без падключэння электродаў. Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі прадставіў прыборную базу не толькі для вымярэння, але і для апра­цоўкі сігналаў мозга, што таксама выклікала вялікую зацікаўленасць з боку гасцей выставы.

Універсітэцкая пляцоўка

Сёлета для ўніверсітэтаў вылучылі асобную пляцоўку ў цэнтральным партэры батанічнага саду. У фестывалі прынялі ўдзел БДУ, БНТУ і БДТУ.

Студэнты разам з выкладчыкамі паказалі свае навуковыя распрацоўкі і прадставілі некаторыя перспектыўныя напрамкі навучання. Фізікі, хімікі, біёлагі з Белдзяржуніверсітэта традыцыйна дэманстравалі на сваіх стэндах эфектныя доследы, а таксама правялі некалькі навуковых шоу ў забаўляльнай зоне фестывалю. Студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ паказвалі гасцям макет універсітэцкага спадарожніка, які нядаўна быў запушчаны на арбіту. Нядзіўна, што адным з самых частых пытанняў, якое гучала на ўніверсітэцкай пляцоўцы, было: “Як да вас паступіць?”

Лекцыйная зона

Навукова-папулярныя лекцыі ў праграме фестывалю прадставілі вядомыя ў Мінску навукова-пазнавальныя праекты “Масаракш”, “Навука не ў сабе”, Eclab, TEDxLiceumBSU, “Трыбуна навукоўца” і інш. Выступленні ў рэжыме нон-стоп праходзілі на 4 лекцыйных пляцоўках, адна з якіх цалкам прысвячалася медыцынскай тэматыцы. Паводле фармату, лекцыі рыхтаваліся так, каб іх змест быў зразумелы і цікавы кожнаму слухачу, таму сярод прысутных можна было бачыць людзей розных узростаў.

Забаўляльная зона

Рай для дзяцей ад 0 да 99+! У забаўляльнай зоне, акрамя музеяў навукі “Квантум”, “Элемента”, “Эксперыментус” і праекта “Разумны Мінск”, якія распальвалі навуковы азарт юных наведвальнікаў фэсту ў мінулым годзе, сёлета з’явіліся новыя ўдзельнікі. Напрыклад, праект “Свет класікі”, накіраваны на папулярызацыю класічнай музыкі. Яго майстар-класы — “Фізіка музыкі” і “Дзіўныя факты пра ўстройства музычных інструментаў” — зацікавілі нават тых, хто ніколі не быў у філармоніі (цяпер яны дакладна скіру­юць свой погляд да музычных вытокаў).

На дзвюх сцэнах забаўляльнай зоны зноў жа ў рэжыме нон-стоп удзельнікі ладзілі майстар-класы і відовішчныя навуковыя шоу, а праект “Мазгабойня” правёў серыю віктарын. Міжнародная хімічная кампанія DOW на ўласнай пляцоўцы на працягу ўсяго дня праводзіла майстар-класы і дэманстрацыі захапляльных хімічных працэсаў.

Пляцоўку “Робаты і тэхналогіі” прадставілі вядучыя школы робататэхнікі, тэхналагічныя кампаніі і стартапы: Skinive, RobatzNetwork, WOEX, QUALI.ME і інш.

Замежныя госці

У мерапрыемстве прынялі ўдзел і замежныя госці. Так, Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0+ разгарнуў пляцоўку, прысвечаную 150-годдзю стварэння табліцы Мендзялеева. Таксама ў рамках фестывалю прайшоў першы інжынерна-акустычны Ореn Аіr “Гукі будоўлі”, арганізаваны Інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі (ІЦАЭ) пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна карпарацыі “Расатам”.

Праект “Гукі будоўлі” прадставіў пляцоўку будаўніцтва АЭС як працу зладжанага аркестра. Спецыяльна для гэтай праграмы быў створаны ўнікальны арт-аб’ект — музычная шкатулка “Вальс для цэнтрыфугі з аркестрам”. Кожны жадаючы мог прывесці механізм скрыначкі ў дзеянне і пачуць шумы і гукі работы розных механізмаў і сістэм АЭС, якія збіраюцца разам такім чынам, што ўсе наведвальнікі пляцоўкі чуюць знакаміты вальс Вагнера.

У цэлым на пляцоўцы гасцям было прапанавана больш за 10 актыўнасцей. Кожны мог праверыць свае веды ў ядзерных тэхналогіях, убачыць Тэсла-шоу, а таксама ў рэжыме нон-стоп паўдзельнічаць у інтэлектуальных і рухавых гульнях.

Наведваючы ІІ фестываль навукі ў Цэнтральным батанічным садзе, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі старшыня савета маладых вучоных Андрэй Іванец выказаў спадзяванне, што мерапрыемства стане штогадовым.

— І мы ўжо думаем пра тое, каб асобныя зоны фестывалю зрабіць мабільнымі, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Вядома, у такім фармаце і аб’ёме вывезці фестываль куды-небудзь у рэгіён складана — гэта аддаленая перспектыва. Але зрабіць перасоўныя тэматычныя лакацыі, каб і ў іншых раёнах Беларусі людзі маглі азнаёміцца з навуковымі дасягненнямі, магчыма. Зараз мы ўжо атрымалі запрашэнне ад расійскіх калег прадставіць нашу краіну на Усерасійскім фестывалі навукі і, вядома, скарыстаемся гэтай прапановай. Нам ёсць што паказаць і ёсць чым ганарыцца — і ў сябе дома, і за мяжой.

Фестываль у фестывалі

У рамках фестывалю навукі прайшла таксама выстава-форум “Зялёны турызм у Беларусі”. Госці батанічнага саду мелі магчымасць наведаць выставу эколага-турыстычнай скіраванасці, паказ відэафільмаў у фармаце кіназалы пад адкрытым небам, фотавыставу аўтарскіх работ, актыўную фотазону. Для дзяцей ладзіліся экалагічныя гульні. Спецыялісты абмеркавалі актуальныя праблемы і перспектывы развіцця зялёнага турызму на пасяджэнні ў фармаце адкрытага круглага стала.


Фестывальныя актыўнасці ў батанічным садзе працягваліся да самага вечара, і нават пад занавес мерапрыемства госці не хацелі разыходзіцца. Інтэлектуальны адпачынак прыйшоўся па душы і дзецям, і дарослым. Навука — разумная, глыбокая, але пры гэтым зразумелая, захапляльная — стала ім крыху бліжэй. Бо калі разабрацца, то навука — навокал! І здорава, што знайшлося так шмат апантаных вучоных, якія паказалі нам навакольны свет з новага, навуковага ракурсу.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.