Навука не памыляецца!

Трэці год у нашай краіне Беларуская федэрацыя біятлона сумесна з Міністэрствам адукацыі рэалізуе праграму вызначэння перспектыўных навучэнцаў 5—7 класаў для заняткаў біятлонам. У праект уключыліся амаль усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі краіны. У чым унікальнасць праграмы і як яна можа паўплываць на развіццё выніковага для нашай краіны віду спорту, мы даведаліся ў начальніка навукова-метадычнага аддзела Беларускай федэрацыі біятлона доктара біялагічных навук Ірыны Леанідаўны РЫБІНАЙ.

— Ірына Леанідаўна, чаму ўзнікла ідэя рэалізацыі праграмы падтрымкі здольных да біятлона дзяцей?

— Падрыхтоўка рэзерву — гэта праблема, якая тычыцца не толькі біятлона, але і іншых відаў спорту. І той падыход, які існаваў у савецкія часы, калі з масавага спорту трэнеры вылучалі спартсменаў высокага ўзроўню, не дае патрэбных вынікаў. Сёння з-за шэрага экалагічных фактараў чалавечыя рэсурсы абмежаваныя, найперш з-за агульнага стану здароўя насельніцтва. Акрамя гэтага, біятлон з прычыны яго складанасці не можа быць масавым спортам.

Канечне, мы імкнёмся развіваць масавы складнік, арганізоўваючы шэраг спаборніцтваў. Сярод іх — “Снежны снайпер” для дзяцей, якія прафесійна не займаюцца біятлонам, а таксама летні кубак Беларускай федэрацыі біятлона для навучэнцаў спецыялізаваных спартыўных школ.

— Чый вопыт быў узяты за аснову?

— Прааналізаваўшы вопыт нашых замежных калег, мы вырашылі рэалізаваць навуковы падыход да адбору здольных да біятлона падлеткаў. Падобная сістэма паспяхова працавала ў ГДР, у якой быў каласальны поспех у многіх відах спорту. У пэўным узросце спецыялісты ажыццяўлялі вымярэнні розных функцыянальных, фізіялагічных і антрапаметрычных параметраў, даследавалі генетычныя і спадчынныя асаблівасці падлеткаў і рабілі прафілізацыю: рэкамендавалі заняткі пэўным відам спорту, мастацтва ці інтэлектуальнай дзейнасці.

Сістэма тэсціравання і адбору, якую мы зараз выкарыстоўваем, — распрацоўка навукова-метадычнага аддзела нашай федэрацыі. Наша задача больш вузкая — адбор менавіта ў наш від спорту, але адначасова мы можам вырашаць і іншыя задачы для сваіх калег. Таму наш праект можа стаць прататыпам для іншых аналагічных праграм і асновай для нацыянальнага цэнтра адбору.

— Якія функцыянальныя паказчыкі важныя для біятлона і як арганізавана іх вымярэнне?

— Найперш трэба было вырашыць, якія паказчыкі мы можам вымераць у падлеткаў у 11—12-гадовым узросце і як гэтыя вымярэнні будуць карэліраваць з далейшымі поспехамі. Так мы сфарміравалі пэўную праграму даследаванняў, якая ўключае вызначэнне ў дзяцей функцыянальных паказчыкаў: узроўню максімальнага спажывання кіслароду, паказчыкаў вентыляцыі лёгкіх і інш. — тых функцый арганізма, якія могуць паўплываць на паспяховасць у спорце ці абмяжоўваць прагрэс.

Вядома, што топавыя біятланісты і лыжнікі маюць максімальнае спажыванне кіслароду — больш 80 мл/кг/мін. І калі ў працэсе трэніровак гэты паказчык можна развіць на 10—15 мл/кг/мін, то зразумела, што мы павінны адабраць падлетка, у якога гэты паказчык найбольш высокі.

Таксама вельмі важным складнікам поспеху ў біятлоне з’яўляюцца каардынацыйныя здольнасці. Але гэты паказчык можна эфектыўна ўдасканаліць толькі да 14 гадоў — у 16—17 гадоў гэта зрабіць вельмі складана. У нас ёсць прыклад, калі мы знайшлі 18-гадовага хлопца з выдатным МСК, які пераўзыходзіў паказчыкі амаль усёй нашай каманды, але развіць яго каардынацыйныя магчымасці было немагчыма: на дыстанцыі ён абганяў усіх, але на агнявым рубяжы страляў амаль безвынікова.

Па звестках Міністэрства адукацыі, у праграме ўзялі ўдзел 99% навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. “Сёння існуе шмат праектаў спартыўнага кірунку, якія рэалізоўваюцца з рознымі спартыўнымі структурамі, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак. — Але на сёння Беларуская федэрацыя біятлона — адзіная спартыўная структура, якая ініцыіравала менавіта навуковую праграму адбору здольных да спорту дзяцей. І задача Міністэрства адукацыі — дапамагчы федэрацыі праінфармаваць настаўнікаў і арганізаваць паступленне звестак на сервер. Сёння гэтая ідэя зацікавіла іншыя спартыўныя федэрацыі і клубы”.

— Як ажыццяўляюцца патрэбныя функцыянальныя вымярэнні ў рэгіёнах? Як адбываецца працэдура першаснага адбору кандыдатаў?

— Пры дапамозе спонсараў мы абсталявалі спецыяльны аўтобус, на якім за два гады ўжо аб’ехалі амаль усе раёны Беларусі. На нашым абсталяванні мы тэсціруем 12—14 дзяцей з кожнага раёна: праводзім тэст з маскай на велаэргаметры, каардынацыйны тэст, псіхалагічнае анкетаванне. Тых, хто паказаў найлепшыя вынікі, запрашаем у Наваполацк і праводзім больш глыбокія даследаванні.

Але самым важным для нас было арганізаваць першы этап адбору. Патрэбны былі скрынінгавыя тэсты, па якіх мы маглі б выдзеліць групу для далейшага тэсціравання. Спачатку мы звярталіся ва ўпраўленні і аддзелы адукацыі. Яны дасылалі нам спісы тых, хто паспяхова ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах, але важна было ўлічваць роста-вагавыя паказчыкі, бо з гэтай прычыны падлеткі рэтардантнага тыпу развіцця (з запаволеным развіццём) заставаліся ў цені. Па нямецкіх даследаваннях, менавіта такія дзеці потым мелі большы прагрэс у вялікім спорце.

Але потым узнікла ідэя выкарыстаць звесткі, якія школьныя настаўнікі штогод запісваюць у школьныя журналы па выніках уваходных гадавых тэстаў па фізічнай культуры. У гэтым нам вельмі дапамагло Міністэрства адукацыі, якое нас пачула. Без яго дапамогі мы б нічога зрабіць не змаглі.

Каб дадаткова не загружаць настаўнікаў, мы выкарыстоўваем звесткі толькі “штатных” тэстаў, якія прадугледжаны праграмай. Зразумела, што для больш шырокага выкарыстання гэтых звестак можа спатрэбіцца дадатковая інфармацыя, але гэта пакуль што не разглядаецца. Нават сёння многія спартыўныя федэрацыі звяртаюцца да нас па звесткі. Мы ім ахвотна дапамагаем. Напрыклад, лёгкую атлетыку цікавілі навучэнцы, якія добра кідаюць мяч, а федэрацыю веславання цікавілі рослыя падлеткі.

Самым складаным было папрасіць настаўнікаў уносіць на наш спецыяльна створаны сервер звесткі пра дасягненні дзяцей. Гэта робіцца адзін раз у год — у верасні. І мы выказваем шчырую падзяку кіраўніцтву ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі за разуменне і падтрымку, а ўсім настаўнікам, якія адгукнуліся на нашу просьбу, — за іх уклад у развіццё нацыянальнага біятлона.

Мы збіраем звесткі толькі пра дзяцей, якія маюць першую групу здароўя і не маюць праблем па зроку. Пры гэтым пры аналізе разглядаем усе вынікі з улікам роста-вагавога паказчыка.

У мінулым годзе ў нашу базу былі ўнесены звесткі аб 70 тысячах навучэнцаў 5—7 класаў. Тэсціраванне на нашым аўтобусе прайшлі 786 чалавек — крыху больш за 1%. А ў Наваполацк на далейшае абследаванне запрасілі 45 школьнікаў, з якіх выбралі 7 чалавек. Па розных прычынах засталося пяцёра, якія зараз з’яўляюцца навучэнцамі эксперыментальнай групы Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

— Атрымліваецца, адзін з 10 тысяч. А астатнія?

— Ні адзін з тых 45 чалавек, якія не падышлі для эксперыментальнай групы, не застаўся па-за ўвагай. Яны размеркаваны ў іншыя спартыўныя ўстановы, якія спецыялізуюцца на падрыхтоўцы біятланістаў.

Некалькі чалавек вучыцца ў Чавускай абласной сярэдняй школе са спартыўнымі класамі, якая славіцца сваёй біятлоннай школай. Па дамоўленасці федэрацыі з абласным кіраўнітвам, ва ўстанове адукацыі выдзелены 5 месцаў для юных спартсменаў з іншых абласцей Беларусі.

Першыя сотні лепшых з нашага тэсціравання другога этапу таксама засталіся ў спорце — імі зацікавіліся рэгіянальныя спартыўныя школы. Так што наша работа не засталася без увагі.

Аб’ём максімальнага спажывання кіслароду (МСК) у нетрэніраванага маладога мужчыны складае каля 45 мл/ кг/мін, у жанчыны — 38 мл/кг/мін. У лыжніка Б’ёрна Дэлі ён складае 96 мл/кг/мін.

— Але, відаць, мала паступіць? Трэба паказаць вынікі?

— Так. З навучэнцамі ці іх законнымі прадстаўнікамі заключаецца кантракт на год. За гэты час мы глядзім дынаміку трэніраванасці і прырост вынікаў, якія павінны быць за кошт раскрыцця натуральных уласцівасцей, а не за кошт фарсіравання. Нагрузкі, якія даюцца спартсмену, павінны выконвацца лёгка, а не на апошнім дыханні.

Здараецца, што ў навучэнца ўзнікаюць невялікія праблемы са здароўем і ён выбывае з эксперыментальнай групы, бо ў нас вельмі высокія патрабаванні да фізічнага стану навучэнцаў. У такім выпадку гэтае дзіця можа працягваць навучанне ў звычайнай групе вучылішча па біятлоне.

— Ведаю, што для настаўнікаў, навучэнцы якіх паступілі ў эксперыментальную групу, прадугледжана ўзнагарода.

— Гэта сапраўды так. У адпаведнасці з палажэннем, кожнаму педагогу прадмета “Фізічная культура і здароўе”, які падрыхтаваў навучэнца да залічэння ў Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, Беларуская федэрацыя біятлона выплачвае ўзнагароджанне ў памеры 2 тысяч беларускіх рублёў. Уручэнне сертыфікатаў адбываецца ў маі наступнага года ва ўрачыстай атмасферы.

У нашым праекце ключавой фігурай з’яўляецца школьны настаўнік фізкультуры, які ўнёс патрэбныя звесткі на наш сервер. І тут не мае значэння, дзе і чым дзіця займаецца зараз ці займалася да гэтага часу. Акрамя гэтага, у картцы спартсмена гэты настаўнік фізкультуры будзе пазначаны першым трэнерам.

Мы шукаем сабе саюзнікаў і зацікаўлены ў тым, каб менавіта школьныя настаўнікі фізкультуры працягвалі працаваць у нашым праекце.

— Наколькі эфектыўным, на вашу думку, з’яўляецца такая схема адбору здольных да біятлона падлеткаў?

— Гэтая праграма эксперыментальная, і вынік яе будзе або добры, або вельмі добры. Існуючыя праграмы працягваюцца, а новы падыход даў нам магчымасць знайсці дзяцей нават у далёкіх вёсках, якія, магчыма, нават не ведалі, што такое біятлон. Акрамя таго, вясковыя дзеці адрозніваюцца больш моцным здароўем, чым гарадскія, бо прызвычаены да фізічных нагрузак. Многія з іх неверагодна матываваныя, бо гэты крок можа вызначыць усё іх далейшае жыццё.

— Калі можна чакаць першых вынікаў ад рэалізацыі вашай навуковай праграмы?

— Спадзяюся, што гадоў праз пяць нашы навучэнцы ўжо будуць паказваць добрыя вынікі на спаборніцтвах высокага ўзроўню. Але гэта магчыма пры захаванні пераемнасці і наяўнасці высокакваліфікаваных трэнераў, таму мы працуем і з трэнерскімі кадрамі: рэалізоўваем праграму навуковага суправаджэння трэнераў, каб яны таксама маглі працаваць у гэтым напрамку.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Беларускай федэрацыі біятлона.